Супрацоўнік міліцыі зьбіў раварыста ў Пружанскім раёне, той памёр у «хуткай» па дарозе ў шпіталь. Заведзена крымінальная справа, паведаміла УУС Берасьцейскага аблвыканкаму.
Здарэньне адбылося 18 чэрвеня каля 23.00 непадалёк ад вёскі Ласасін Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Паводле афіцыйнай інфармацыі, 43-гадовы супрацоўнік міліцыі, кіруючы аўтамабілем «ВАЗ», наехаў на 42-гадовага раварыста, які рухаўся па краі праезнай часткі ў спадарожным кірунку.
У выніку ДТЗ раварыст атрымаў цяжкія траўмы і памёр у аўтамабілі хуткай дапамогі па дарозе ў лякарню. Міліцыянта затрымалі.
Пружанскі раённы аддзел СК завёў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Парушэньне правілаў дарожнага руху або эксплюатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што прывяло празь неасьцярожнасьць да сьмерці чалавека»).