Суд Пружанскага раёну асудзіў капітана міліцыі Сяргея Пухнарэвіча за пʼянае ДТЗ да 7 гадоў калёніі агульнага рэжыму і пастанавіў спагнаць зь яго 8100 рублёў штрафу, паведамілі ў прэс-службе Берасьцейскага абласнога суду.
Міліцыянта прызналі вінаватым паводле ч. 4 арт. 317 («Парушэньне правілаў дарожнага руху пʼяным кіроўцам, якое пацягнула празь неасьцярожнасьць сьмерць чалавека») і ч. 3 арт. 159 («Пакіданьне ў небясьпецы») Крымінальнага кодэксу Беларусі. Таксама яго на 5 гадоў пазбавілі права кіраваньня транспартнымі сродкамі.
Акрамя гэтага, суд пастанавіў спагнаць з упраўленьня ўнутраных спраў Берасьцейскага аблвыканкаму на карысьць маці загінулага 20 тысяч рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.
Аварыя адбылася ў чэрвені 2019 году, участковы інспэктар Пружанскага РАУС на службовым аўтамабілі ВАЗ пераехаў пʼянага раварыста, які ляжаў на краі праезнай часткі каля вёскі Ласасін. Міліцыянт таксама быў нецьвярозым. Ён меў магчымасьць загадзя ўбачыць мужчыну на дарозе і своечасова спыніцца. Пасьля ДТЗ інспэктар уцёк, не дапамог пацярпеламу, які атрымаў сурʼёзныя траўмы. Мужчына памёр па дарозе ў лякарню.
Абвінавачаны на судзе не прызнаў віны ні па адным з пунктаў абвінавачаньня і сьцьвярджаў, што ня піў да аварыі, пісаў Tut.by.
Адразу пасьля здарэньня УУС Берасьцейскага аблвыканкаму паведамляў, што супрацоўнік міліцыі наехаў на 42-гадовага раварыста, які рухаўся па краі праезнай часткі ў спадарожным кірунку.