Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асудзілі былога інспэктара ДАІ зь Вілейкі, які насьмерць зьбіў раварыста і ўцёк


Ілюстрацыйнае фота

Кіроўца Audi, які зьбіў насьмерць раварыста і пакінуў месца аварыі, атрымаў 2,5 года «хатняй хіміі», піша Kraj.by.

Суд Маладэчанскага раёну 10 студзеня прызнаў мужчыну вінаватым у парушэньні ПДР, што стала прычынай сьмерці па неасьцярожнасьці. Акрамя 2,5 года абмежаваньня волі, асуджанага кіроўцу на 3 гады пазбавілі права садзіцца за стырно.

Кіроўца мусіць выплаціць пацярпелай маральную шкоду памерам 10 тысяч рублёў. Матэрыяльны пазоў будуць разглядаць у грамадзянскай справе.

Больш за 20 год быў праваахоўнікам

Падчас працэсу стала вядома, што абвінавачаны працуе мэханікам на Вілейскім камбікормавым заводзе. Раней ён быў супрацоўнікам ДАІ Вілейскага РАУС, адкуль звольніўся пасьля заканчэньня кантракту. Стаж кіроўцы ў яго 25 гадоў, працаваў у праваахоўных органах больш за 20 гадоў.

Як адбылася аварыя?

На судзе мужчына расказаў, што ў дзень аварыі ягоны Audi меў няспраўныя тармазы на задніх колах. Ён ведаў пра пашкоджаньні і карыстаўся аўтамабілем пэрыядычна, раз на тыдзень. Дарога была мокрая ад дажджу. Ford, які ехаў наперадзе, праз 20-30 мэтраў стаў тармазіць. Кіроўца таксама затармазіў, выехаў на правую ўзбочыну, дзе і зьбіў раварыста.

Паводле кіроўцы і некалькіх сьведак, ён заставаўся на месцы здарэньня да моманту, пакуль мэдыкі не перасталі рэанімаваць раварыста. Калі канстатавалі сьмерць, кіроўца пакінуў месца аварыі.

«Пайшоў у лес. Не магу сказаць, чаму. Ніколі ня думаў, што са мной гэта здарыцца», — сказаў асуджаны.

Кіроўца прызнаў сваю віну цалкам і пакаяўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG