Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларуска перажывае карантын у Рыме: «Ехаць у Беларусь няма сэнсу»


Натальля Курыловіч з Паставаў у Вэнэцыі, архіўнае фота

Натальля Курыловіч з Паставаў жыве ў Італіі 8 гадоў. Яна працуе камэрцыйным агентам, прадае ювэлірныя вырабы ў Рыме.

«Мой сэктар закранула яшчэ першая хваля эпідэміі ў сярэдзіне лютага, — кажа Натальля. — Неабходнасьць у ювэлірных крамах адразу ж адпала, бо людзі найперш думаюць пра іншыя рэчы, эканомяць грошы, невядома як будзе ў будучыні. Усё залежыць ад таго, як эканоміка зможа аднавіцца.

Фабрыкі не працуюць, замовы не адпраўляюцца. Рым, мой рэгіён Ляцыё — гэта не чырвоная зона Міляну — усё актыўна працавала да панядзелка. З панядзелка ўсё закранула і нас у Рыме.

Зь сёньняшняга дня закрыліся рэстараны і бары, хаця ўчора працавалі да 18 гадзін. У майго знаёмага суседа рэстаран закрыты, яны толькі дастаўляюць стравы на замову дахаты. Але я думаю, што і гэта закрыюць».

«Панікі, вядома ж, няма»

Натальля кажа, што чакаецца новы дэкрэт ад ураду. Яна лічыць, што неабходна абмежаваць перасоўваньне, зносіны, бо «лічбы страшныя».

«Панікі, вядома ж, няма. Я бачу сваіх суседзяў, усе дома, займаюцца хатнімі справамі, не сумуем. Можна пачытаць, прыбраць кватэру, навесьці парадак на бальконе. Цяпер ня ведаю, як гэта ўсё будзе далей, але лепш наагул не выходзіць на вуліцу. Калі людзі гэта ператрываюць, то, я думаю, пойдзе на спад, як у Кітаі».

Натальля кажа, што ў лютым у Італіі асьцерагаліся кітайцаў, не хацелі, каб яны прыяжджалі, але цяпер Кітай дапамагае.

«Сюды ідзе карабель з Кітаю з маскамі, мэдычным абсталяваньнем, з мэдыкамі, якія будуць працаваць над вакцынай. Я ведаю, што ў Італіі моцная мэдыцына, і спадзяюся, што яны нешта прыдумаюць неўзабаве».

Натальля 7 сакавіка зьбіралася ў адпачынак на Мальдывы, але ў аэрапорце туды ўжо не прапусьцілі.

Ехаць на радзіму «няма сэнсу»

Як ставяцца сваякі Натальлі да сытуацыі, ці хочуць яны, каб яна вярнулася з Італіі ў Беларусь?

«Я люблю сваіх сваякоў. І тут паўплывала разуменьне, што я магу быць носьбітам інфэкцыі, хаця ня маю ніякіх сымптомаў. Але там у мяне маленькія пляменьнікі, бабуля, бацькам 65 і 67 гадоў, а гэта ўзрост рызыкі.

Таму не. Я чула, што нехта прыехаў у Беларусь і яго прасілі пасядзець два тыдні ў карантыне. Таму ў Паставах мне давялося б неяк жыць асобна ад сваіх бацькоў. Таму няма сэнсу. Я чула, што 14 сакавіка скасоўваюць рэйсы з Рыму ў Менск».

У Рыме. Фота Натальлі Курыловіч
У Рыме. Фота Натальлі Курыловіч

Натальля кажа, што ў супэрмаркеце бачыла чаргу, усе стаяць з вазкамі, але на дыстанцыі адзін ад аднаго.

«Людзі самі асьцярожныя, дысцыплінаваныя і, чаго я не чакала ад італьянцаў, ветлівыя і карэктныя. Бо італьянцы звычайна імпульсіўныя, актыўныя, любяць пагутарыць, паабдымацца, пацалавацца і гэтак жа паскандаліць. А тут ціха стаяць у чарзе, хутка набываюць у краме неабходнае і сыходзяць. Будуць працаваць супэрмаркеты (апроч выходных), аптэкі, гарадзкі транспарт.

Але маленькія прадпрыемствы закрылі, усе павінны быць дома. Школы закрытыя даўно».

Што набываюць італьянцы ў краме?

«Тое, што можна пакласьці ў маразілку, фарш, мяса, замарожаную гародніну, рыбныя палачкі, крупы, пасту, фасолю і тунца ў бляшанках, шмат вады, сродкі для прыбіраньня, віно. Дэфіцытаў у нас няма. Вельмі шмат сьвежай рыбы і мяса. Тут вельмі многа харчоў, якія будуць штодзённа падвозіць да крамаў».

Натальля кажа, што праблема хутчэй у тым, што ў шпіталях заканчваюцца месцы, бо 200 хворых у дзень — гэта вельмі многа.

«Таму трэба, каб усе засьцерагаліся, былі дома. Дысцыплінавана носяць маскі (адзін з трох-пяці чалавек), пальчаткі, ніхто не вітаецца поціскам рук. Пальчаткі даюць у супэрмаркеце, на ўваходзе ёсьць дэзынфікатар. Вядома ж, стаіць ахова: нехта выйшаў — запускаюць іншых пакупнікоў, каб было меней кантактаў».

«Найлепшая дапамога — сядзець дома»

Пакуль карантын абвясьцілі да 3 красавіка, да гэтай жа даты закрытыя школы і ўнівэрсытэты, скасаваныя многія авіярэйсы да 15 красавіка, кажа Натальля. Штодня ўсе сочаць за навінамі.

«Я думаю, што мэдычным работнікам дадуць прэміі і паставяць помнікі. Выйшлі на працу нават тыя, хто на пэнсіі. Мэдычным сёстрам забясьпечылі бэбісытэраў, якія даглядаюць іхных дзяцей дома. Я з задавальненьнем пайшла б добраахвотнікам, нават дапамагаць у дом апекі над старымі. Але нам сказалі, што найлепшая дапамога — сядзець дома».

Чаму эпідэмія каранавірусу так моцна закранула Італію?

«Італія вельмі шчыльна супрацоўнічае з Кітаем. У горадзе Прата, дзе ёсьць кітайскія фабрыкі, кітайцы складаюць фактычна 90% насельніцтва. І прыклад з маёй працы — усе ювэлірныя фабрыкі ў Кітаі.

Сюды-туды езьдзяць бясконца. У Рыме ёсьць кітайскі квартал, кітайцы тут жывуць даўно, але езьдзяць да сваякоў у Кітай і ў справах бізнэсу. Тут паездкі ў Кітай больш даступныя, чым у Беларусі, напрыклад, на пару дзён. Таму, думаю, гэта паспрыяла, што сюды так хутка прыйшла інфэкцыя».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

22 новыя адказы пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Колькі чалавек з каранавірусам памерлі ў Беларусі

Пакуль вядома пра шэсьць выпадкаў сьмерці пацыентаў, інфікаваных новым каранавірусам (Мінздароўя, нагадаем, паведамляе пра 4 пацьверджаныя выпадкі).

  1. 73-гадовая пэнсыянэрка Аляксандра Чэпік, памерла ўвечары 30 сакавіка ў Віцебскім абласным клінічным спэцыялізаваным цэнтры (ВАКСЦ, былы чыгуначны шпіталь).​
  2. 75-гадовы актор Драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч, памёр у ноч з 30 на 31 сакавіка ў ВАКСЦ.
  3. 70-гадовая настаўніца зь вёскі Новыя Доктаравічы (Менская вобласьць) Натальля А., памерла 1 красавіка ў Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы.
  4. 70-гадовы вайсковы пэнсіянэр Уладзімер Сідараў, памёр 2 красавіка ў ВАКСЦ.​
  5. 67-гадовая Вольга Дзеравянка, памерла 1 красавіка ў 2-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску.
  6. 60-гадовы мянчук памёр у сталічным інфэкцыйным шпіталі 3 красавіка.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG