Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канапацкая: «Я першы апазыцыйны палітык, рэпрэсаваны за погляды сваёй партыяй»


Ганна Канапацкая, архіўнае фота

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая расказала Свабодзе, ці будзе дамагацца аднаўленьня ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, чаму адмовілася ад прапанаванага месца ва ўрадзе і чым зьбіраецца займацца пасьля таго, як у новую Палату прадстаўнікоў яна не ўвайшла.

Сьцісла:

  • АГП афіцыйна выключыла са сваіх шэрагаў Канапацкую. Тая лічыць выключэньне «незаконным і неабгрунтаваным», хоць у верасьні сама прыпыніла сяброўства ў партыі.
  • Прэмʼер-міністар Сяргей Румас прапанаваў дэпутатцы папрацаваць ва ўрадзе. Канапацкая ад запрашэньня адмовілася, бо ня зможа рэалізаваць неабходныя рэформы ў сёньняшніх палітычных і эканамічных умовах.

Ці будзе абскарджваць выключэньне з АГП

1 сьнежня палітрада АГП ухваліла пастанову, у адпаведнасьці зь якой Ганна Канапацкая выключаная з партыйных шэрагаў.

«З прычыны неаднаразовых парушэньняў Статуту (п. 3.4 і п. 9), страты даверу партыі і адсутнасьцю сувязі зь яе боку вырашана выключыць Ганну Канапацкую зь ліку чальцоў АГП», — так гучыць афіцыйная фармулёўка.

Ганна Канапацкая лічыць такое рашэньне «незаконным і неабгрунтаваным». Але перадусім, на яе погляд, яно дыскрэдытуе не яе, а кіраўніцтва АГП. Да таго ж яшчэ ў верасьні яна сама прыпыніла сяброўства ў партыі — бо паплечнікі адмовілася ад супрацы зь ёй напярэдадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. Яна не зьбіраецца абскарджваць на зьезьдзе рашэньне Палітрады АГП аб яе выключэньні з партыі.

«Для мяне гэта апатэоз, — кажа яна. — Калі сярэднявечная вэндэта з Лукашэнкам і ягонай сям’ёй нашмат важнейшая за незалежнасьць краіны, яе палітычнае, эканамічнае, сацыяльнае, культурнае разьвіцьцё на прынцыпах дэмакратыі, добрасуседзкія стасункі на бліжняй і далёкай дузе, — тады нам дакладна не па дарозе.

Зь іншага боку, заўсёды прыемна быць першай. Я першы апазыцыйны палітык у Палаце прадстаўнікоў, цяпер вось першая, рэпрэсаваная нібыта апазыцыйнай партыяй — за свае погляды, адданасьць дэмакратычным прынцыпам і свабодам.

Паўтаруся: калі людзі лічаць, што самае галоўнае для іх — гэта кроў, а не канструктыўны дыялёг, які прывядзе да разьвіцьця краіны, дык пра што можна гаварыць?»

Чаму адмовіла прэм’еру Румасу

Ганна Канапацкая кажа, што ў агляднай будучыні не зьбіраецца мяняць сфэру дзейнасьці. А на ўдакладненьне, ці ня хоча пасьля завяршэньня дэпутацкай кадэнцыі засяродзіцца на бізнэс-праектах, парыравала: «Няўжо палітыка — гэта не такая праца, як усе астатнія?»

«Бліжэйшым часам я буду рэалізоўваць і завяршаць тыя праекты, зь якімі працую цяпер, — удакладняе дэпутатка. — Прынамсі гэта той мінімум, які я павінна давесьці да ладу: як бы патасна гэта ні прагучала, я заўсёды выконваю абавязаньні, узятыя на сябе.

Калі ж пачынаюць цікавіцца, чым буду займацца далей, дык адказ адпаведны: вы што, лічыце, што палітыка ня праца? Таму працаваць, безумоўна, буду. Бо чым бы вы ні займаліся, трэба выкладацца на 120% як мінімум».

Канапацкая прызнае, што адмовілася ад запрашэньня прэм’ер-міністра Сяргея Румаса папрацаваць у структуры ўраду. Спачатку гэта было агучана падчас чытаньня бюджэту, калі дэпутатка пацікавілася, як будзе выконвацца даручэньне Аляксандра Лукашэнкі павялічыць ВУП да 100 мільярдаў даляраў. Пасьля гэтага была аўдыенцыя ў прэм’ера, дзе той паўтарыў свае словы.

«Так, я сапраўды сьвядома адмовілася ад прапановаў Сяргея Румаса і не пайду працаваць ва ўрад, — кажа Ганна Канапацкая. — Перадусім таму, што разумею: у сёньняшніх палітычных і эканамічных умовах я не магу рэалізаваць тыя рэформы, якія неабходныя для разьвіцьця нашай краіны. Менавіта праз тое, што я прыхільніца агульнавядомых прынцыпаў — вяршэнства права, роўнасьць усіх перад законам — падобная прапанова ня мае канцэптуальнага працягу».

Пры гэтым Ганна Канапацкая прапанавала стаць своеасаблівай пасярэдніцай паміж урадам і канструктыўнай апазыцыяй, грамадзянскай супольнасьцю.

За дэнансацыю саюзнай дамовы з Расеяй

Цяпер беларускія палітыкі і грамадзкія дзеячы ўстрывожаныя магчымасьцю частковай ці поўнай страты сувэрэнітэту Беларусьсю ў выніку пагадненьня аб паглыбленай інтэграцыі з Расеяй. Напярэдадні заплянаваных на 8 сьнежня перамоваў Лукашэнкі і Пуціна анансаваныя пратэставыя акцыі ў Менску, неабходнасьць якіх падтрымалі многія партыйныя лідэры і неабыякавыя людзі.

Ганна Канапацкая кажа, што ў гэты час ня будзе ў Беларусі, але сваю пазыцыю адносна збліжэньня з Расеяй даўно выказала.

«Больш за два месяцы таму з маёй ініцыятывы быў распачаты збор подпісаў з патрабаваньнем дэнансацыі саюзнай дамовы, — нагадвае яна. — Таму само па сабе дзіўна гучыць пытаньне адносна маёй пазыцыі.

Мала таго, яшчэ на сёлетнім Дні Волі я казала пра неабходнасьць контразахадаў, каб не дапусьціць незваротных працэсаў. І хоць у бліжэйшыя дні я буду па-за межамі Беларусі, я падтрымліваю заклапочанасьць людзей, якіх небеспадстаўна палохае страта нашай незалежнасьці».

Ганна Канапацкая дапрацоўвае апошнія дні дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў, на разьвітаньне яна пасьпела трапіць у цэнтар грамадзкай дыскусіі — 27 лістапада яна апублікавала законапраект аб гарантыях былому прэзыдэнту Беларусі і чальцам яго сямʼі. Згодна з дакумэнтам, былому кіраўніку дзяржавы прапануецца даць пажыцьцёвую пэнсію і адну з рэзыдэнцый, а таксама — імунітэт, каб яго нельга было судзіць за злачынствы і правапарушэньні, учыненыя ў час прэзыдэнцтва.

Такія ініцыятывы выклікалі ў беларускай мэдыяпрасторы шырокі розгалас і палітычныя дыскусіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG