Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міністэрства адукацыі не кіруе адукацыяй». Яўгенія Пастарнак агучыла 6 неабходных зьменаў


Пісьменьніца Яўгенія Пастарнак, фота зь яе старонкі ў Фэйсбуку.
Пісьменьніца Яўгенія Пастарнак, фота зь яе старонкі ў Фэйсбуку.

Чаму загад аб скасаваньні іспытаў у гімназіі непазьбежна прыводзіць да карупцыі? Чаму трэба дазволіць прыватныя школы і хатнюю адукацыю? Як стасуецца з заявамі пра IT-краіну прымусовая падпіска на папяровыя выданьні? Пра гэта ды іншае гутарым зь пісьменьніцай Яўгеніяй Пастарнак.

«Што бы яны не рабілі, усё роўна атрымліваецца карупцыя»

— Яўгенія, нядаўна вы падпісалі пэтыцыю з патрабаваньнем адправіць у адстаўку міністра адукацыі і адначасна лідэра камуністычнай партыі Беларусі Ігара Карпенкі. У пэтыцыі пералічваюцца асноўныя прычыны для адстаўкі — адмена ўступных іспытаў у гімназіі, што выклікала ажыятаж, спэкуляцыі і карупцыю, ігнараваньне праблемы беларускамоўнай адукацыі і невыкананьне Беларусьсю абавязаньняў у рамках Балёнскага працэсу. Вы — пасьлядоўны і абгрунтаваны крытык сыстэмы адукацыі. Давайце па пунктах паспрабуем вызначыць, што цяпер зьяўляецца найвялікшай праблемай ці праблемамі ў адукацыі?

— Я бы ў гэтую пэтыцыю шмат чаго дадала. Я яе не пісала, а проста падпісала. Усё вышэй пералічанае — сьледзтва, а не праблема. Я лічу, што самая вялікая праблема — катастрафічна нізкая кваліфікацыя кіраўнічых і адпаведна правяраючых органаў. Гэта на мяжы прафэсійнай непрыдатнасьці. Справа ня ў тым, што яны скасавалі ўступныя іспыты, справа ў тым, як яны гэта зрабілі. Адна справа скасаваць, а другая справа ў тым, што трэба было прапісаць пэўныя мэханізмы. Праблемы, якія цяпер адбываюцца ў гімназіях, палягаюць у тым, што сыстэма залічэньня стала настолькі непразрыстай, што бедныя дырэктары гімназій ня ведаюць, што рабіць. Іх кожнага можна звальняць, таму што ўказаньні настолькі супярэчлівыя, і па вялікім рахунку іх няма, што ім незразумела, што рабіць.

Але міністэрства ня ў стане зрабіць нічога, ня ў стане ўзяць на сябе адказнасьць за тое, што само зрабіла.

Гімназія стаіць перад выбарам. Напрыклад, набрана восем чацьвёртых клясаў, якія абавязаныя перавесьці ў пятыя клясы. Дырэктар гімназіі абавязаны гэта зрабіць, таму што так сказаў міністар. Усе, хто вучацца ў гімназіях, павінны быць пераведзеныя. А з другога боку на яго спускаюць «указіўку» набраць толькі шэсьць пятых клясаў з пэўнай колькасьцю вучняў. З аднаго боку яны павінны ўзяць усіх паводле прапіскі, а з другога боку людзей, які паводле прапіскі адносяцца да гімназіі, аказваецца на 50 чалавек больш чым норма, якую ім спусьцілі.

Гімназія №36 імя Івана Мележа ў Гомелі.
Гімназія №36 імя Івана Мележа ў Гомелі.

Атрымліваецца, што бы яны не рабілі, усё роўна атрымліваецца карупцыя, таму што камусьці яны будуць вымушаныя адмовіць. А гэтага можна было пазьбегнуць. Калі вы ўжо касуеце іспыты, то хаця б прапішыце мэханізмы, вазьміце на сябе адказнасьць за тое рашэньне, якое вы на сябе прынялі. Але міністэрства ня ў стане зрабіць нічога, ня ў стане ўзяць на сябе адказнасьць за тое, што само зрабіла.

Яўгенія Пастарнак: «Закрываць гімназіі — гэта калясальная дурасьць»

«Яны могуць скасоўваць і развальваць з дапамогай указу прэзыдэнта, а стварыць нічога ня могуць»

— Давайце абазначым іншыя найбольш важныя праблемы ў адукацыі акрамя некампэтэнтнасьці кіраўніцтва, пра якое вы сказалі.

— Наступная праблема палягае ў тым, міністэрства адукацыі не кіруе адукацыяй. Каб скасаваць іспыты, спатрэбіўся ўказ прэзыдэнта. Што бы міністэрства не рабіла, само яно ня можа зрабіць нічога. Яны могуць скасоўваць і развальваць з дапамогай указу прэзыдэнта, а стварыць яны нічога ня могуць. Нават калі яны спрабавалі зрабіць нешта добрае летась (рашэньне пра тое, што настаўнік павінен запаўняць толькі чатыры дакумэнты), гэта ўвогуле ніяк не адбілася на настаўніках.

Жахлівы псыхалягічны стан настаўнікаў — яны выгарэўшыя, стомленыя, зацюканыя, ня ў стане сказаць «не» нічому.

Міністэрства неаднаразова заяўляла, што не існуе абавязковай падпіскі, што час пачатку заняткаў можна ўзгадняць з бацькамі. І што? Іх рашэньні ніяк не пераносяцца ў рэальны сьвет. Другі пункт — міністэрства проста ніяк не ўплывае на тое, што адбываецца ў школах. Раённыя ўпраўленьні адукацыі проста блякуюць іх рашэньні і робяць усё так, як лічаць патрэбным. Таму лягічнай з гэтага вынікае трэцяя прычына

Адна з самых глябальных праблем нашай адукацыі — гэта двайное падпарадкаваньне школ. Школы фармальна падпарадкоўваюцца міністэрству адукацыі, але насамрэч яны рэальна падпарадкоўваюцца раённым упраўленьням адукацыі, кіруюць працэсам адукацыі менавіта яны. А далей пачынаецца жахлівы псыхалягічны стан настаўнікаў — яны выгарэўшыя, стомленыя, зацюканыя, ня ў стане сказаць «не» нічому. Тое, што яны мала зарабляюць, гэта прычына таго, што яны стамляюцца, бо вымушаныя «цягнуць» 2-3 стаўкі. Па вялікім рахунку яны працуюць у нечалавечых умовах. Настаўнік пачатковай школы ня можа працаваць у дзьве зьмены, гэта немагчыма, а яны працуюць.

Чаму дзеці і вернікі сталі праблемай для Міністэрства адукацыі

І далей дрэнныя падручнікі, састарэлыя праграмы, адсутнасьць варыятыўнасьці ў праграмах, дрэнная матэрыяльная база школ. Гэта ўсё ёсьць і дрэнна, але да таго часу, пакуль існуе тое самае двайное падпарадкаваньне школ, пакуль кіроўныя кадры некампэтэнтныя, гэта ўсё ня зьменіцца. Трэба пачынаць зьверху.

— Калі бы вы былі міністрам адукацыі, чалавекам, які прымае рашэньні, якія б рэформы ў адукацыі вы правялі б найперш?

— Пералічу асноўнае.

  • 1. Прыбраць двайное падпарадкаваньне, раённыя аддзелы адукацыі ліквідаваць. З гэтага пачыналася рэформа ў Фінляндыі. Прыбраць усе правяраючыя органы. У нашай сытуацыі гэта вельмі важна, таму што праверкі «зацюкваюць» школы да абсалютнай немагчымасьці працаваць.
  • 2. Даць свабоду дырэктарам. Калі вы ўжо зрабілі яго дырэктарам школы, дайце яму магчымасьць працаваць. Хай ён сам выбірае, якія профільныя клясы, якія праграмы, каб была магчымасьць вар’іраваць, уключна з тым, каб замаўляць абеды там, дзе ён лічыць патрэбным, а не ў тым месцы, дзе загадалі зьверху. Часта ёсьць іншыя варыянты, ня толькі наш «общепит».
  • 3. Даць свабоду настаўнікам. Калі настаўнік працуе, калі ён настаўнік вышэйшай ці першай катэгорыі, дайце яму магчымасьць выбіраць праграмы, варʼіраваць узровень падрыхтоўкі ў клясе. Дайце яму магчымасьць працаваць і не перашкаджайце.
  • 4. Не правяраць. Я бы максымальна дазволіла працу розным прыватным школаў і дазволіла бы хатнюю адукацыю. Любыя варыянты. Бацькам трэба навучыцца адказваць за выбар спосабу адукацыі сваіх дзяцей. За адукацыю павінна адказваць ня школа, а бацькі. Трэба даць бацькам вырашаць, у якую школу хадзіць, ці вучыцца дзецям дома, ці займацца балетам, ці граць у футбол. Гэта выбар бацькоў, а ніяк не школы. Калі вучань прагульвае школу, гэта праблемы бацькоў, а не школы. Гэта дзікая сытуацыі, калі настаўнік адказвае за тое, калі нешта здараецца з вучнем. Да паўналецьця за дзяцей нясуць адказнасьць бацькі.
  • 5. Трэба пакінуць ЦТ, пакінуць іспыт пасьля 9 клясы як адзіны дзяржаўны іспыт. Тут дзяржава павінна жорстка кантраляваць, каб не было ніякай карупцыі, ніякай магчымасьці здаваць левымі спосабамі і за грошы. Абсалютна няважна, вучыліся дзеці 9 ці 11 гадоў, у іх павінна быць магчымасьць прыйсьці і здаць гэты іспыт у любым узросьце, экстэрнам ці не экстэрнам. Прыйшоў, здаў іспыт і атрымаў атэстат.
  • 6. Вельмі важна на нейкія пяць гадоў увесьці мараторый на астатнія зьмены і паглядзець, як працуюць дырэктары і настаўнікі. У нас вельмі шмат разумных людзей, трэба, каб яны думалі, складалі праграмы, пісалі падручнікі. Трэба запрашаць спэцыялістаў, кансультавацца з дырэктарамі і настаўнікамі. І гадоў за пяць пры свабоднай працы дырэктараў школ у нас бы зьявілася нейкая свая сыстэма адукацыі. Мы бы пабачылі, што ідзе, а што не ідзе, што працуе, а што не працуе, якія праграмы добрыя, а якія не. Немагчыма перацягнуць да нас фінскую сыстэму адукацыі, яна тут працаваць ня зможа. Трэба ўсім разам прыдумваць нешта такое, што працуе тут.
  • Яўгенія Пастарнак пра 5 праблем беларускай адукацыі, якія трэба вырашаць неадкладна

«24-гадовы чалавек заканчвае ВНУ і не ўмее нічога»

— Сьвет імкліва мяняецца, зьнікаюць пэўныя прафэсіі, узьнікаюць новыя, і цяпер вучыцца трэба амаль усё жыцьцё, каб заставацца канкурэнтаздольным. Як школьная сыстэма адукацыі рэагуе на гэтыя выклікі? І што можа адбыцца, калі іх ігнараваць?

Дыплём абсалютна ня роўны добрай і прэстыжнай працы.

— Ніяк не рэагуе. Нам усім трэба вучыцца мяняцца. Сьвет мяняецца з шалёнай хуткасьцю. Усе гэта разумеюць, але лічаць, што ўсе вакол мяняюцца, а я — не. Мяняцца павінны ўсе. Што рабіць, калі гэта ігнаруецца? Мы зараз бачым, што 24-гадовы чалавек заканчвае ВНУ і не ўмее нічога. Ён нешта ведае, але гэтыя веды абсалютна не ўмее прыкладаць ні да чаго. І пачынае задумвацца, а дзе бы мне пачаць працаваць. Бацькі пры гэтым моцна злуюцца, пачынаюць яму казаць, што мы на цябе ўсё жыцьцё паклалі, а ты ня хочаш і не зарабляеш. Зусім незразумела, навошта ён вучыўся ў ВНУ. І таму бугальтар заканчвае курсы масажыстаў, а доктар пойдзе весьці школу танцаў, таму што насамрэч да гэтага ў яго ляжала душа.

Рэпэтытар Лівянт: 25% выпускнікоў валодаюць ведамі пачатковай школы, 95% ня ведаюць ніводнага фізычнага закону

Цяпер трэба моцна пераглядаць неабходнасьць увогуле вышэйшай адукацыі, такой вышэйшай адукацыі, якая існуе ў нас у краіне. І не трэба думаць, што калі вашае дзіця не атрымае вышэйшай адукацыі, то ня будзе шчасьлівым. Насамрэч цяпер гэта зусім ня так. Дыплём абсалютна ня роўны добрай і прэстыжнай працы, і наадварот адсутнасьць дыплёму ня значыць, што ты будзеш дворнікам, чым усіх палохаюць. Сьвет моцна зьмяніўся.

— А што вы думаеце пра ўсе гэтыя гучныя заявы пра IT-краіну? Як гэта стасуецца са станам беларускай адукацыі? Ці пасьпяховыя айцішнікі — гэта прадукт беларускай адукацыі? Ці яны зьявіліся насуперак сыстэме адукацыі?

— Гэта дакладна ніяк не карэлюецца з нашай сыстэмай адукацыі. У мяне ёсьць добры знаёмы, якія мае сваю кампутэрную фірму. Я запыталася, а што заканчваюць тыя, хто ў яго працуюць. Ён адказаў: «Тры найлепшыя спэцыялісты — без вышэйшай адукацыі, астатнія нешта заканчвалі». Я не магу ацаніць узровень падрыхтоўкі IT-спэцыялістаў у ВНУ, але я дакладна ведаю, што калі чалавек хоча праграмаваць, то ён пачынае гэта рабіць з 14 гадоў, і далей можа вучыцца ці не вучыцца ў ВНУ, гэта ўжо ня важна. Калі ён хоча, можа і ўмее, то ён і без вышэйшай адукацыі цудоўна знойдзе працу. IT-краіна — гучыць прыгожа, пры гэтым у нашай IT-краіне дагэтуль прымусовая падпіска на папяровыя газэты.

Пісьменьніца Пастарнак просіць новага рэдактара «СБ. Беларусь сегодня» скасаваць прымусовую падпіску

— Ці можна казаць, што ў Беларусі ёсьць нейкая супольнасьць неабыякавых людзей, такіх як вы, якія спрабуюць нешта зьмяніць у сыстэме адукацыі? Ці гэта з большага проста агучваньне праблем у сацыяльных сетках? Ці гэта можа быць сілай?

— Ня ведаю. З аднаго баку ў нас у Менску сёлета адкрываецца тры прыватныя школы. Гэта добра, нягледзячы на тое, што яны даступныя ня многім. Тым ня менш тое, што яны адкрываюцца, вельмі здорава. А ў тое, што можна зьмяніць агульнаадукацыйныя школы, якія знаходзяцца пад эгідай дзяржавы, я на дадзены момант ня веру зусім. Усе спробы пагаварыць, патлумачыць і ў мінадукацыі і ў раённых упраўленьнях адукацыі — гэта ня тое, што сьцяна, яны альбо хлусяць у твар, альбо з усім пагаджаюцца, а потым нічога ня робяць. Але часьцей за ўсё з усім пагаджаюцца. а потым караюць тых, хто зьліў інфармацыю. У нас зь імі дыямэтральна супрацьлеглыя праблемы. Мы кажам, глядзіце, якая тут агіднасьць адбываецца па вашай віне. Яны кажуць: «Так, так, так», а потым ідуць туды і караюць усіх, хто распавёў нам пра тое, што там усё дрэнна. Пры такім падыходзе я ня бачу нават перадумоваў да таго, што можа нешта зьмяніцца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG