Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2024 год наступае ўжо сёлета. Якія папярэднія вынікі нафтавай «вайны» Беларусі і Расеі


Мазырскі НПЗ
Мазырскі НПЗ

У апошнія дні лютага сталі зразумелыя прынамсі папярэднія вынікі нафтавай «вайны» Беларусі і Расеі.

Cьцісла:

  • Памер кампэнсацыі за брудную нафту ад Расеі — індыкатар цяперашняга стаўленьня Масквы да саюзьніка
  • Заява Лукашэнкі, што расейскія міністры ня выканалі абяцаньне Пуціна аб кампэнсацыі — сьведчаньне адсутнасьці пэўнай доўгатэрміновай дамоўленасьці аб нафце
  • Пастаўкі нафты расейскімі кампаніямі ў сакавіку, выглядае, забясьпечаць толькі мінімальныя патрэбы Беларусі
  • Тое, што альтэрнатыўныя пастаўкі нафты працягваюцца, сьведчыць пра тое, што беларускі экспарт нафтапрадуктаў чакаюць вельмі суровыя часы
  • Выглядае, што наступствы для беларускай эканомікі, якія чакаліся пасьля завяршэньня расейскага падатковага манэўру ў 2024 годзе, наступаюць ужо цяпер

Дык якія папярэднія вынікі нафтавай «вайны» Беларусі і Расеі:

  1. Бакі дамовіліся аб кампэнсацыі, якую Расея заплаціць Беларусі за леташнюю пастаўку бруднай нафты.
  2. Дасягнутая дамоўленасьць аб пастаўках нафты ў сакавіку з 6-цю расейскімі нафтавымі кампаніямі.
  3. Пастаўкі гэтых кампаніяў задаволяць унутраны беларускі попыт.
  4. Беларусь працягвае закупкі нафты з альтэрнатыўных, нерасейскіх крыніцаў.

Раней энэргетычныя «войны» паміж «заклятымі» сябрамі сканчаліся «вечнымі» мірамі. Ну ня вечнымі, але бакі дамаўляліся наконт формулы вырашэньня спрэчкі на даволі працяглы тэрмін.

Кампэнсацыя за брудную нафту як індыкатар

Цяпер — не зусім так. Ці зусім ня так. І індыкатарам гэтага стаў вынік перамоваў аб кампэнсацыі за забруджаную нафту, якая летась нанесла моцны ўдар па беларускай нафтавай прамысловасьці.

Яшчэ летась міністэрства эканомікі канстатавала, што гэта прывяло да зьніжэньня экспарту прадукцыі прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім» на 800 мільёнаў даляраў.

Мінулым летам «Белнафтахім» патрабаваў ад Расеі кампэнсацыі за брудную нафту ў памеры 155 мільёнаў даляраў. У студзені сёлета размова ўжо ішла пра 131 мільён даляраў кампэнсацыі.

26 лютага стала вядома, што дасягнутая згода аб кампэнсацыі ў памеры 61 мільёна даляраў.

Дыстанцыя паміж 800 мільёнамі страчанай выгады і 61 мільёнам узгодненай кампэнсацыі добра ілюструецца гішпанскай прымаўкай «сябру — усё, ворагу — толькі закон». Беларусь нібыта ў ворагі Расеі не запісвалася, але ў гэтым пытаньні атрымала «толькі закон», толькі кампэнсацыю за наўпроставую шкоду, падлічаную спрыяльным для таго, хто нанёс шкоду, спосабам.

Не пасьпелі з Пуціным дамовіцца...

Прыкладна такой жа аказалася пазыцыя Масквы ў пытаньні бягучых паставак нафты. Калі Аляксандар Лукашэнка тыдзень таму абвясьціў, што Ўладзімір Пуцін паабяцаў яму кампэнсаваць Беларусі страты ад падатковага манэўру, ужо тады шмат у каго ўзьніклі засьцярогі, а ці сапраўды крызіс вырашаны.

Бо лічбы кампэнсацыі, якія называў Лукашэнка, і лічбы, якія называлі расейскія ўрадоўцы, разыходзіліся разоў у 10 — прыкладна як з кампэнсацыяй за брудную нафту.

І мэханізм кампэнсацыі выклікаў пытаньні: было заяўлена, што кампэнсуюць за кошт прэміяў нафтавым кампаніям, але пры гэтым Менск не зьбіраецца плаціць прэміі наагул, а Крэмль, кіруючыся рынкавымі прынцыпамі, не зьбіраецца ціснуць на кампаніі.

Дык тады ў чым быў сэнс абяцаньня? Калі Менск быў здольны дамовіцца з расейскімі нафтавымі кампаніямі пра цану бяз прэміі, то ў чым тут роля расейскай улады? Калі ня быў здольны, то ізноў жа ў чым роля Крамля?

Вынік стаў вядомы на гэтым тыдні.

Напачатку — пра палітычны вынік. Яго канстатаваў Лукашэнка ў размове са старшынём Калегіі Эўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілам Мясьніковічам: Не пасьпелі з Пуціным дамовіцца, а ўвечары ўжо міністры па-свойму трактуюць нашы дамоўленасьці.

Іншымі словамі, як многія і меркавалі, дамоўленасьць калі і была, то значна больш сьціплая, чым распавядаў пра яе Лукашэнка і нават чым яму яна ўяўлялася.

Мэханізм прыняцьця рашэньняў у расейскай уладзе па падобных пытаньнях трапна апісаў у інтэрвію Радыё Свабода намесьнік рэдактара расейскай газэце «Коммерсант» Дзьмітры Бутрын.

Пуцін загадаў — ну вы там паглядзіце, чым можна Беларусі дапамагчы. Але не за кошт бюджэту. Урадоўцы прыкінулі, мо пагаварылі з кіраўнікамі нафтавых кампаніяў, і адказалі — ну вось гэтым можам дапамагчы. Сьціпленька так.

Словы пра тое, што расейская ўлада ня можа загадваць прыватнаму бізнэсу — гэта, зразумела, пэўная хітрасьць. Скажам, калі рыхтавалі Сочы да Алімпіяды — дык ня вельмі пераймаліся чысьцінёй рынкавых прынцыпаў, а строга зьбіралі даніну зь бізнэсу.

Але на Алімпіяду ў Расеі — так. А на палёгкі для замежнай краіны — не захацелі. І зь бюджэту выдзяліць на гэта грошы не захацелі. Не прыярытэт.

Сочы — Расея. Летась у штогадовым пасланьні Пуцін патлумачыў: хоча Беларусь мець умовы гаспадараньня, як у Смаленскай вобласьці — хай робіцца Смаленскай вобласьцю. Ну а не — дык не. Тады вось так: Лукашэнка пачуў адно, расейскія ўрадоўцы — зусім іншае, і чамусьці здаецца, што яны зразумелі гаспадара Крамля лепш, чым яго беларускі суразмоўца.

Магчыма, некалькім ня самым уплывовым нафтавым кампаніям і намякнулі — ну вы там можа пайдзіце насустрач беларусам крышачку. Але ня больш за тое.

Для забесьпячэньня ўнутранага рынку і часткова экспарту

Ну а зараз — да практычных вынікаў.

Беларусь дамовілася зь 6-цю расейскімі кампаніямі на пастаўку нафты ў сакавіку — паведаміў «Белнафтахім». Сярод іх — кампаніі Міхаіла Гуцэрыева, якія адзіныя пастаўлялі нафту ў Беларусь у студзені і лютым, а таксама яшчэ некалькі кампаніяў, якія раней не пастаўлялі нафту ў Беларусь.

На мінулым тыдні Менск наведаў Ігар Сечын — кіраўнік «Раснафты», чые пастаўкі раней складалі палову беларускага нафтавага імпарту.

Як можна меркаваць, цяпер сярод пастаўшчыкоў нафты ў Беларусь у сакавіка «Роснафты» няма наагул.

Паводле прадстаўніка «Белнафтахіму», паставак ад кампаній, зь якімі дасягнулі дамоўленасьці, хопіць для забесьпячэньня бесьперапыннай працы заводаў, забесьпячэньня ўнутранага рынку і часткова экспарту».

Вядома, што ў студзені кампаніі Гуцэрыева паставілі ў Беларусь паўмільёна тонаў нафты, што было ў 4 разы менш ад заплянаванага, але гэта прыкладна адпавядала штомесячным унутраным патрэбам Беларусі ў нафце.

Заява прадстаўніка «Белнафтахіму» пра тое, што замоўленай нафты хопіць для забесьпячэньня «і часткова экспарту», дапускае інтэрпрэтацыю, што частка тая будзе ня надта вялікай.

Для нафтавай галіны Беларусі 2024 год наступіў ужо сёлета

У 2018 годзе, калі Расея прымала рашэньне пра падатковы манэўр у нафтавай галіне, выказваліся меркаваньні, што пасьля 2024 году, калі экспартнае мыта абнуліцца і цана на нафту для Беларусі стане сусьветнай, гіганцкі беларускі экспарт нафтапрадуктаў, адна з галоўных крыніцаў папаўненьня бюджэту, абнуліцца таксама. Пасьля 2024 году.

Але выглядае, што гэта адбываецца ўжо цяпер. Летась, у першы год расейскага падатковага манэўру, Беларусь на экспарце нафтапрадуктаў зарабіла ўсяго 300 мільёнаў даляраў, у 5.3 разы менш, чым у 2018 годзе. Гэта было вынікам у тым ліку і бруднай нафты, але, магчыма, і ня толькі, магчыма і таго, што ў 2019 годзе цана расейскай нафты для Беларусі стала бліжэй да сусьветнай.

Але ж сёлета яна стала яшчэ бліжэй. А нафтаперапрацоўка з наступным продажам нафтапрадуктаў — яшчэ менш выгаднай.

Паведамляецца, што закупкі альтэрнатыўнай нафты Беларусь працягвае — чакаюцца танкеры з нафтай для Беларусі і ў партах Балтыі і ў Адэсе.

Прадстаўнік «Белнафтахіму» сказаў, што нафта ад 6 расейскіх кампаніяў — гэта на ўнутраныя патрэбы і плюс крышачку на экспарт. А на што ж тады тая нафта, якая прыйдзе праз Клайпеду і Адэсу? На экспарт?

Але ж расейская нафта — цаною 83-85% ад сусьветнай. А іншая, нерасейская — яна ж пэўна па сусьветнай цане. Дык калі летась на перапрацоўцы адносна таннай расейскай нафты і экспарце нафтапрадуктаў зарабілі толькі 300 мільёнаў даляраў, то колькі атрымаецца зарабіць на перапрацоўцы і наступным экспарце нафты, купленай па сусьветнай цане?

Выглядае вельмі імаверным, што формула прадстаўніка «Белнафтахіму» — «хопіць для забесьпячэньня бесьперапыннай працы заводаў, забесьпячэньня ўнутранага рынку і часткова экспарту» — яна пра ўсю нафту, якую здолее купіць Беларусь у сакавіку, хоць танкерамі, хоць па трубе, хоць у расейцаў, хоць у трэціх краінаў.

Вось такая, як выглядае, рэальнасьць. І для беларускай нафтавай галіны 2024 год наступае ўжо сёлета.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG