Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помнік сэрбскаму бізнэсоўцу на вуліцы Станюты. Ганна Севярынец — пра краіну чужых помнікаў


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У Менску на вуліцы Стэфаніі Станюты паставілі помнік аднаму з заснавальнікаў «Дана холдынг» сэрбскаму бізнэсоўцу Срэтэну Карычу.

Сьцісла

  • Я еду ў Нацыянальную бібліятэку паўз закрыты катэджавы пасёлак, за плотам якога пераможна раскінуў рукі сэрбскі бізнэсовец Срэтэн Карыч.
  • Мая Пагоня сарамліва туліцца на сувэнірнай прадукцыі лічаных крамаў. Мой Дудар ляжыць у Курапатах, а я не магу прыкруціць таблічку да крыжа па ім.
  • Тым часам які ўжо год беларусы ня могуць устанавіць мэмарыяльную дошку ў гонар БНР з прычыны браку дазволу ўладаў.


Сваёй фінансавай магутнасьці Срэтэн Карыч дасягнуў пры югаслаўскім дыктатару Слобадану Мілошавічу, брат Срэтэна Багалюб меў мянушку «гаманец Мілошавіча». Гэты ж самы Багалюб — дарэчы, гэта ён апрылюдніў факт пастановы помніку на сваёй старонцы ў Фэйсбуку — абвінавачваецца на радзіме ў буйных фінансавых махінацыях, на ягонае імя выпісаны міжнародны ордэр на арышт. У 2010 годзе прытулак яму дала Расея, празь некалькі год ён набыў нерухомасьць у Беларусі.

Герб Карычаў, якія шмат год фінансавалі крывавы югаслаўскі рэжым, упрыгожвае ня толькі пастамэнт новага помніку, але і новабудоўлю на Кастрычніцкай плошчы — там, дзе замест зьнесенага музэю айчыннай вайны ўзводзіцца чарговы архітэктурны шэдэўр безгустоўнасьці.

Тым часам у Купалаўскім парку ў Менску засыпаны жвірам падмуркі дома братоў Луцкевічаў: Івана, што стаіць напачатку беларускай дзяржаўнасьці, Антона, што запачаткоўваў беларускую крытыку, і Стэфана, які выратаваў Янку Купалу ад сьмерці. Іван Луцкевіч, дарэчы, і бізнэсоўцам быў таленавітым — калі мы ўжо хочам ставіць помнікі бізнэсоўцам.

Тым часам які ўжо год беларусы ня могуць усталяваць мэмарыяльную дошку ў гонар БНР з прычыны адсутнасьці дазволу ўладаў. Тым часам і па сёньня няма выразнага рашэньня па абароне Вайсковых могілак. Тым часам у Менску няма помнікаў Васілю Быкаву, Усеваладу Ігнатоўскаму, Рыгору Барадуліну, Стэфаніі Станюце — дарэмна я ўзялася лічыць, каму няма помнікаў, у нас іх наогул амаль няма. Калі паздымаць з нашай зямлі помнікі чужым ваярам, дзеячам і прайдохам, дык застанёмся бяз помнікаў.

Але найбольш балюча мне думаць пра сваё. Шчэ ўвосень на ахвяраваньні маіх экскурсантаў, зробленых падчас адной з вандровак па Менску, была замоўленая маленькая памятная таблічка па Алесю Дудару. Простая таблічка, як на могілках: партрэт, імя, даты. Кожны чалавек мае права на такую таблічку — што там помнікі. Хаця б восем лічбаў праз злучок замест хвояў над расстрэльнай ямай.

І я, што які злодзей, усё выгадваю час і месца, каб яе ўсталяваць. Я баюся — не за сябе, за таблічку! — усяго: баюся прыдурка з арматурай, які бадзяецца па Курапатах і б’е лавы і помнікі. Баюся Бараўлянскага лясгасу, які можа гэтую маленькую жалезінку сарваць і выкінуць. Баюся іхтамнетаў, якія могуць яшчэ раз зньяважыць памяць забітага паэта. Чакаю, думаю, трымчу ўнутрана: як я пакіну яго, гэты невялікі надпіс на таблічцы, прыкручаны да простага драўлянага крыжу, пасярод няшчаснага лесу — як я пакіну яго без нагляду, я ж не магу быць упэўненай, што яго ня сарвуць і ня выкінуць.

Я еду ў Нацыянальную бібліятэку паўз закрыты катэджны пасёлак, за плотам якога пераможна раскінуў рукі сэрбскі бізнэсовец Срэтэн Карыч. Ён стаіць прывольна, расправіўшы плечы, абдымае рукамі маё беларускае неба, пад ягонымі нагамі трывалы пастамэнт з радавым ягоным гербам.

Мая Пагоня сарамліва туліцца на сувэнірнай прадукцыі лічаных крамаў. Мой Быкаў нарэшце займеў ля свайго музэйчыку новы драўляны плот, пастаўлены на сабраныя людзьмі грошы. Мой Дудар ляжыць у Курапатах, а я не магу прыкруціць таблічку да крыжа па ім.

І крыж той нават не па ім. Бо ніхто ня ведае, дзе ён ляжыць, у якой яме.

Як і шматлікія хлопцы і дзяўчаты, дзяды і бабы, забітыя на грошы таленавітых чужых бізнэсоўцаў, ваяроў і дзеячаў, якім па ўсёй Беларусі ставяць і ставяць помнікі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG