Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь летась не змагла зарабіць на нафтапрадуктах? Што Макей сказаў пра нафту. Расшыфроўваем


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што экспарт прадуктаў зь Беларусі за кошт нафтавай сфэры летась упаў на 2,5 мільярда даляраў. Глядзім, колькі Беларусь зарабіла на перапрацоўцы нафты за мінулы год.

«На паказьніках экспарту сурʼёзна адбіліся зьмены ўмоваў гандлю з Расейскай Фэдэрацыяй, нягледзячы на дакладнае выкананьне Беларусьсю абавязаньняў у рамках стратэгічнага партнэрства з гэтай краінай. Увядзеньне Расеяй абмежаваньняў на вываз нафтапрадуктаў, пастаўкі бруднай нафты прывялі да скарачэньня экспарту нашых тавараў, зьвязаных з нафтавай сфэрай, на 2 млрд 55 млн даляраў», — заявіў Уладзімер Макей.

Разьбіраемся, наколькі ўсё сурʼёзна.


На перапрацоўцы нафты ў 2019 годзе зарабілі ў 5,3 раза менш, чым у 2018-м

Летась Беларусь імпартавала нафты на 6,5 мільярда даляраў, асноўны пастаўшчык — Расея. Гэтую нафту перапрацавалі і прадалі вырабленых нафтапрадуктаў (паліва, нафты і прадуктаў перапрацоўкі нафты) на 6,8 мільярда даляраў. Значыць, вілка паміж набыцьцём нафты і продажам нафтапрадуктаў усяго толькі 300 мільёнаў даляраў.

У 2018 годзе Беларусь набыла нафты на 6,8 мільярда даляраў, а прадала нафтапрадуктаў на 8,4 мільярда. То бок зарабіла 1,6 мільярда даляраў. Значыць, у 2019 годзе гэтая сума зьменшылася ў 5,3 раза.

У 2017 годзе Беларусь набыла сырой нафты на 5,3 мільярда даляраў, а прадала мінэральнага паліва, нафты і нафтапрадуктаў на 6,8 мільярда.

Але мінулы год у пляне прыбытку ад нафтапрадуктаў не ўнікальны: яшчэ менш на продажы нафтапрадуктаў, згодна са статыстыкай, Беларусь зарабіла ў 2016 годзе.

«Прадукты нафтаперапрацоўкі заўжды ішлі на ўнутраны рынак і на экспарт. З улікам нізкага кошту на ўнутраным рынку НПЗ скардзіліся, што пастаўкі на ўнутраны рынак прыносяць страты. У іншыя гады гэта кампэнсавалася экспартам у іншыя краіны. Цяпер пры зьніжэньні паставак на вонкавыя рынкі агульнае сальда зьніжаецца», — мяркуе старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Апроч таго, летась на нафтавым рынку згуляла няякасная расейская нафта, якую паставілі на беларускія НПЗ. Гэтыя пастаўкі адбіліся на статыстыцы, але прадаць нафтапрадукты зь няякаснай нафты складана.

«Незразумелы ні лёс гэтай нафты, ні кампэнсацыі за яе. Частку нафты выцясьнялі ў Расею, частку выцясьнялі з Эўропы ў Беларусь. Былі размовы, каб ёй разбаўляць якасную нафту і ў суме атрымліваць нармальную нафту. Расейскі бок скардзіўся наконт кампэнсацыі, што Беларусь ня можа даць нармальныя разьлікі па стратах», — кажа Вадзім Іосуб.


«Статыстыка можа хаваць рэальныя прыбыткі ад нафтаперапрацоўкі»

Статыстыка паказвае тое, што цяпер выгадна ўладам. Пра гэта гаворыць кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

«Можна вельмі добра схаваць прыбытак, можна апусьціць за чырвоную рысу нафтакамбінаты. Але гэтыя людзі, якія працуюць на нафце, ніколі ня будуць працаваць сабе на страты», — упэўнены Яраслаў Раманчук.

2,5 мільярда стратаў для ўсяго беларускага экспарту, пра якія гаворыць Уладзімір Макей — гэта 7,6% ад усяго беларускага экспарту за мінулы год. Агулам Беларусь летась прадала тавараў на 39,2 мільярда даляраў. Летась экспарт зь Беларусі ўпаў на 0,4%, а імпарт, наадварот, вырас на 4,3%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG