Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства здароўя пацьвердзіла тры выпадкі заражэньня каранавірусам. 271 чалавек на карантыне

абноўлена

Алена Богдан, Натальля Жукава, Ігар Карпаў і Батыр Бердыклычаў

Міністэрства здароўя пацьвердзіла тры выпадкі заражэньня каранавірусам «з высокай ступеньню дакладнасьці».

Пра гэта паведаміла намесьніца міністра аховы здароўя, галоўны санітарны лекар Беларусі Натальля Жукава на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

Намесьніца міністра аховы здароўя, галоўны санітарны лекар Беларусі Натальля Жукава
Намесьніца міністра аховы здароўя, галоўны санітарны лекар Беларусі Натальля Жукава

«У нас зарэгістравана 3 выпадкі, гэта высокая ступень дакладнасьці. Але мы яшчэ накіруем нашыя вынікі адной з рэфэрэнс-лябараторыяў ад Усясьветнай арганізацыі здароўя. У працы нашых лябараторыяў мы ўпэўненыя», — сказала Натальля Жукава. Хворых на каранавірус выявілі ў Менску, Віцебску і Віцебскай вобласьці.

На карантыне трымаюць 271 чалавека

Паводле начальніцы галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі і экспэртызы Алены Богдан, выпадкаў, каб людзі адмаўляліся ад карантыну, няма. Ёсьць выпадкі, калі людзі па прыезьдзе з краінаў, дзе неспрыяльная сытуацыя з каранавірусам, самі зьвяртаюцца ў кантакт-цэнтры, каб прайсьці карантын.

Начальніца галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі і экспэртызы Алена Богдан
Начальніца галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі і экспэртызы Алена Богдан

Пацыенты, у якіх выявілі каранавірус, пачуваюцца добра

Віцяблянка, у якой выявілі каранавірус, знаходзіцца ў лякарні, яе стан задавальняльны, «яна фактычна здаровая і лекаваньня ёй ня трэба», — сказаў кіраўнік Віцебскага абласнога ўпраўленьня аховы здароўя Юры Дзяркач.

«У Менску ў двух чалавек тэмпэратура нармальная, сымптомаў захворваньня няма. Мы кантралюем сытуацыю, мы гатовыя аказаць дапамогу, калі яна спатрэбіцца», — сказаў прафэсар Ігар Карпаў, галоўны няштатны інфэкцыяніст Міністэрства здароўя.

Чаму ў шпіталях перапрафілююць ложкі для хворых на вірусныя інфэкцыі?

Перапрафіляваньне ложкаў у шпіталях праводзіцца штогод, гэта зьвязана з сэзонным абвастрэньнем рэсьпіраторных інфэкцыяў, сказала начальнік галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі і экспэртызы Алена Богдан.

Выявіць каранавірус дапамог карантын

Паводле Богдан, усе тры выпадкі захворваньня на каранавірус выявілі падчас 14-дзённага карантыну. Менавіта 2 тыдні цягнецца інкубацыйны пэрыяд каранавірусу.

Правяраюць і шпіталізуюць у кантактных цэнтрах людзей, якія вяртаюцца з Кітаю, Італіі, Ірану і Паўднёвай Карэі. Калі цягам карантыну ў людзей зьяўляюцца прыкметы вострых рэспьпіраторных хваробаў, у інфэкцыйным шпіталі ў іх бяруць пробы на каранавірус.

Ступень распаўсюджанасьці каранавірусу ў сьвеце вельмі высокая

Прадстаўнік Усясьветнай арганізацыі здароўя у Беларусі Батыр Бердыклычаў
Прадстаўнік Усясьветнай арганізацыі здароўя у Беларусі Батыр Бердыклычаў

Пра гэта падчас прэс-канфэрэнцыі паведаміў прадстаўнік Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя у Беларусі Батыр Бердыклычаў.

«Тэма каранавірусу ў сфэры ўвагі ўсіх краін сьвету. УАЗ перагледзела рызыку распасюджваньня каранавірусу ў сьвеце ад высокай да вельмі высокай. УАЗ заклікае быць гатовымі да зьяўленьня новых выпадкаў і засяродзіцца на трох прыярытэтах:

  • працягваць меры нагляду,
  • забясьпечыць абарону мэдычнага пэрсаналу,
  • своечасова інфармаваць насельніцтва пра ўсе рызыкі, каб перапыніць чуткі».

На думку Батыра Бердыклычава, у Беларусі праводзяць вялікую працу ў сувязі з каранавірусам, няма падставаў для панікі.

На каранавірус правяраюць ува ўсіх прапускных пунктах на мяжы

На каранавірус правяраюць усіх, хто перасякае мяжу Беларусі. Кантрольна-прапускных пунктаў няма толькі на мяжы з Расеяй. Тлумачэньне — Расея сама мае такія пункты на сваіх межах.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG