Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вучацца праз вайбэр». У віцебскіх школах абвясьцілі карантын праз каранавірус

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота. Дзяўчына ў масцы ў менскім мэтро
Ілюстрацыйнае фота. Дзяўчына ў масцы ў менскім мэтро

Вучняў чатырох клясаў трох навучальных установаў Віцебску перавялі на хатняе навучаньне. Пра гэта піша БелТА са спасылкай на начальніка галоўнага ўпраўленьня адукацыі Віцебскага аблвыканкаму Дзьмітрыя Хому.

Пра тое, што ў жыхаркі Віцебска пацьвердзіўся выпадак захворваньня каранавірусам, у панядзелак 2 сакавіка афіцыйна паведамілі на прэс-канфэрэнцыі Міністэрства аховы здароўя. Паводле інфармацыі Свабоды, ў гэты ж дзень у абласным цэнтры былі ўведзеныя дадатковыя захады бясьпекі. У прыватнасьці, вучні некалькіх клясаў віцебскіх школаў былі пераведзеныя на хатняе навучаньне. Гэта пацьвердзіў дырэктар адной з навучальных установаў.

«Адна кляса так, займаецца дома, — сказаў у размове са Свабодай дырэктар віцебскай школы № 44 Сяргей Піталенка. — З учорашняга дня. Дзеці вучацца праз інтэрнэт, праз вайбэр. У залежнасьці ад таго, якія сродкі даступныя вучням. Настаўнікі дасылаюць ім неабходную інфармацыю. Карантын датычыць адной з восьмых клясаў, 22 чалавекі там вучацца. Прычыны назваць вам не магу. Скажу толькі, што гэта не мая прыдумка, не кіраўніцтва школы гэтае рашэньне прымала».

Па словах дырэктара, панікі ў школе № 44 няма, сёньня ўсе вучні іншых клясаў прысутнічаюць на занятках.

«У нас сытуацыя цяпер не адрозьніваецца ад той, якая ўзьнікае падчас іншых хваробаў у вучняў, — запэўніў дырэктар. — Настаўнікі таксама ўсе працуюць. Пакуль мы не прымалі дадатковых захадаў бясьпекі. У нас ёсьць у дастатковай колькасьці сродкі дэзынфэкцыі. Дадатковых рэкамэндацый пакуль няма».

У віцебскай гімназіі № 1, дзе, паводле інфармацыі Свабоды, у адной з клясаў таксама можа быць уведзены карантын у сувязі з падазрэньнем на каранавірус, сытуацыю камэнтаваць адмовіліся.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG