Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая заявіла пра жаданьне стаць адзіным кандыдатам ад апазыцыі. Хто яшчэ?


Ганна Канапацкая

Экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая абвясьціла, што «ідзе на праймэрыз» — гэта сумесная працэдура выбару кандыдата ад часткі апазыцыі.

Асноўныя тэзісы сваёй праграмы яна выклала на ўласнай старонцы ў Facebook.

«Сёньня перад краінай два шляхі. Адзін — шлях да выміраньня і дэградацыі, самаізаляцыі і атачэньня сябе колам ворагаў. Другі — шлях адзінства і згоды, разьвіцьця і прагрэсу, дарога ў сям’ю эўрапейскіх народаў. Нам неабходна спыніць імклівае падзеньне нашай краіны ў сацыяльную і эканамічную бездань, аднавіўшы тое, што ўжо страчана за чвэрць стагодзьдзя цяперашняй улады», — адзначае Канапацкая.

Паводле Канапацкай, яе праграма мае назву «За дзесяцімільённую Беларусь!» і грунтуецца на базавых прынцыпах дэмакратычнай, эўрапейскай, суверэннай і сацыяльнай дзяржавы.


Незалежная Беларусь

«Шляхам доўгіх пакутаў і шматвекавой барацьбы беларускі народ здабыў сваю дзяржаўнасьць і незалежнасьць. І мы заўсёды абаронім Айчыну ад любых замахаў. Нашы дзеці, унукі і праўнукі будуць вольна жыць на сваёй зямлі».


Кожны беларус будзе свабодным

«У гэтым я бачу адну з найважнейшых задачаў. Я цьвёрда перакананая ў неабходнасьці замацаваньня і выкананьня дзяржавай палітычных і прававых нормаў, якія вызначаюць правы і свабоды чалавека, грамадзяніна дэмакратычнай Беларусі, такіх як свабода асобы, свабода выбару, свабода сумленьня, свабода веравызнаньня».


Праца і дабрабыт

«Даць кожнаму чалавеку магчымасьць зарабляць на годнае жыцьцё сваёй працай — гэты прынцып закладзены мной у падмурак беларускай мадэлі. Рэфармаваць эканоміку, захаваць эфэктыўныя прадпрыемствы, разьвіць тэхналягічныя галіны, стварыць новыя працоўныя месцы для людзей — гэта тое, што трэба зрабіць у бліжэйшы час».


Сацыяльная палітыка і дэмаграфія

«Гэта асноўная пазыцыя ў маіх пераўтварэньнях на пасадзе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Як жанчына і маці я сама прайшла гэты шлях. І я ведаю, што рабіць».


Цывілізаваная зьмена ўлады

«Я выступаю за бяскроўны, цывілізаваны, дэмакратычны пераход улады ў нашай краіне з гарантаваньнем заканадаўча замацаваных гарантый кіраўніку дзяржавы і чальцам яго сям’і — з асаблівым мэханізмам прыцягненьня да адказнасьці пры наяўнасьці на тое падставаў».

Пра ўдзел у праймерыз ужо заявілі старшыня АГП Мікалай Казлоў, сустаршыня БХД Павал Севярынец, кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч, сябры БХД Вольга Кавалькова. Ня выключылі свайго ўдзелу старшыня БКДП Аляксандар Ярашук, кіраўнік партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук, блогер Сяргей Ціханоўскі.

Тэрмін падачы «заявак» завяршаецца 16 лютага. Пасьля гэтага будзе галасаваньне ў інтэрнэце. Адзінага кандыдата апазыцыя мае назваць да канца траўня.

Пра прэзыдэнцкія амбіцыі ў абыход праймэрыз заяўлялі кіраўнік «Народнай грамады» Мікола Статкевіч, сустаршыня «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч, кіраўнік БСДГ Сяргей Чэрачань, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч. Не зьбіраецца сыходзіць на пэнсію і дзейны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Згодна з разьлікамі Цэнтарвыбаркаму, прэзыдэнцкія выбары пройдуць сёлета не пазьней за 30 жніўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG