Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус. Паўднёвая Карэя абагнала Кітай у колькасьці новых выпадкаў за дзень


У справаздачы Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) за 2 сакавіка значыцца, што за 2 сакавіка ў Кітаі выявілі 206 новых выпадкаў COVID-19 (зь іх 196 у правінцыі Хубэй, адкуль пачалася ўспышка). У Паўднёвай Карэі за той жа дзень пацьвердзілі 476 новых выпадкаў.

Усяго ў сьвеце на раніцу 3 сакавіка зафіксавалі 90,9 тысячы выпадкаў заражэньня новым каранавірусам (каля 80,3 тысячы ў Кітаі, каля 4,8 тысячы ў Паўднёвай Карэі, каля 2 тысяч у Італіі, каля 1,5 тысячы ў Іране).

Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 3119 чалавек (2946 у Кітаі, 66 у Іране, 52 у Італіі, 28 у Паўднёвай Карэі). Былі выпісаныя здаровымі 48,1 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане застаюцца 7,1 тысячы пацыентаў.

Лідэр паўднёвакарэйскай сэкты «Храм скініі сьведчаньня Шынь-чонджы», якую зьвязваюць з успышкай COVID-19 у краіне, прайшоў тэст на каранавірус і быў прызнаны здаровым, піша Reuters. Яшчэ ў панядзелак ён адмаўляўся добраахвотна прайсьці тэст, хоць называў каранавірус «вялікай бядой».

Улады Кітаю тым часам заклікаюць кітайцаў, якія знаходзяцца за мяжой, мінімізаваць пляны на падарожжы, а ўлады Аўстраліі зьбіраюцца ўжыць закон аб «біябясьпецы», каб абмежаваць перасоўваньні людзей, у якіх падазраюць COVID-19.

Першы выпадак COVID-19 2 сакавіка зафіксавалі ў суседняй зь Беларусьсю Латвіі. Як піша Delfi, першай пацыенткай стала жанчына, якая наведвала Мілян.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG