Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Італіі за некалькі гадзін да ўвядзеньня карантыну адбыўся выцек інфармацыі. Да чаго гэта прывяло


Вэнэцыя
Вэнэцыя

Кіраўнік Усясьветнай арганізацыі здароўя Тэдрас Аданом Гебрэесус ўхваліў рашэньне ўраду Італіі абвясьціць карантын у рэгіёне Лямбардыя і іншых раёнах на поўначы краіны праз распаўсюджваньне каранавіруснай інфэкцыі. Ён назваў яго «сьмелым і рашучым крокам».

У самой Італіі, аднак, на адрас уладаў гучыць крытыка. Прэса паведаміла аб падрыхтоўцы ўказу за некалькі гадзін да таго, як прэм’ер-міністар Джузэпэ Контэ яго падпісаў. Праз гэта многія жыхары паўночных рэгіёнаў, а таксама тыя, хто знаходзіўся там часова, пачалі пакідаць раёны, дзе павінен быць уведзены карантын. На дарогах паўсталі заторы. Некаторыя камэнтатары зазначаюць, што выцек мог спрыяць далейшаму распаўсюджваньню каранавірусу, паколькі многія пасьпелі пакінуць Лямбардыю да ўвядзеньня абмежаваньняў у дзеяньне.

Пры гэтым указ яшчэ ня быў афіцыйна апублікаваны і фармальна не ўступіў у сілу.

Губэрнатар паўднёвай правінцыі Апулія заклікаў усіх, хто накіраваўся з Лямбардыі на поўдзень, даведаўшыся пра рашэньне ўраду, вярнуцца на поўнач. «Ня прыносьце эпідэмію ў Апулію... Вы несяце вірус у лёгкія сваіх братоў і сясьцёр, дзядуляў і бабуль, дзядзькаў і цётак і бацькоў» — сказаў ён, заявіўшы, што ўсе, хто прыедзе з паўночных рэгіёнаў, будуць адпраўленыя ў карантын на 14 дзён.

Указ крытыкуюць і мясцовыя ўлады рэгіёнаў, якія трапілі пад карантын. Рашэньне ўраду Італіі закранае каля 16 мільёнаў чалавек. Пакідаць тэрыторыі на поўначы можна будзе толькі з сур’ёзных прычынаў. Паведамляецца, што замежным турыстам дазволяць выехаць з Італіі.

Прадугледжваецца закрыцьцё ўсіх установаў культуры, забарона на правядзеньне масавых мерапрыемстваў, уключаючы рэлігійныя цырымоніі. Скасаваныя ўсе футбольныя матчы італьянскай сэрыі А. Будуць зачыненыя месцы забаваў. Рэстараны і бары будуць працаваць з абмежаваньнямі.

Мяркуецца, што асаблівыя захады будуць дзейнічаць да 3 красавіка.

  • У Італіі цяпер каранавірус распаўсюджваецца хутчэй за ўсё ў сьвеце (паводле афіцыйнай статыстыкі). Усяго інфэкцыя ўжо выяўленая амаль у 6 тысяч чалавек. Толькі за мінулыя суткі выяўлена 1200 новых выпадкаў. Памерлі 233 чалавекі.
  • Прэмʼер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш у нядзелю заклікаў Італію закрыць межы. Ён растлумачыў, што краіны ЭЗ ня могуць у аднабаковым парадку адмовіцца ўпускаць людзей з Італіі, паколькі гэта супярэчыць Шэнгенскім пагадненьням. У самой Чэхіі ўрад прадпісаў ўсім, хто прыяжджаюць з Італіі, выконваць на працягу 14 дзён рэжым самаізаляцыі.
  • Усяго новым каранавірусам ў сьвеце інфікаваныя больш за 105 тысяч чалавек, больш за ўсё — у Кітаі. Памерлі ад пачатку эпідэміі больш за 3600 чалавек.
  • У Расеі выяўлена каля 20 выпадкаў інфэкцыі. Цягам апошніх содняў выяўлена яшчэ 3 выпадкі. Улады Масквы прадпісалі самаізаляцыю на 14 дзён усім, хто прыяжджае з 7 краін, у тым ліку Італіі, Францыі і Нямеччыны.
  • У Беларусі пацьвердзілі 6 выпадкаў COVID-19. Новыя выпадкі заражэньня каранавірусам ня выяўленыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG