Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП выключыла з сваіх шэрагаў Ганну Канапацкую

абноўлена

Ганна Канапацкая

Адпаведная пастанова была прынятая на Палітрадзе Аб’яднанай грамадзянскай партыі, якая адбылася 1 сьнежня ў Менску.

Разглядаючы пытаньне аб «адпаведнасці заканадаўчай ініцыятывы Г. Канапацкай Статуту і праграме партыі» палітрада прыняла рашэньне:

«З прычыны неаднаразовых парушэньняў Ганнай Канапацкай Статуту АГП (п. 3.4 і п.9), страты даверу партыі да Г. Канапацкай і страты Г. Канапацкай сувязі з партыяй, Палітрада АГП вырашыла выключыць А. Канапацкую з АГП».

Канапацкая ж заявіла БелаПАН, што лічыць выключэньне незаконным і неабгрунтаваным. Паводле яе, рашэньне «канчаткова дыскрэдытуе кіраўніцтва АГП».

Сёлета ў верасьні дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая прыпыніла сяброўства ў АГП з прычыны таго, што партыя адмовілася ад супрацоўніцтва зь ёй напярэдадні парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў.

На зьезьдзе АГП 29 верасьня сёлета ў якасьці аргумэнтаў супраць яе вылучэньня прагучала тое, што Канапацкая падчас працы дэпутатам у Палаце прадстаўнікоў не падымала з парлямэнцкай трыбуны пытаньне фальсыфікацыі выбараў і правакавала сваімі заявамі канфлікты ўнутры партыі.

27 лістапада сёлета Канапацкая апублікавала законапраект аб гарантыях былому прэзыдэнту Беларусі і чальцам яго сямʼі. Паводле законапраекту, былога прэзыдэнта нельга будзе асудзіць за злачынствы і правапарушэньні, учыненыя ў час прэзыдэнцтва. Ён атрымае пажыцьцёвую пэнсію і зможа карыстацца адной з рэзыдэнцый.

Гэты крок дэпутаткі выклікаў у беларускай мэдыяпрасторы розгалас і палітычныя дыскусіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG