Лінкі ўнівэрсальнага доступу

IT-краіна і карантын


Ілюстрацыйнае фота

Ці магчыма сёньня закрыць беларускія школы на карантын і наладзіць масавае дыстанцыйнае навучаньне? Баюся, што — не.

УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

Нягледзячы на гучны статус IT-краіны, нягледзячы на тое, што самым сьмелым рэфарматарам нашай адукацыі на сёньня выступае ПВТ, нягледзячы на сотні сэмінараў, адкрытых урокаў, лекцый для настаўнікаў наконт інфарматызацыі і лічбавізацыі навучаньня — наўрад ці хаця б адна школа ў Беларусі здольная забясьпечыць якаснае дыстанцыйнае навучаньне для дзяцей.

Па-першае, не існуе нават уяўленьня пра тое, як гэта робіцца ў школе. Па-другое, настаўнікі ў большасьці сваёй ня тое што не валодаюць сучаснымі (бясплатнымі!) адукацыйнымі плятформамі для вэб-навучаньня, яны нават ня ведаюць пра іх існаваньне. Па-трэцяе, не існуе ніякіх агульнавядомых і агульнадаступных мэтадычных распрацовак па выкарыстаньні такіх плятформ.

Ды што там! Ня ў кожнай школе ёсьць інтэрнэт. Ня ў кожнага настаўніка ў кабінэце альбо дома ёсьць пэрсанальны кампутар. Далёка ня ў кожнага вучня ён ёсьць. І я вам яшчэ што скажу: адсутнасьць грошай на тэлефоне настаўнікаў і вучняў і немагчымасьць неадкладна папоўніць балянс — гэта таксама наша рэчаіснасьць, асабліва ў мястэчках.

А ўжо калі я пачынаю сабе ўяўляць, як наша сыстэма, звар’яцелая на татальным кантролі і бясконцай справаздачнасьці зь любой нагоды пачне кантраляваць працэс дыстанцыйнага навучаньня... О! Гэта будзе навала пастрашней каранавірусу.

Між тым мне бачыцца вялікая і безумоўная карысьць у тым, каб спыніць вочныя заняткі ў школах. Няхай сабе дзеці, дзякуй богу, не зьяўляюцца групай рызыкі па каранавірусе, але ж яны яго пасьпяхова пераносяць — сваім дарослым, настаўнікам, пасажырам у мэтро і аўтобусах. Няхай бы пасядзелі дома.

А каб яны там не сумавалі, я б кожнага нагрузіла кніжкамі. Дыстанцыйнае навучаньне, як я яго сабе ўяўляю, выглядала б так. Няхай бы ў межах дыстанцыйнага вывучэньня матэматыкі яны б чыталі жыцьцяпісы выбітных вучоных.

У межах дыстанцыйнага вывучэньня геаграфіі — «Рабінзона Круза» і кнігі Жака Іва Кусто, Янку Маўра і караткевічаву «Чазенію». Па біялёгіі — Джэральда Дарэла і Джэймса Хэрыата. Па астраноміі — ну хаця б біяграфію Гагарына (мая віна, ня ведаю папулярных кніжак па астраноміі, з задавальненьнем пачытала б!). У межах фізычнай самаадукацыі — Стывена Хокінга. А ўжо мы, выкладчыкі літаратуры, і наогул маглі б скласьці неверагодныя сьпісы! Для кожнага — свой, з улікам цікавасьцяў і захапленьняў.

І няхай сядзяць дома, чытаюць кнігі. А кожны вечар — дасылаюць адно агульнае эсэ: што прачытаў за сёньня, якія пытаньні ўзьніклі, што спадабалася, што раззлавала. Эх, я б папрацавала з дзецьмі па такой праграме! Няхай бы нарэшце яны набраліся сапраўдных ведаў, выкладзеных прамяніста і горача, людзьмі, захопленымі сваёй справай і сваімі ведамі, няхай бы падвучыліся кожны вечар падводзіць вынікі свайго самаадукацыйнага дня.

Можа, нарэшце б за такі плённы каратын яны зразумелі б, што не настаўнік з пугай і не дырэктар з бізуном адказныя за іх адукацыю, а толькі і выключна — яны самі. Няхай бы яны даведаліся нарэшце, што ў сьвеце існуюць кнігі — і ня толькі тыя, што прапісаныя ў школьнай праграме. Няхай бы і бацькоў сваіх падвучылі: мам! пап! А ты ведаеш, хто такі Кусто? А «Каліпса»? яе ведаеш? Дык слухай, я табе раскажу!

Любой IT-краіне трэба спачатку навучыцца чытаць кніжкі.

Я б неадкладна пасадзіла б усіх на такі карантын.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG