Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-дэпутатка Канапацкая ўладкавалася ў міжнародную бізнэс-кампанію 


Ганна Канапацкая

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая знайшла новую працу — яна будзе прадстаўніцай краінаў Усходняй Эўропы ў міжнароднай інвэстыцыйна-тэхналягічнай кампаніі з галоўным офісам у Аўстрыі, паведамляе Tut.by.

Ганна Канапацкая кажа, што будзе працаваць па спэцыяльнасьці — адказваць за юрыдычныя пытаньні. Акрамя таго, яна плянуе працягваць займацца палітыкай.

«Я застаюся ў палітыцы, каб рэалізаваць праекты ў галіне рэфармаваньня эканомікі і прасоўваньня законапраектаў, якія дапамогуць нашай краіне. Палітыка — гэта ня хобі, а вялікі і сур’ёзны пласт працы, на які ідзе шмат часу. Я ўдзячная прэм’ер-міністру, міністэрствам і ведамствам, якія застаюцца са мной на сувязі і разумеюць неабходнасьць рэформаў у нашай краіне», — сказала Канапацкая.

Летась у сьнежні прэм’ер-міністар Сяргей Румас прапанаваў Ганне Канапацкай працу ва ўрадзе. Але тая ад прапановы адмовілася. Пры гэтым яна не выключае, што возьме ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах, аднак канчатковага рашэньня яшчэ не прыняла.

Раней працаўладкавалася другая апазыцыйная экс-дэпутатка Алена Анісім — яна вярнулася ў Інстытут мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук, дзе працавала навуковым супрацоўнікам да выбраньня ў Палату прадстаўнікоў. Спадарыня Анісім таксама ўзначальвае Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG