Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «БНР-102» у Менску падалі заяўку. Месца незвычайнае, «тусовачнае»


Мітынг-канцэрт на Дзень Волі ў Менску, 2019 год
Мітынг-канцэрт на Дзень Волі ў Менску, 2019 год

Канкрэтнае месца пакуль трымаюць у сакрэце. Музыкаў, якіх хочуць запрасіць, могуць анансаваць ужо ў канцы тыдня. Дата ранейшая — нядзеля, 22 сакавіка.

Арганізацыйны камітэт «БНР-102» — мітынгу-канцэрту да Дня Волі, 102-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі — падаў у Менгарвыканкам заяўку на імпрэзу 22 сакавіка. Пра гэта Свабодзе сказаў Ігар Барысаў — старшыня БСДП (Грамада).

Заяўку падалі на імпрэзу з колькасьцю ўдзельнікаў да 10 000 чалавек.

Дзе?

Ігар Барысаў на БНР-101 у Менску
Ігар Барысаў на БНР-101 у Менску

Раней аргкамітэт прапаноўваў менскім уладам дазволіць мітынг-канцэрт або на плошчы Свабоды, або каля Опэрнага тэатру (дзе быў мітынг-канцэрт #БНР100), або каля Палаца спорту. Але ў Менгарвыканкаме папрасілі прапанаваць іншае месца.

Арганізатары дамовіліся пакуль трымаць у сакрэце, якую пляцоўку прапанавалі. Але Барысаў кажа, што гэта не пляцоўкі, дазволеныя для мітынгаў паводле «заяўнага прынцыпу» (парк Дружбы народаў, Кіеўскі сквэр і іншыя).

«Там раней апазыцыя нічога яшчэ не праводзіла, гэта вельмі тусовачнае месца для моладзі, — кажа ён пра пляцоўку. — Менгарвыканкам пагадзіўся разгледзець гэты варыянт».

Барысаў перакананы, што «традыцыя замены пратэсту на сьвяткаваньне», як было на Дзень Волі ў 2018 і 2019 гадах, працягнецца і ў 2020-м. Гэта важна, тлумачыць ён, бо так пашыраецца аўдыторыя сьвята і, адпаведна пашыраюцца нацыянальныя каштоўнасьці.

Менгарвыканкам жа адмовіўся ад прапановы ўключыць Дзень Волі ў свой плян мерапрыемстваў — арганізатарам «БНР-102» давядзецца плаціць міліцыі за ахову.

Хто?

У аргкамітэт уваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя, БСДП (Грамада), Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і рух «За свабоду», нядаўна далучылася беларуская партыя «Зялёныя». Заяўку на мітынг-канцэрт падалі ад імя БСДП(Г), «Зялёных» і руху «За свабоду».

Аргкамітэт зьбярэцца на пашыранае паседжаньне ў бліжэйшы чацьвер, каб вызначыць, хто з музыкаў мае выступіць на сьвяце. Перамовы з музыкамі ўжо праведзеныя — ня выключана, што выступяць ня толькі беларускія гурты, але і замежны госьць. Хто менавіта, могуць расказаць ужо ў канцы тыдня.

Як падтрымаць?

На сайце Molamola.by ідзе збор сродкаў на арганізацыю «БНР-102» у Менску. За два з паловай тыдні сабралі каля 1500 з патрэбных 25 000 рублёў, але краўдфандынг яшчэ не рэклямавалі шырока ў сацсетках.

Барысаў тлумачыць, што гэтая сума ў 25 000 рублёў мае пакрыць усе «базавыя рэчы», зьвязаныя з арганізацыяй мітынгу-канцэрту, сцэнай і паслугамі, ганарарамі гуртам. Самі партыі на гэтым абяцаюць не зарабляць.

Мінулы мітынг-канцэрт у Менску, кажа ён, абышоўся прыблізна ў 17 000 рублёў, і частку грошай сабралі проста на акцыі. Таксама арганізатары могуць прымаць ахвяраваньні ад беларускіх бізнэсоўцаў і дыяспары, калі ахвочыя зь імі зьвяжуцца.

Дзень Волі будуць адзначаць ня толькі ў Менску. У Горадні ўжо рыхтуюць фэст у Калоскім сквэры 21 сакавіка, там маюць раздаваць «пашпарты БНР» і «горадзенскія візы».

У іншых гарадах імпрэзы на Дзень Волі пакуль не анансавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG