Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску зьявіцца мэмарыяльная табліца Васілю Быкаву

абноўлена

Васіль Быкаў, 1974 год

Мастацкая рада ў пытаньні разьмяшчэньня мэмарыяльнай дошкі пісьменьніку Васілю Быкаву прайшла 4 студзеня. Дошка мае зьявіцца ў бліжэйшы час на доме, дзе доўгі час жыў Быкаў, — у Менску, на вуліцы Максіма Танка, 10.

Аўтарам дошкі мае стаць Ігар Засімовіч. Ён расказаў Свабодзе, што пакуль дакладнае месца і праект самой дошкі не зацьверджаныя: на радзе вырашылі выбраць для яе новае месца, бо ранейшая прапанова — зьмясьціць яе ў двары — радным не спадабалася.

Хоць на доме амаль няма месца праз розныя прыбудовы, іншае месца (не ў двары) усё роўна вырашылі шукаць. Паводле Засімовіча, абмеркаваньне дошкі ідзе «ў працоўным парадку». Ён рады самому пачатку працы, бо «чакаў два гады».

«Галоўнае, што пытаньне разгледжанае, — кажа Засімовіч. — Пачатак ёсьць, будзе вынік».

Наступнае паседжаньне рады можа быць «праз два тыдні, празь месяц», дадае Засімовіч, і на яго трэба прапанаваць новае месца, а магчыма, і новы выгляд дошкі.

Галоўны арганізатар усталяваньня табліцы — дабрачынны Фонд Марыі Магдалены Радзівіл. Прэзыдэнт Фонду Аляксандар Сапега расказаў, што дошка мае зьявіцца дзякуючы дапамозе супрацоўнікаў Міністэрства замежных справаў і міністра Ўладзімера Макея, Дзяржаўнаму музэю беларускай літаратуры. Таксама ў арганізацыі ўсталяваньня дошкі бралі ўдзел аддзел культуры Менгарвыканкаму і адміністрацыя прэзыдэнта.

Магчыма, што ўрачыста адкрыць дошку пасьпеюць нават на Дзень роднай мовы (21 лютага), але перад гэтым маюць прайсьці яшчэ прынамсі два паседжаньні мастацкай рады. Паводле Сапегі, задача ня ў тым, каб пасьпець да канкрэтнай даты, але ён адзначае: Засімовіч са свайго боку цалкам можа пасьпець.

Летась Засімовіч і грамадзкі дзяяч Глеб Лабадзенка паставілі мэмарыяльны знак на радзіме Быкава — у вёсцы Бычкі Вушацкага раёну. Дошку з граніту прымацавалі да валуна на месцы хаты, у якой нарадзіўся Васіль Быкаў.

Дасюль у Менску няма ні вуліцы, ні плошчы, ні помніка Быкаву. Менгарвыканкам пакуль, як сьцьвярджаецца, не знайшоў вуліцы, каб надаць ёй імя Быкава, а пытаньне зь перайменаваньнем ужо існых вуліц гарадзкія ўлады вырашылі не разглядаць, бо «прыйдзецца спытаць уласьнікаў будынкаў, ці хочуць яны зьмяніць усе свае дакумэнты сваім коштам».

Што да ўсталяваньня помніка Быкаву, то ў Менгарвыканкаме патлумачылі, што «помнік будзе рабіцца там, дзе будзе вуліца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG