Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На продаж выставілі будынкі заводу на менскай «тусовачнай» вуліцы


Гэты будынак прадаецца

Рабіць што заўгодна ў будынках нельга — толькі адпаведна Генпляну: шматузроўневую паркоўку і гандлёва-забаўляльны цэнтар.

Частка будынкаў Менскага заводу Кастрычніцкай рэвалюцыі на аднайменнай вуліцы мае быць прададзеная на аўкцыёнах да 26 чэрвеня 2019 году, пастанавіў Савет міністраў (PDF).

Рынкавыя цэны будынкаў — ад 363 тысячаў да 7,189 млн рублёў. З гэтых лічбаў будуць пачынацца першыя аўкцыёны, а калі продаж не адбудзецца, цэны могуць скінуць на 30%. Стан будынкаў і патрэба ў капітальным рамонце не ўдакладняюцца.

Зразумець з мапы, якія будынкі прадаюцца, можа быць складана: усе яны маюць адрас вул. Кастрычніцкая, 16 — адрозьніваюцца толькі нумарам корпусу. Пазнакі на мапе зрабіў Tut.by.

А гэтыя будынкі, што зьлева ад «Чапскага», пакуль не зьбіраюцца выстаўляць на аўкцыёны
А гэтыя будынкі, што зьлева ад «Чапскага», пакуль не зьбіраюцца выстаўляць на аўкцыёны

Падобна, што не прадаюцца будынкі, у якіх месьцяцца «Галерэя Ў», прасторы «Цэх» і «ОК16», бар «Хуліган» ці кавярні Enzo і «Дэпо». А прадаюцца:

  • будынак, на якім намаляваны граф Чапскі;
  • будынак зьлева ад таго, на якім намаляваны мурал з гусьляром і карагодамі;
  • некалькі будынкаў у двары за «гусьляром»;
  • будынак уздоўж Сьвіслачы, дзе месьціцца адна з галоўных у Менску пляцовак для ІТ-імпрэз Eventspace;
  • два будынкі ўздоўж чыгункі.

На набытых плошчах пакупнікам давядзецца рэалізоўваць інвэстыцыйныя праекты, адпаведныя прызначэньню пабудоваў з Генэральнага пляну: шматузроўневая паркоўка з боку чыгункі, а астатняе – гандлёва-забаўляльны комплекс.

І гэтыя не выстаўляюць на аўкцыёны
І гэтыя не выстаўляюць на аўкцыёны

Пры гэтым частка вуліцы ад «Чапскага» да «ОК16» мае стаць пешаходнай — там заплянаваны «пасаж Сьвіслацкі».

Прыблізна ад 2013 году вуліца Кастрычніцкая стала «тусовачным» месцам з шэрагам бараў, кавярняў і культурніцкіх прастораў, а таксама маштабнымі мураламі, намаляванымі ў межах фэстываляў Vulica Brazil. Адзін з мастацкіх аб’ектаў вуліцы, скульптуру «Вялікая істота», нядаўна зламалі вандалы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG