У Беларусі пацьвердзілі яшчэ два выпадкі новага каранавірусу
Цяпер пацьверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі ўжо шэсьць: чатыры ў Менску, два ў Віцебскай вобласьці.
Адкуль два новыя інфэктаваныя і як яны заразіліся, не паведамляецца.
Днём раней Мінздароўя паведамляла, што пацьверджаныя 4 выпадкі, а яшчэ ў двух чалавек тэсты дэманстравалі папярэдне станоўчыя выпадкі.
Тыя два пацыенты «адносіліся да кантактаў 1-га ўзроўню» (то значыць, мелі шчыльны кантакт з чалавекам, у якога пацьвердзілі вірус). Яны адчувалі сябе задавальняльна — як і тыя, у каго ўжо дакладна выявілі вірус SARS-CoV-2.
Расейскі «Первый канал» неадназначна выбачыўся перад беларусамі за памылку з каранавірусам
У вечаровых навінах 3 сакавіка на расейскім «Первом канале» вядоўца выбачыўся за ранейшую памылку: 2 сакавіка там расказалі, нібы ў Беларусі ёсьць сьмерці ад COVID-19.
Прабачэньні былі трэцім сюжэтам праграмы «Время» — на гэтым відэа ад 8:37.
Вядоўца Кірыл Кляймёнаў стаў разважаць, што наступствы новага каранавірусу «магчыма, больш разнастайныя і цяжэйшыя для арганізму, чым дагэтуль уяўляюць спэцыялісты».
«Я кажу пра так званыя неадэкватныя паводзіны, выкліканыя думкамі пра гэты самы вірус, — казаў вядоўца. — Нашыя беларускія калегі пакрыўдзіліся на нас. Пакрыўдзіліся на нядзельную праграму „Время“.
У ёй мы назвалі ў ліку краінаў, дзе ёсьць ахвяры каранавірусу, братняя Беларусь. Нібы там памёр чалавек. Калегі, браты! Гэта памылка. Нашая памылка. Але, як той казаў, нявымушаная памылка. Выпадковая, ненаўмысная. Але ўсё адно прабачце, памыліліся: ніхто не памёр у Беларусі, усе жывыя».
На раніцу 4 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі 93,2 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 80,4 тысячы ў Кітаі, каля 5,3 тысячы ў Паўднёвай Карэі, каля 2,5 тысячы у Італіі, каля 2,3 тысячы ў Іране.
Ад хваробаў, што выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 3203 чалавек: 2983 у Кітаі, 77 у Іране, 79 у Італіі, 33 у Паўднёвай Карэі.
Выпісалі здаровымі 51 тысячу пацыентаў, у цяжкім стане застаюцца 6,8 тысячы пацыентаў.
У Беларусі пацьвердзілі 4 выпадак захворваньня на каранавірус
Міністэрства аховы здароўя пацьвердзіла чацьвёрты выпадак захворваньня на каранавірус.
Тэсты яшчэ двух чалавек маюць станоўчы вынік, праводзіцца лябараторная дыягностыка для ўдакладненьня. Людзі, у якіх каранавірус пад пытаньняў адносяцца да кантакту 1-га ўзроўню.
Паводле Мінздароўя першапачатковыя тэсты гэтых людзей былі адмоўныя, таму можна зрабіць выснову, што пацыентаў ізалявалі да моманту, калі вірус пачаў вылучацца з арганізму. Гэта нібыта выключыла магчымасьць далейшай перадачы інфэкцыі.
Усе пацыенты, якія знаходзяцца пад назіраньнем адчуваюць сябе задавальняюча, уключна хворых на каранавірус.
Захварэўшы на каранавірус — грамадзянін Беларусі. Не ўдакладняецца грамадзянства двух чалавек, якія знаходзяцца пад падазрэньнем.
За час працы праграмы лябараторыя РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі правяла больш 5 тысяч тэстаў, піша Мінздароўя.
У Баранавічах на каранавірус правяраюць чатырох чалавек
Чатырох студэнтаў БНТУ, якія прыехалі ў Баранавічы зь Менску, шпіталізавалі на карантын ў інфэкцыйнае аддзяленьне баранавіцкай больніцы. Іх правяраюць на каранавірус, бо яны маглі кантактаваць з іранскім студэнтам, у якога выявілі хваробу, піша Intex-press.by
На момант публікацыі выпадкаў захворваньня на каранавірус у Баранавічах не зафіксавалі.
Кітайскія дактары хочуць вызначыць больш жорсткія крытэры для выпісваньня пацыентаў пасьля каранавірусу
Лекараў у Кітаі, піша Reuters, турбуе тое, што пацыенты, выпісаныя здаровымі пасьля COVID-19, зноў трапляюць у лякарні з тым самым вірусам. Гэта ўздымае пытаньне пра магчымасьць распаўсюду вірусу SARS-CoV-2 такімі выпісанымі пацыентамі. Дакладная колькасьць паўторных выпадкаў не называецца, але адзначаецца, што яны фіксаваліся ў розных частках краіны празь некалькі тыдняў пасьля выпіскі.
Цяпер у Кітаі выпісваюць пасьля двух адмоўных тэстаў на вірус і прыкметамі аднаўленьня нармальнага стану здароўя — у Кітаі дапускаюць, што варта рабіць тры тэсты. У некаторых лякарнях Кітаю так ужо робяць (хоць і пасьля трох тэстаў «здаровы» можа вярнуцца ў лякарню зь вірусам). У шпіталі ва Ўхані, як сьцьвярджаецца, сярод 18 «здаровых» пацыентаў, якім вырашылі зрабіць дадатковы тэст, 13 паказалі прыкметы наяўнасьці вірусу.
Ва ўсіх лякарнях Беларусі абмежавалі навадваньне пацыентаў родзічамі
У Камітэце аховы здароўя Менгарвыканкаму парталу Tut.by пацьвердзілі, што ў менскіх лякарнях ад 2 сакавіка абмежавалі наведваньне пацыентаў іхнымі роднымі. Гэта робіцца, «каб прадухіліць перакрыжаванае заражэньне».
Да загадчыка аддзяленьня можна будзе зьвяртацца па пропуск да хворага, які выдадуць або ня выдадуць у залежнасьці ад стану пацыента. Хворых у няцяжкім стане будуць выпускаць у хол на сустрэчу з родзічамі. Таксама ад родзічаў будуць прымаць перадачы.
Прэс-сакратарка Мінздароўя патлумачыла, што праз сэзонны ўздым вострых рэсьпіраторных інфэкцыяў такія абмежаваньні ўведзеныя па ўсёй Беларусі.
Ва Ўкраіне выявілі першы выпадак заражэньня каранавірусам
У Чарнаўцах у пацыента дыягнаставалі першае ва Ўкраіне захворваньне на новую каранавірусную інфэкцыю, паведаміў намесьнік міністра аховы здароўя Ўкраіны, галоўны санітарны лекар краіны Віктар Ляшко.
Раней паведамлялася, што лекары правяраюць на каранавірус 4 асобы. Сярод іх быў чалавек у Чарнаўцах, які нядаўна вярнуўся з Італіі.
Бабруйская «Славянка» у 4 разы павялічыла выпуск марлевых павязак праз каранавірус
Бабруйскае швейнае прадпрыемства «Славянка» у 4 разы павялічыла вытворчасьць марлевых павязак на фоне павышанага попыту з прычыны небясьпекі распаўсюду каранавірусу, паведамляе «Інтэрфакс-Захад». Цяпер на «Славянцы» шыюць 80 тысяч чатырохслаёвых шматразовых масак у дзень (раней — 20 тысяч), плянуць павялічыць вытворчасьць да 100 тысяч у дзень. Марлевыя павязкі робяць «выключна для ўнутранага рынку», экспартаваць пакуль не плянуюць.
