Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчыну асудзілі на тры гады за аварыю, у якой загінулі яе маці і бабка


Абвінавачаная Юлія (зьлева) на судзе. Фота: Дар’я Буракіна, Tut.by
Абвінавачаная Юлія (зьлева) на судзе. Фота: Дар’я Буракіна, Tut.by

Ехала з хуткасьцю 126 км/г там, дзе ёй можна было толькі 70, ня справілася з кіраваньнем, выехала на сустрэчную паласу, урэзалася ва ўседарожнік, прызнаў суд.

20-гадовая Юлія прызнаная вінаватай у парушэньні правілаў дарожнага руху, што па неасьцярожнасьці прывяло да сьмерці дзьвюх асобаў (ч.3 арт. 317 КК РБ), піша Tut.by.

Ёй прысудзілі тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі-пасяленьні і пазбаўленьне права кіраваць транспартнымі сродкамі на 5 гадоў. Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны.

Здарэньне адбылося 25 жніўня 2019 году на трасе Менск — Віцебск, каля паварота на Бараўляны. Паводле абвінавачаньня, дзяўчына ехала на легкавіку Škoda Octavia на хуткасьці 126 км/г па ўчастку, дзе ёй як кіроўцу са стажам менш за два гады дазволена ехаць не хутчэй за 70.

На месцы здарэньня, 25 жніўня 2019 году
На месцы здарэньня, 25 жніўня 2019 году

Аўтамабіль вылецеў за межы праезнай часткі, пайшоў у занос і сутыкнуўся з Land Rover. У выніку загінулі маці і бабка Юліі, сур’ёзныя траўмы атрымаў ейны 9-гадовы брат. Чатырох чалавек з Land Rover шпіталізавалі, усе выжылі.

Паводле пракурора, Юлія выехала за межы праезнай часткі «беспрычынна». Сама абвінавачаная казала, што не разумее, як такое адбылося, і на судзе прыгадвала, што перад здарэньнем яе нібыта штурхнула ў локаць бабуля, але падрабязнасьцяў ня памятала. Сваёй віны Юлія не прызнавала — сьцьвярджала, што і не перавышала хуткасьць.

Падчас працэсу і сьведкі, і пацярпелыя прасілі пакінуць Юлію на волі.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG