Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

12:22 13.3.2020

Беларусь ня будзе закрываць межы

Ніякіх плянаў закрываць пункты пропуску на межах з боку Рэспублікі Беларусь на бягучы момант няма, заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусі Антон Бычкоўскі. І параіў усім грамадзянам, якія вяртаюцца з-за мяжы, ня ўтойваць, у якіх краінах яны пабывалі.

«Я таксама ў сацыяльных сетках чытаў, што Польшча закрывае мяжу, абмяркоўваецца гэта ў горадзенскіх пабліках, — заявіў Антон Бычкоўскі. — А ўчора ў сацсетках бачыў фатаграфію абвесткі нібыта з аднаго з інтэрнатаў у Польшчы, што беларусы закрываюць мяжу з 15 сакавіка.

Насамрэч нічога падобнага не плянуецца. Гэта альбо ўкід, альбо фэйк, альбо жарт. Ніякіх плянаў закрываць пункты пропуску з боку Рэспублікі Беларусь на гэты момант няма».

12:15 13.3.2020

БНР-102 vs COVID-19: рашэньня аб менскай акцыі чакаюць у панядзелак

Месяц таму ў Менску падалі заяўку на канцэрт і мітынг з нагоды Дня Волі — 102-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. 12 сакавіка ў Беларусі абмежавалі (не забаранілі) правядзеньне масавых мерапрыемстваў.

Заяўнікі менскай акцыі БНР-102 яшчэ не прынялі рашэньня пра яе скасаваньне ці правядзеньне насуперак каранавірусу, але ўжо выказваюць свае меркаваньні. Рымашэўскі (БХД) кажа, «фармат у такім выглядзе, якім ён быў у 2018 і 2019 гадах, прыйдзецца адмяніць». Сігаеў (БСДП) абяцае, «так ці інакш, здароўе людзей будзе на першым месцы».

11:27 13.3.2020

Беларускі тату-фэст перанесьлі на восень

Belarus Tattoo Fest мусіў прайсьці 25–26 красавіка ў менскім Палацы мастацтваў. Але ў сувязі з каранавірусам і «зьменай кіраўніцтва» Беларускага саюзу мастакоў фэст пераносяць на канец верасьня ці пачатак кастрычніка.

10:59 13.3.2020

Як беларуска перажывае карантын у Рыме: «Ехаць у Беларусь няма сэнсу»

Натальля Курыловіч з Паставаў жыве ў Італіі 8 гадоў. Расказвае Свабодзе, што панікі там цяпер няма, але «сказалі, што найлепшая дапамога — сядзець дома».

«Я бачу сваіх суседзяў, усе дома, займаюцца хатнімі справамі, не сумуем. Можна пачытаць, прыбраць кватэру, навесьці парадак на бальконе. Цяпер ня ведаю, як гэта ўсё будзе далей, але лепш наагул не выходзіць на вуліцу. Калі людзі гэта ператрываюць, то, я думаю, пойдзе на спад, як у Кітаі».

«Сюды ідзе карабель з Кітаю з маскамі, мэдычным абсталяваньнем, з мэдыкамі, якія будуць працаваць над вакцынай. Я ведаю, што ў Італіі моцная мэдыцына, і спадзяюся, што яны нешта прыдумаюць неўзабаве».

08:56 13.3.2020

Што яшчэ адбываецца ў сьвеце, каротка

  • Латвія ўвяла надзвычайнае становішча праз пандэмію каранавірусу, яно будзе дзейнічаць ад 13 сакавіка да 14 красавіка. Навучаньне да канца надзвычайнага становішча будзе дыстанцыйным, масавыя мерапрыемствы на больш як 200 удзельнікаў забароненыя, латышам не рэкамэндуюць езьдзіць за мяжу.
  • Літва на пяць тыдняў закрыла дзіцячыя садкі і школы, забараніла ўсе мерапрыемствы ў закрытых памяшканьнях на больш як 100 чалавек і мерапрыемствы на вольным паветры.
  • Польшча закрыла на два тыдні дзіцячыя садкі, перавяла школы і ўнівэрсытэты на дыстанцыйнае навучаньне, прыпыніла працу тэатраў і канцэртных заляў.
  • Армэнія закрыла на карантын усе навучальныя ўстановы, тэрміны карантыну пакуль ня вызначылі.
  • Нямеччына забараніла ўсе масавыя мерапрыемствы на больш як 1000 удзельнікаў і «ўсе неабавязковыя мерапрыемствы» з нават меншай за тысячу колькасьцю ўдзельнікаў. Швэцыя забараніла ўсе масавыя мерапрыемствы на больш як 500 удзельнікаў. Казахстан — проста ўсе масавыя мерапрыемствы без удакладненьня пра колькасьць удзельнікаў.
  • Італія зафіксавала надзвычай вялікую колькасьць новых выпадкаў COVID-19: плюс тры тысячы з 11 да 12 сакавіка.
  • Нарвэгія ўвяла 14-дзённы карантын для тых, хто з канца лютага прыехаў зь нескандынаўскіх краінаў, нарвэскія ўлады не рэкамэндуюць турыстам наведваць краіну.
  • NHL (Нацыянальная хакейная ліга ЗША) прыпыніла сэзон, дату аднаўленьня гульняў не называлі. NBA (Нацыянальная баскетбольная ліга ЗША) прыпыніла сэзон «да далейшых зьвестак».
  • Кітай: колькасьць новых інфікаваных амаль перастала расьці, колькасьць актыўных выпадкаў спадае. Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Кітаю выказаў здагадку, што COVID-19 нібыта мог быць завезены ў кітайскі Ўхань амэрыканскімі вайскоўцамі.
  • Канада: Сафі Грэгуар-Трудо, жонка прэм’ер-міністра, заразілася COVID-19. Хвароба працякае ў лёгкім стане, але жанчына ізаляваная. Ейны муж, прэм’ер Джастын Трудо, будзе 14 дзён працаваць з карантыну, але на вірус яго пакуль не правяраюць.
  • Вялікая Брытанія: у лік інфікаваных трапіў галоўны трэнэр футбольнага клюбу «Арсэнал» Мікель Артэта. Да таго ён меў кантакты з уладальнікам грэчаскага клюбу «Алімпіякос», у якога таксама выявілі каранавірус. Асноўны склад «Арсэналу» і пэрсанал, які кантактаваў з трэнэрам, на двухтыднёвай самаізаляцыі, цэнтар трэніровак клюбу закрыты. Таксама на карантыне футбольны клюб «Чэлсі» — вірус выявілі ў паўабаронцы Калума Гадсана-Адоі. Матчы Прэм’ер-лігі пакуль не скасавалі, цягам пятніцы будуць абмяркоўваць адзіную стратэгію лігі ў сувязі з каранавірусам. На момант публікацыі «Чэлсі» займае 4-е месца, «Арсэнал» — 9-е з 20 у ангельскай Прэм’ер-лізе.
08:54 13.3.2020

У Нью-Ёрку надзвычайны стан у сувязі з каранавірусам​

Успышка каранавірусу парушыла звыклы рытм жыцьця амэрыканцаў: усё больш прафэсійных спартовых лігаў (у ліку якіх NBA і NHL) прыпыняюць сэзоны, тэатры на Брадвэі адмяняюць спэктаклі, а новыя абмежаваньні справакавалі хаос у трансатлянтычных авіяперавозках.

Штаты Каліфорнія і Нью-Ёрк увялі забарону на масавыя імпрэзы. Закрываецца ўсё больш школаў, музэяў ды іншых установаў.

Мэр Нью-Ёрку Біл дэ Блязыё ў чацьвер абвясьціў надзвычайнае становішча, у той час як колькасьць пацьверджаных выпадкаў захворваньня ў самым населеным горадзе краіны вырасла да 95.

З мэтай запаволіць распаўсюд віруснай інфэкцыі ў штаце Нью-Ёрк з 17:00 у пятніцу забароненыя імпрэзы колькасьцю звыш 500 чалавек, абвясьціў на прэс-канфэрэнцыі губэрнатар Эндру Куома. Установы, якія зьмяшчаюць да 500 чалавек, зь пятніцы павінны ўдвая скараціць колькасьць наведнікаў.

08:29 13.3.2020
  • На раніцу 13 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 134,7 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 81 тысячы ў Кітаі, 15,1 тысячы ў Італіі, 10,1 тысячы ў Іране, 8 тысяч ў Паўднёвай Карэі, 2,9 тысячы ў Францыі, 3,1 тысячы ў Гішпаніі, 2,7 тысячы ў Нямеччыне, каля 1,8 тысячы ў ЗША.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 4983 чалавекі: 3180 у Кітаі, 1016 у Італіі, 429 у Іране, 86 у Гішпаніі, 67 у Паўднёвай Карэі, 61 у Францыі, 41 у ЗША.
  • Выпісалі здаровымі 70,4 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане знаходзяцца каля 5,7 тысячы пацыентаў.
  • У Беларусі пацьвердзілі 21 выпадак COVID-19. Самага першага пацыента, у якога выявілі каранавірус, 12 сакавіка выпісалі з шпіталя.
22:18 12.3.2020

Бразыльскі чыноўнік, які сустракаўся з Трампам, заражаны COVID-19

Памочнік прэзыдэнта Бразыліі, які прысутнічаў на сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам ў Маямі, заражаны каранавірусам. Пра гэта паведамляе AFP са спасылкай на заяву бразыльскага ўраду.

Фабіё Вайнгартэн суправаджаў кіраўніка Бразыліі Жаіра Балсанару падчас візыту ў ЗША. Пасьля сустрэчы ў Маямі памочнік разьмясьціў у сябе ў «Інстаграме» фота, на якім ён стаіць побач з Трампам і віцэ-прэзыдэнтам ЗША Майкам Пампэо.

У Бразылію Вайнгартэн вярнуўся 12 сакавіка. Пасьля вяртаньня ў яго выявілі прыкметы грыпу. Цяпер памочнік Балсанару знаходзіцца на карантыне. Прэзыдэнт Бразыліі і ўдзельнікі дэлегацыі, якія пабывалі ў ЗША, знаходзяцца пад наглядам лекараў.

«Скажам так: я не занепакоены», — пракамэнтаваў Трамп зьвестку пра хваробу Вайнгартэна.

21:28 12.3.2020

У Беларусі да 6 красавіка абмежавалі масавыя мерапрыемствы зь міжнародным удзелам

12 сакавіка на спэцыяльнай нарадзе ў Савеце міністраў прынялі рашэньне да 6 красавіка абмежаваць усе культурна-масавыя, спартовыя і навуковыя мерапрыемствы зь міжнародным удзелам, паведмляе Міністэрства аховы здароўя.

Паводле міністэрства, гэта дапаможа зьнізіць рызыку завозу віруса зь іншых краінаў.

21:04 12.3.2020

Колькасьць хворых на каранавірус у Беларусі вырасла з 12 да 21 чалавека

Паводле Міністэрства аховы здароўя, зь лябараторна пацьверджаным каранавірусам у шпіталях Беларусі знаходзіцца 21 чалавек.

21:01 12.3.2020

«Да канца красавіка, найбольш імаверна, усё закончыцца, але гэта недакладна» — галоўны лекар дзіцячага шпіталя Менску

«Усе эпідэміі заканчваюцца, ёсьць пэўныя заканамернасьці, таму і каранавірусная інфэкцыя мае пайсьці на спад» — лічыць Максім Ачарэтні, галоўны лекар 3-га дзіцячага шпіталя Менску. Яго спэцыяльнасьць анэстэзіёляг-рэаніматоляг, больш за 12 гадоў ён працаваў у дзіцячай рэанімацыі, некалькі гадоў працаваў у дзіцячым інфэкцыйным шпіталі.

Максім Ачарэтні падкрэсьлівае, што ягоная ацэнка — пункт гледжаньня лекара-спэцыяліста, а не інфэкцыяніста, і ён абапіраецца на агульныя мэдычныя веды і досьвед працы як анэстэзіёлягам, так і ў тэрапіі інфэкцыйных хваробаў.

21:00 12.3.2020

Каранавірус: першая сьмерць у Польшчы. Што робіцца ў суседзяў Беларусі 12 сакавіка

У краінах Усходняй Эўропы колькасьць зафіксаваных выпадкаў каранавірусу абмяжоўваецца дзясяткамі ці нават адзінкамі хворых. Аднак некаторыя суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо абвясьцілі надзвычайнае становішча, каб абмежаваць пашырэньне вірусу.

20:59 12.3.2020

Выпісалі са шпіталя першага беларускага пацыента, у якога дыягнаставалі каранавірус

20:32 12.3.2020

Колькасьць хворых на каранавірус дасягнула 21 чалавека

Паводле Міністэрства аховы здароўя, зь лябараторна пацьверджаным каранавірусам у шпіталях Беларусі знаходзіцца 21 чалавек.

19:42 12.3.2020

Італія вырашыла закрыць усе крамы і рэстараны

Італьянскі ўрад 12 сакавіка абвясьціў аб увядзеньні дадатковых абмежавальных захадаў у сувязі з каранавірусам. Тэрмінам на два тыдні закрыюцца ўсе крамы, бары і рэстараны, за выняткам харчовых крамаў і аптэкаў.

Чарговае ўзмацненьне жорсткасьці захадаў бясьпекі адбылося пасля таго, як колькасьць ахвяраў COVID-19 перавысіла 800, а колькасць выпадкаў захворвання – 12 000. Паводле экспэртаў, распаўсюджаньне хваробы ў Італіі прыблізна на 10-15 дзён апярэджвае іншыя эўрапейскія краіны, такія як Францыя і Нямеччына, і ім трэба ўзяць прыклад Італіі.

18:07 12.3.2020

Як у Гомлі рэагуюць на каранавірус

10 сакавіка 20-гадовага гомельскага спартоўца шпіталізавалі з каранавірусам. Свабода праверыла, як паўмільённы абласны цэнтар адрэагаваў на першы выпадак каранавірусу.

Спартоўцы, якія трапілі пад карантын, займаюцца ў спэцыялізаванай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе № 4. Школа падрыхтавала сотні майстроў спорту, у тым ліку міжнароднай клясы, у спартыўнай акрабатыцы, мастацкай гімнастыцы, скоках на батуце. Цяпер тут займаюцца больш за 700 дзяцей. Школу не закрывалі на карантын. У адміністрацыі кажуць, што няма падставаў. Сёньня тут праходзіць спартакіяда. Спаборніцтвы працягнуцца цэлы дзень.

Чытаць увесь рэпартаж ТУТ.

17:14 12.3.2020

У Чэхіі ўвялі надзвычайнае становішча

Эўрапейскія краіны ў чацьвер прымаюць новыя жорсткія захады ў сувязі з пандэміяй новай каранавіруснай інфэкцыі.

У Чэхіі, дзе, паводле афіцыйных дадзеных, каля 100 інфікаваных, уведзена надзвычайнае становішча. На межах зь Нямеччынай і Аўстрыяй адноўлены кантроль. Грамадзянам 13 краінаў забаронены ўезд у краіну. Забароненыя сходы з колькасьцю ўдзельнікаў больш за 30. Будуць зачыненыя ўсе забаўляльныя ўстановы і ўстановы культуры, абмежаваны час працы рэстаранаў. Раней на гэтым тыдні былі закрытыя ўсе школы.

Славаччына забараніла ўезд усім замежнікам, акрамя тых, якія маюць у краіне від на жыхарства. Будуць закрытыя школы, аэрапорты, рэстараны. Аб закрыцьці школаў абвешчана таксама ў Ірляндыі.

16:34 12.3.2020

Студэнтаў БДУ, якіх забралі з інтэрнату, прывезьлі ў шпіталь у Бараўлянах

У Міністэрстве адукацыі Беларусі паведамілі, што «пакуль вучоба ўва ўсіх навучальных установах ідзе ў штатным рэжыме».

«Але паўсюль праводзяцца неабходныя прафіляктычныя і санітарна-эпідэміялягічныя захады. Пры любых праявах вострарэсьпіраторных захворваньняў раім зьвяртацца да мэдыкаў і трымацца парадаў Міністэрства аховы здароўя. Галоўнае не панікаваць», — паведамілі карэспандэнту Свабоды ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.

У БДУ групу студэнтаў, якіх аднесьлі да «кантактаў ІІ узроўню» (гэта значыць, яны не кантактавалі з хворым шчыльна), зьмясьцілі ў шпіталь вэтэранаў для далейшых тэстаў на новы каранавірус.

«У БДУ хворыя на каранавірус студэнты пакуль ня выяўлены», — як працуюць менскія ўнівэрсытэты

16:21 12.3.2020

Жыхара адзінай у Эўропе краіны без COVID-19 затрымалі за чуткі пра захворваньні

Паліцыя сталіцы Чарнагорыі Падгорыцы затрымала на 72 гадзіны яе жыхара па абвінавачаньні ў распаўсюдзе дэзынфармацыі пра каранавірус у краіне, паведамляе «Інтэрфакс», спасылаючыся на чарнагорскую тэлевізію.

У Інстытуце грамадзкай аховы здароўя Чарнагорыі падкрэсьлілі, што пакуль у краіне ня выявілі ні аднаго выпадку заражэньня каранавірусам COVID-19, дадаючы, што ў выпадку выяўленьня нават аднаго такога выпадку грамадзкасьць будзе праінфармаваная неадкладна.

16:01 12.3.2020

У Польшчы зафіксавалі першую сьмерць ад каранавірусу

У Польшчы зафіксавалі першы сьмяротны выпадак захворваньня каранавірусам. Першай ахвярай хваробы стала 57-гадовая жанчына, якая праходзіла лячэньне ў

Познань
Познань

Познані. Пра гэта паведаміў намесьнік мэра Познані Енджэй Салярскі, перадае Польскае радыё.

«Да гэтага часу ў нас зафіксаваныя два выпадкі заражэньня, адзін пацыент памёр. Лекар ужо паведаміў пра гэта сям’і нябожчыцы. Астатнія два пацыенты адчуваюць сябе добра. У той жа час пад наглядам лекараў знаходзяцца 16 чалавек», - сказаў намесьнік мэра Познані.

Нагадаем, на сёньняшні дзень у Польшчы выяўлена 47 выпадкаў захворваньня каранавіруснай інфэкцыяй. За апошнія суткі было зарэгістравана 16 новых выпадкаў.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG