Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым падобныя і чым адрозныя прэзыдэнты Беларусі і Эгіпту


Абдэль Фатах Ас-Сісі і Аляксандар Лукашэнка, Менск,18 чэрвеня 2019

Сёньня пачынаецца візыт кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Эгіпет, заплянаваныя яго перамовы з прэзыдэнтам Абдэлем Фатахам Ас-Сісі.

Гэта другі візыт беларускага кіраўніка да цяперашняга лідэра Эгіпту, першы раз Лукашэнка быў з візытам у Ас-Сісі ў 2017 годзе. У сваю чаргу эгіпецкі лідэр летась наведваў Беларусь, Лукашэнка тады ўзнагародзіў госьця ордэнам дружбы народаў.

Параўноўваем двух кіраўнікоў

Аднагодкі

Лукашэнка і Ас-Сісі нарадзіліся ў 1954 годзе, беларускі кіраўнік у жніўні, эгіпецкі — у лістападзе.

Вайсковая «костка»

Уся кар’ера Ас-Сісі зьвязаная з войскам. Ён быў камандзірам батальёну, брыгады, дывізіі. У 2008 годзе быў прызначаны начальнікам штабу Паўночнай вайсковай акругі Эгіпту, затым атрымаў прызначэньне на пасаду намесьніка дырэктара ваеннай выведкі і рэкагнасцыроўкі.

Лукашэнка ў маладосьці служыў тэрміновую службу ў памежных войсках.

Заходняя адукацыя

У 1992 годзе Ас-Сісі навучаўся ў камандна-штабным каледжы ў Вялікабрытаніі, у 2005-2006 гадах праходзіў навучаньне ў вайсковым каледжы ў ЗША.

Бэнефіцыяр рэвалюцыі

У 2010 годзе ў дакладзе для кіраўніцтва ўзброеных сілаў Ас-Сісі прадказаў магчымасьць хуткай рэвалюцыі супраць рэжыму Мубарака і выказаўся за тое, каб войска выступіла на баку народу. Падчас рэвалюцыі 2011 году Ас-Сісі ўвайшоў у склад Найвышэйшай рады ўзброеных сілаў, стаўшы такім чынам самым маладым яго членам. Пасьля адстаўкі прэзыдэнта Хосьні Мубарака з пасады прэзыдэнта Эгіпту, рада ўзяла на сябе функцыі кіраваньня дзяржавай. У жніўні 2012 году Ас-Сісі быў прызначаны кіраўніком рады, стаўшы адначасова галоўнакамандуючым узброенымі сіламі, міністрам абароны і ваеннай прамысловасьці краіны

Лукашэнка ў 1990 годзе на хвалі перабудовы ў СССР быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі. Падчас абраньня ён быў дырэктарам саўгасу.


Рэвалюцыянэр і путчыст

Пасьля пачатку масавых пратэстаў супраць прэзыдэнта Мухамэда Мурсі Ас-Сісі ўчыніў вайсковы пераварот, падчас якога Мурсі быў адхілены ад пасады і ўзяты пад варту. У Каіры былі арыштаваныя больш за 300 чальцоў партыі Мурсі «Браты-мусульмане». У выніку сутыкненьняў войска і паліцыі з прыхільнікамі зрынутага прэзыдэнта былі забітыя 638 чалавек.

«Калі вораг не здаецца — яго зьнішчаюць»

У верасьні 2013 году партыя «Браты-мусульмане» была ў Эгіпце забароненая, у сьнежні 2013 году — абвешчаная тэрарыстычнай арганізацыяй. У сакавіку 2014 году былі асуджаныя да сьмерці 529 чальцоў арганізацыі «Браты-мусульмане», у 2015 годзе — да сьмяротнага пакараньня былі асуджаныя 183 чальцы арганізацыі, у 2018 годзе — яшчэ 75 чальцоў «Братоў-мусульманаў».

Па ацэнках праваабаронцаў з часу прыходу да ўлады Ас-Сісі ў Эгіпце пацярпелі ад палітычнага перасьледу 60 тысячаў чалавек. Да пакараньня сьмерцю быў асуджаны і былы прэзыдэнт Мухамэд Мурсі. Потым пакараньне было замененае на пажыцьцёвае зьняволеньне. Дадаткова яму было выстаўленае абвінавачваньне ў дзяржаўнай здрадзе і шпіянажы. Мурсі памёр у 2019 годзе падчас чарговага суду над ім, у акурат у дзень візыту Ас-Сісі ў Беларусь.

Былы прэзыдэнт Эгіпту Мухамэд Мурсі падчас суду над ім, Каір, сьнежань 2015
Былы прэзыдэнт Эгіпту Мухамэд Мурсі падчас суду над ім, Каір, сьнежань 2015

Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе на адносна свабодных выбарах. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году за краты трапіў канкурэнт Лукашэнкі на выбарах Аляксандар Казулін, пасьля выбараў 2010 году за краты трапілі амаль усе супернікі Лукашэнкі на выбарах, найбольш працяглыя тэрміны за кратамі адбылі зь іх Андрэй Саньнікаў і Мікола Статкевіч.

«Элегантныя» перамогі

У траўні 2014 году Ас-Сісі быў абраны прэзыдэнтам Эгіпту, афіцыйна атрымаўшы 97% галасоў выбарнікаў. У сакавіку 2018 году ён быў пераабраны на пасаду кіраўніка дзяржавы, афіцыйна атрымаўшы 97% галасоў. У Эгіпце ўлады не імкнуцца штучна павялічваць яўку: на выбарах 2014 году яна афіцыйна складала 48%, у 2018 годзе — 40%.

У Беларусі паводле афіцыйных дадзеных Лукашэнка на выбарах у 2010 годзе атрымаў 77% пры яўцы 91%, у 2015 годзе — 83% пры яўцы 87%

Абдэль Фатах Ас-Сісі галасуе на прэзыдэнцкіх выбарах,26 сакавіка 2018
Абдэль Фатах Ас-Сісі галасуе на прэзыдэнцкіх выбарах,26 сакавіка 2018

Рэфэрэндум і працяг паўнамоцтваў

У 2019 годзе ў Эгіпце прайшоў канстытуцыйны рэфэрэндум, на ім прапаноўваліся папраўкі ў Канстытуцыю, якія дазвалялі прэзыдэнту Ас-Сісі заставацца ва ўладзе да 2030 году, тады як па ранейшай Канстытуцыі ён ня меў права балятавацца на выбарах 2022 году. Паводле афіцыйных дадзеных канстытуцыйную прапанову ўхвалілі 89% прагаласаваўшых пры яўцы 44%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG