Міністэрства здароўя Беларусі абвясьціла 16 сакавіка абноўленыя зьвесткі пра колькасьць пацыентаў з пацьверджаным новым каранавірусам.
Цяпер у 36 людзей пацьверджаная наяўнасьць COVID-19. Яшчэ ў канцы мінулага тыдня паведамлялася пра 27 выпадкаў і трох пацыентаў, выпісаных здаровымі.
Паводле Мінздароўя, вынікі тэстаў паказалі COVID-19 у пяці студэнтаў БДУ (але клінічных праяваў хваробы ў іх няма) і чатырох грамадзянаў Беларусі, якія прыбылі з Амстэрдаму, Масквы і Мюнхэна (іх ізалявалі ў момант вяртаньня з-за мяжы).
Ужо выпісалі трох пацыентаў, у якіх раней знаходзілі новы каранавірус, а яшчэ тры «рыхтуюцца да выпіскі».
Яшчэ восем маюць «мінімальныя прыкметы інфэкцыйнага працэсу», яшчэ адзін «у стане сярэдняй цяжкасьці са станоўчай дынамікай», астатнія «ня маюць прыкметаў інфэкцыйнага працэсу».
На кантролі 2583 чалавекі — усе яны ня маюць прыкметаў інфэкцыі. Пад мэдыцынскі і эпідэміялягічны кантроль яны трапілі пры выяўленьні патэнцыйных носьбітаў вірусу і «кантактных асобаў».
З пачатку лютага спэцыялісты правялі звыш 16 тысяч тэстаў на COVID-19, у тым ліку за апошнія суткі 900, яшчэ 200 тэстаў «знаходзяцца ў рабоце», піша Мінздароўя.
«Разьмяшчэньне замежных студэнтаў з краінаў пад пагрозай каранавірусу ў кантакт-цэнтры сябе апраўдала, — дадае Мінздароўя. — На сёньняшні дзень у Менскім абласным цэнтры мэдыцынскай рэабілітацыі „Загорʼе“ знаходзяцца 128 чалавек, у аздараўленчым комплексе БДУ „Брыгантына“ — 153, вольных месцаў цалкам дастаткова для завяршэньня гэтага тыпу абмежавальных захадаў».
Тым часам усе суседзі Беларусі закрываюць межы: Расея абвясьціла пра такое рашэньне 16 сакавіка (а беларускія дыпляматы абяцаюць даць тлумачэньні), астатнія ўжо закрылі межы зь Беларусьсю.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>