У Кітаі пры абрушэньні карантыннага цэнтру загінулі 10 чалавек
У Кітаі пасьля абвальваньня гатэлю, дзе на карантыне знаходзіліся дзясяткі пацыентаў з падазрэньнем на каранавірус, 10 чалавек загінулі і 23 чалавекі прапалі бязь вестак.
Абурваньне гатэля, які ператварылі ў часовы карантынны цэнтар, адбылося 7 сакавіка ў горадзе Цюаньчжоў.
Па стане на раніцу 9 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі 110 тысяч выпадкаў COVID-19. Зь іх 80,7 тысячы ў Кітаі, па 7,4 тысячы ў Італіі і Паўднёвай Карэі, 6,5 тысячы ў Іране, 1200 у Францыі 1000 у Нямеччыне.
Ад наступстваў хваробы памерлі 3830 чалавек. Зь іх 3119 у Кітаі, 366 у Італіі, 194 у Іране, 53 у Паўднёвай Карэі, 22 у ЗША.
Ды пасьля COVID-19 выпісалі здаровымі 62,3 тысячы чалавек. Каля 6 тысяч чалавек застаюцца ў цяжкім стане.
У Італіі за суткі дадалося 133 сьмяротныя выпадкі
У Італіі за апошнія суткі зарэгістравана 133 сьмяротных выпадкаў інфікаваных вірусам COVID-19. Пра гэта заявілі прадстаўнікі італьянскіх уладаў на рэгулярнай сустрэчы з журналістамі. У Італіі 7375 заражаных, 366 чалавек памерлі, 622 выздаравелі.
У Кітаі дадалося 28 сьмяротных выпадкаў. Гэтая краіна застаецца на першым месцы ў сусьветным статыстычным сьпісе: усяго выпадкаў заражэньня 80 703, сьмяротных зыходаў 3098.
Па колькасьці заражаных на 1 мільён жыхароў першая пазыцыя ў Паўднёвай Карэі, 143 выпадкі. Такія дадзеныя прыводзяцца на міжнародным сайце, дзе абнаўляюцца зьвесткі аб распаўсюджаньні каранавірусу і яго наступствах.
У Італіі за некалькі гадзін да ўвядзеньня карантыну адбылася ўцечка інфармацыі. Да чаго гэта прывяло
Прэса паведаміла аб падрыхтоўцы ўказу пра карантын за некалькі гадзін да таго, як прэм’ер-міністар Джузэпэ Контэ яго падпісаў. Праз гэта многія жыхары паўночных рэгіёнаў, а таксама тыя, хто знаходзіўся там часова, пачалі пакідаць раёны, дзе павінен быць уведзены карантын.
На дарогах паўсталі заторы. Некаторыя камэнтатары зазначаюць, што ўцечка магла спрыяць далейшаму распаўсюджваньню каранавірусу, паколькі многія пасьпелі пакінуць Лямбардыю да ўвядзеньня абмежаваньняў у дзеяньне.
Пры гэтым указ яшчэ ня быў афіцыйна апублікаваны і фармальна не ўступіў у сілу.
Губэрнатар паўднёвай правінцыі Апулія заклікаў усіх, хто накіраваўся з Лямбардыі на поўдзень, даведаўшыся пра рашэньне ўраду, вярнуцца на поўнач. «Ня прыносьце эпідэмію ў Апулію... Вы несяце вірус у лёгкія сваіх братоў і сясьцёр, дзядуляў і бабуль, дзядзькаў і цётак і бацькоў» — сказаў ён, заявіўшы, што ўсе, хто прыедзе з паўночных рэгіёнаў, будуць адпраўленыя ў карантын на 14 дзён.
Мілян, Вэнэцыю, Рыміні і яшчэ 9 правінцый Італіі закрываюць на карантын
Урад Італіі вырашыў закрыць уезд і выезд з 12 правінцый па прычыне каранавірусу COVID-19. Пра гэта паведамляе La Repubblica.
У прыватнасьці гаворка вядзецца пра Лямбардыю (сталіца — Мілян) і Вэнэцыю. Таксама на карантын закрыюць правінцыі Мадэна, Парма, П’ячэнца, Рэджо-Эмілія, Рыміні, Пэзара і Ўрбіна, Падуя, Трэвіза, Асьці і Алесандрыя.
Ва ўсіх гэтых мясцовасьцях будуць зачыненыя школы, музэі, тэатры і кінатэатры, культурныя цэнтры, а таксама спартовыя залі і гарналыжныя курорты. Гандлёвыя цэнтры ня будуць працаваць у выходныя. Бары і рэстараны змогуць працягнуць працу калі гарантуюць, што наведнікі змогуць знаходзіцца на адлегласьці больш за адзін мэтар.
У Кітаі абрынуўся гатэль, дзе інфікаваныя праходзілі карантын
У Кітаі каля 70 чалавек, якія знаходзіліся на карантыне ў гатэлі ў горадзе Цюаньчжоў (правінцыя Фуцзянь), аказаліся блякаваныя ў выніку абвалу пяціпавярховага будынка.
У Расеі — чатыры новыя выпадкі заражэньня каранавірусам
У Расеі выяўленыя чатыры новыя выпадкі заражэньня каранавірусам COVID-19. Пра гэта паведамляе апэратыўны штаб. Трое пацыентаў знаходзяцца ў Ліпецку, адзін — у Санкт-Пецярбургу. Усе яны нядаўна вярнуліся з Італіі.
Міністэрства аховы здароўя: першы пацыент з каранавірусам выздаравеў
У студэнта з Ірану, якому быў пастаўлены дыягназ COVID-19, атрыманы першы адмоўны вынік на наяўнасьць РНК каранавірусу. Пра гэта паведамляе прэсавая служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Міністэрства аховы здароўя: Новых выпадкаў каранавіруса ў Беларусі ня выяўлена
У Беларусі паводле стану на раніцу 7 сакавіка новыя выпадкі заражэньня каранавірусам ня выяўленыя. Пра гэта паведаміў першы намесьнік міністра аховы здароўя Дзьмітры Піневіч.
Яшчэ адзін круізны лайнэр адправілі на карантын праз каранавірус
У 21 чалавека на круізным лайнэры Grand Princess каля берагоў Каліфорніі выявілі каранавірус. Пра гэта паведаміў віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс. Захварэлі два пасажыры і 19 членаў экіпажу.
Карабель затрымалі на карантын у адкрытым моры пасьля выяўленьня каранавірусу ў двух пасажыраў. Адзін зь іх памёр. Вядома, што яму 71 год і ў яго былі праблемы з здароўем да выяўленьня каранавірусу.
Усяго на борце Grand Princess знаходзяцца тры з паловай тысячы пасажыраў.
МЗС папярэдзіла беларускіх турыстаў пра абмежаваньні ў пэўных краінах праз каранавірус
На 6 сакавіка абмежаваньні рознай ступені ўвялі ў Аўстраліі, Бахрэйне, Віетнаме, Грузіі, Ізраілі, Індыі, Інданэзіі, Іарданіі, Іраку, Кувэйце, Кыргызстане, Маўрыкіі, Малайзіі, Мальдывах, Манголіі, Мʼянме, Новай Зэляндыі, Палау, Папуа – Новай Гвінэі, Рэспубліцы Карэя, Саудаўскай Аравіі, КНДР, Сінгапуры, ЗША, Туркмэністане, Турцыі, Філіпінах, Японіі.
У Расеі зафіксавана шэсьць новых выпадкаў каранавіруса
Паведамляецца, што пяць новых выпадкаў зафіксаваныя ў Маскве і адзін у Ніжнім Ноўгарадзе. Паводле папярэдніх дадзеных, кожны з шасьцi інфіцыраваных нядаўна наведваў Італію.
Студэнты БНТУ будуць вучыцца ў звычайным рэжыме ад 10 сакавіка
Дыстанцыйнае навучаньне студэнтаў БНТУ скончыцца 9 сакавіка, піша агенцтва «Минск-Новости», спаслаўшыся на першага прарэктара ўнівэрсытэту Георгія Вяршыну.
У Карэі зоймуцца «адмываньнем» грошай ад каранавірусу. Частку банкнотаў спаляць
Цэнтрабанк Паўднёвай Карэі абвясьціў аб дадатковых мерах барацьбы з распаўсюджваньнем каранавіруса, паведамляе Reuters. У прыватнасьці, банкноты будуць вынятыя з абароту на два тыдні, а ў некаторых выпадках — спальвацца.
«Белавія» скарачае рэйсы ў Мілян і адмовілася ад рэйсаў у Ашгабат — праз каранавірус
Расейскія перавозьнікі «Победа» і S7 уводзяць паслугу звароту ўсіх квіткоў бяз штрафаў на ўсе паездкі. У даведачнай службе беларускай кампаніі «Белавія» кажуць, што вяртаюць квіткі паводле ранейшай схемы.
Жанчыну з Баранавічаў маюць аштрафаваць за незаконны продаж мэдычных масак
Падатковыя інспэктары з Баранавічаў падчас кантрольнай закупкі выявілі, што мясцовая жыхарка гандлявала праз сацсеткі мэдычнымі маскамі, якія нельга прадаваць звычайным фізычным асобам, і сама жанчына не была прадпрымальніцай. За 40 масак у завадзкой упакоўцы яна атрымала бы 20 рублёў, піша «Наш край». Цяпер ёй пагражае штраф ад 135 да 1350 рублёў.
Дэпутата парлямэнту Францыі шпіталізавалі з каранавірусам
Дэпутата парлямэнту Францыі — Нацыянальнага сходу — шпіталізавалі з каранавіруснай інфэкцыяй. Пра гэта вечарам 5 сакавіка ў афіцыйным лісьце паведаміў старшыня Нацыянальнага сходу Рышар Фэран.
Дэпутат зьмешчаны ў рэанімацыю. Каранавірус выяўлены таксама ў двух працаўнікоў буфэта і рэстарана пры парлямэнце.
Імя дэпутата не называецца. Вядома, што ён прадстаўляе правацэнтрысцкую апазыцыйную партыю «Рэспубліканцы» і абраны ў рэгіёне Эльзас.
Парлямэнцкія буфэт і рэстаран зачыненыя. Ці будзе неяк абмежаваная праца самога парлямэнту, пакуль незразумела.
У Францыі напярэдадні выяўлена больш за 100 выпадкаў заражэньня новым каранавірусам. Агульная колькасьць выяўленых выпадкаў набліжаецца да 500. Памерлі 7 чалавек. Прэзыдэнт Эмануэль Макрон заявіў, што эпідэмія «непазьбежная» і да яе неабходна падрыхтавацца.
Грамадзкі транспарт у Менску пачалі дэзінфэкаваць
У Менску ўсе салёны наземнага грамадзкага транспарту пачалі апрацоўваць дэзынфікуючымі сродкамі, паведамілі агенцтву «Минск-Новости» на прадпрыемстве «Мінтранс». Апрацоўваюць аўтамабілі і менскія маршрутчыкі, ставяць у іх дазатары з антысэптычнымі сродкамі і антыбактэрыйныя сурвэткі.
Мінздароўя аднесла новы каранавірус да небясьпечных захворваньняў
Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўнесла інфэкцыю, выкліканую новым каранавірусам, у пералік захворваньняў, якія ўяўляюць небясьпеку для здароўя насельніцтва, разам з чумой, халерай, сыбірскай язвай, актыўнымі сухотамі органаў дыханьня, інфэкцыямі, якія перадаюцца полавым шляхам (пранцы і ганарэя) і гемарагічнымі ліхаманкамі Ласса, Марбург, Эбола. Новы каранавірс унесены ў сьпіс пад нумарам сем.
COVID-19 у параўнаньні зь іншымі інфэкцыямі. Адной карцінкай
У сьвеце зафіксавана ўжо больш за 90 тысяч выпадкаў захворваньня COVID-19, выкліканага вірусам SARS-CoV-2, які быў выяўлены ў кітайскім горадзе Ўхань.
Вось актуальнае параўнаньне COVID-19 зь іншымі інфэкцыйнымі хваробамі, якія трывожылі сусьветную грамадзкасьць у недалёкім мінулым.