«Вучацца праз вайбэр». У віцебскіх школах абвясьцілі карантын праз каранавірус
«З учорашняга дня дзеці вучацца праз інтэрнэт, праз вайбэр, — пацьвердзіў Свабодзе дырэктар віцебскай школы № 44 Сяргей Піталенка. — Карантын датычыць адной з восьмых клясаў, 22 чалавекі там вучацца. Прычыны назваць вам не магу. Скажу толькі, што гэта не мая прыдумка, не кіраўніцтва школы гэтае рашэньне прымала».
У Мінздароўя пацьвердзілі, што карантын у школе ўвялі ў сувязі з выпадкам захворваньня на каранавірус у супрацоўніцы кампаніі «Марка».
У віцебскай гімназіі № 1, дзе, паводле інфармацыі Свабоды, у адной з клясаў таксама можа быць уведзены карантын, сытуацыю камэнтаваць адмовіліся.
Папу Францішака праверылі на COVID-19. Не заразіўся
Кіраўнік каталіцкай царквы, Папа Францішак быў правераны на новы каранавірус пасьля таго, як ён прасьцюдзіўся, піша Il Messaggero. Тэсты далі адмоўны вынік.
Праверка была проста прафіляктычнай — цяпер Італія стала месцам найбольшай успышкі новага каранавірусу ў Эўропе і трэцяй краінай у сьвеце паводле колькасьці хворых (пасьля Кітаю і Паўднёвай Карэі). На раніцу 3 сакавіка ў Італіі зафіксавалі 2036 выпадкаў COVID-19, памерлі 52 пацыенты, 149 былі выпісаныя здаровымі.
83-гадовы Папа Францішак ужо тыдзень прасьцюджаны, моцна кашляў на сустрэчы зь вернікамі ў нядзелю, меў высокую тэмпэратуру і болі ў горле.
Расейскі «Первый канал» выправіў памылку, якую беларускія ўлады назвалі фэйкам
Раней у навіне на сайце «Первого канала» вылучаная фраза была такой: «Первые смерти зафиксированы в США, Австралии, Таиланде, Белоруссии». Цяпер «Белоруссия» са сьпісу зьнікла. Відэа, у якім гучала такая фраза, цяпер недасяжнае. Абвяржэньняў ці ўдакладненьняў пра Беларусь на сайце тэлеканалу няма.
Днём раней Міністэрства здароўя Беларусі апублікавала на сваім сайце заяву з нагоды сюжэту на першым канале расейскага тэлебачаньня. Паведамлялася, што «ў сувязях з распаўсюдам фэйкавай інфармацыі ў адносінах да нашай краіны будуць прынятыя адпаведныя меры рэагаваньня таксама па лініі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь».
- Паўднёвая Карэя абагнала Кітай па колькасьці новых выпадкаў за дзень. Так, у справаздачы Сусьветнай арганізацыі здароўя значыцца, што за 2 сакавіка ў Кітаі выявілі 206 новых выпадкаў COVID-19 (зь іх 196 у правінцыі Хубэй, адкуль пачалася ўспышка), у Паўднёвай Карэі — 476 новых выпадкаў. Лічбы ў іншых справаздачах могуць розьніцца ў залежнасьці ад гадзінных паясоў.
- Лідэр паўднёвакарэйскай сэкты «Храм скініі сьведчаньня Шынь-чонджы», якую зьвязваюць з успышкай COVID-19 у краіне, прайшоў тэст на каранавірус і быў прызнаны здаровым, піша Reuters.
- Улады Кітаю заклікаюць кітайцаў, якія знаходзяцца за мяжой, мінімізаваць пляны на падарожжы, а ўлады Аўстраліі зьбіраюцца ўжыць закон аб «біябясьпецы», каб абмежаваць перасоўваньні людзей, у якіх падазраюць COVID-19.
- Першы выпадак COVID-19 2 сакавіка зафіксавалі ў суседняй зь Беларусьсю Латвіі. Як піша Delfi, першай пацыенткай стала жанчына, якая была ў Міляне.
На раніцу 3 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі 90,9 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 80,3 тысячы ў Кітаі, каля 4,8 тысячы ў Паўднёвай Карэі, каля 2 тысяч у Італіі, каля 1,5 тысячы ў Іране.
Ад хваробаў, што выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 3119 чалавек: 2946 у Кітаі, 66 у Іране, 52 у Італіі, 28 у Паўднёвай Карэі.
Былі выпісаныя здаровымі 48,1 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане застаюцца 7,1 тысячы пацыентаў.
Каранавірус, каранавірус у Беларусі, каранавірус у сьвеце, коронавирус, коронавирус в Беларуси, коронавирус в мире, Лукашенко про коронавирус
Мінздароўя абвергла інфармацыю расейскага тэлеканалу пра сьмерць ад каранавірусу ў Беларусі
Міністэрства аховы здароўя Беларусі апублікавала на сваім сайце заяву з нагоды сюжэту на першым канале расейскага тэлебачаньня. Там паведамілі, што ад каранавірусу «першыя сьмерці зафіксаваныя ў ЗША, Аўстраліі, Тайляндзе, Беларусі».
Міністэрства адзначае, што гэтая інфармацыя непраўдзівая ў тым, што тычыцца Беларусі: «У Рэспубліцы Беларусь на сёньняшні дзень зарэгістраваны тры выпадкі, у якіх выдзелены фрагмэнт РНК, які, імаверна, належыць да тыпу каранавірусу 2019-nCoV. Усе тры пацыента адчуваюць сябе здавальняючы, клінічных сымптомаў захворваньня ў іх няма».
Дарадца іранскага аяталы Хамэнэі памёр ад каранавірусу
Міністэрства аховы здароўя Ірану паведаміла пра яшчэ 12 памерлых ад новага каранавірусу SARS-CoV-2 («уханьскага каранавірусу»). Паводле афіцыйных паведамленьняў, агулам памерлі 66 чалавек, а захварэлі 1,501.
Экспэрты кажуць, што такі працэнт памерлых — каля 5.5% — значна вышэйшы, чым у іншых краінах, і можа сьведчыць, што сапраўдная колькасьць захворваньняў нашмат вышэйшая за афіцыйныя лічбы.
Галоўны інфэкцыяніст краіны: «Існуе 37 відаў каранавірусу»
Галоўны няштатны інфэкцыяніст Міністэрства здароўя прафэсар Ігар Карпаў расказаў, што 8 з 37 відаў каранавірусаў могуць выклікаць хваробы, прычым ня толькі рэсьпіраторныя, але і кішачныя інфэкцыі. У трох беларусаў, у якіх пацьвердзіўся дыягназ, тыповых сымптомаў каранавірусу няма, яны пачуваюцца добра.
Супраць дзеячаў царквы, якая паспрыяла эпідэміі каранавірусу ў Паўднёвай Карэі, ініцыявалі справу аб забойствах
Паўднёвая Карэя мае найбольшую колькасьць захварэлых на COVID-19 па-за межамі Кітаю — 4,335. У панядзелак абвясьцілі пра 599 новых выпадкаў інфэкцыі. 26 чалавек памерлі.
Сярод новых выпадкаў інфэкцыі 377 былі у горадзе Тэгу, дзе месьціцца абшчына царквы Сінчхонджы. Прадстаўнікі гэтай абшчыны наведвалі кітайскі горад Ухань і адмовіліся супрацоўнічаць з уладамі на пачатку эпідэміі.
У Беларусі на карантыне з прычыны каранавірусу — 271 чалавек
Пра гэта паведаміла начальнік галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі і экспэртызы Алена Богдан.
Паводле яе, выпадкаў, каб з прычыны каранавірусу людзі адмаўляліся ад шпіталізацыі, няма. «Многія людзі самі просяцца ў кантакт-цэнтры, каб здаць аналізы», — сказала Богдан.
Праверыцца на каранавірус можна на ўсіх межах Беларусі, апроч як з Расеяй
Беларусь мае кантрольна-прапускныя пункты, дзе можна праверацца на каранавірус на мяжы з усімі краінамі апроч Расеі. Бо Расея мае свае такія пункты.
Пра гэта паведаміла намесьніца міністра аховы здароўя Натальля Жукава.