Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Часта зрынаньне дыктатара — гэта не happy end». Пра карысьць эгіпецкага ўроку для Беларусі


Сьцісла:

  • Да беларускага дыктатара прыехаў эгіпэцкі дыктатар
  • Сотні прыхільнікаў былога прэзыдэнта Эгіпту былі пакараныя сьмерцю ці проста забітыя
  • Сісі стаў бэнэфіцыярам рэвалюцыі 2011 году
  • Гісторыя Эгіпту зрабіла поўнае кола: старога дыктатара пасьля слаўнага зрынаньня і некалькіх гадоў турбулентнасьці зьмяніў маладзейшы
  • Былы кіргіскі прэзыдэнт Бакіеў — такі ж Мурсі, якому не пашанцавала
  • Зьмена дыктатура камуністаў на дыктатуру Лукашэнкі — магчыма не апошні такі цыкль у беларускай гісторыі

Цікавае супадзеньне: учора ў Каіры памёр былы прэзыдэнт Эгіпту Мухамэд Мурсі, а ў гэты ж дзень у Менск прыехаў зь візытам яго пераемнік, Абдэль Фатах аль-Сісі. На першы погляд, прычым адно да другога, дзе Беларусь, а дзе Эгіпет?

Яно, зразумела, так і ёсьць. Але цікавы гістарычны досьвед, прэцэдэнт, у нечым павучальны і для Беларусі. Значныя палітычныя зьмены некалі адбудуцца і ў Беларусі. Найноўшая гісторыя Эгіпту паказвае, якімі нечаканымі яны часамі бываюць.

Да дыктатара прыехаў дыктатар

Да Аляксандра Лукашэнкі ў госьці прыехаў дыктатар. Пра тое сьведчаць і вельмі сумныя ацэнкі становішча з правамі чалавека ў Эгіпце, але хіба не самы наглядны паказьнік — вынікі прэзыдэнцкіх выбараў там. Летась на прэзыдэнцкіх выбарах за Сісі паводле афіцыйных зьвестак прагаласавала 97% выбаршчыкаў. Куды да эгіпецкага калегі Лукашэнку зь яго «сьціплымі» 83% на апошніх выбарах?

Абдэль Фатах аль-Сісі галасуе на прэзыдэнцкіх выбарах, Эгіпет, Каір, 26 сакавіка 2018
Абдэль Фатах аль-Сісі галасуе на прэзыдэнцкіх выбарах, Эгіпет, Каір, 26 сакавіка 2018

Ну і наконт спосабаў абыходжаньня з палітычнымі праціўнікамі хутчэй госьць мог бы падзяліцца досьведам з гаспадаром. Мухамэд Мурсі, папярэднік Сісі, зрынуты ім у 2013 годзе, памёр падчас судовага працэсу над ім. Чарговага — яго ўжо раз асудзілі да сьмяротнага пакараньня, замененага потым на пажыцьцёвае зьняволеньне. Да сьмерці яго асудзілі за ўцёкі з турмы (!) падчас рэвалюцыі 2011 году. А цяпер судзілі за дзяржаўную здраду і шпіянаж.

Мухамэд Мурсі падчас судовага працэсу над ім, Каір, 16 сьнежня 2015
Мухамэд Мурсі падчас судовага працэсу над ім, Каір, 16 сьнежня 2015

Але Мурсі памёр сваёй сьмерцю. А сотні яго прыхільнікаў былі пакараныя сьмерцю праз судовыя прысуды. Толькі ў сакавіку 2014 году на адным працэсе былі асуджаныя да сьмерці 529 чальцоў арганізацыі «Браты-мусульмане», адным зь лідэраў якой быў Мурсі. Па ацэнках праваабаронцаў з часу прыходу да ўлады Сісі ў Эгіпце пацярпелі ад палітычнага перасьледу 60 тысячаў чалавек.

Здавалася б, адзін дыктатар прыехаў да іншага, больш жорсткі і бязьлітасны да параўнальна больш мяккага, усё ж эўрапейскага. Можна было б нават сказаць, што ўсе тыраніі ня вечныя, што ўсе народы прагнуць свабоды, і зрынаньне ўсіх дыктатураў — толькі пытаньне часу... Стоп. Дык у Эгіпце, здаецца ж, і зрынулі. Быў дыктатар Хосьні Мубарак, народ у 2011 годзе зрынуў яго дыктатуру. Але Сісі і стаў бэнэфіцыярам той рэвалюцыі.

Эгіпецкая рэвалюцыя, Каір, плошча Тахрыр, 18 лютага 2011
Эгіпецкая рэвалюцыя, Каір, плошча Тахрыр, 18 лютага 2011

Бэнэфіцыяр рэвалюцыі

У апошнія гады кіраваньня Мубарака ён быў дырэктарам вайсковай выведкі. У лютым 2011 году Мубарак быў зрынуты, а Сісі пасьля гэтага стаў чальцом Вышэйшай вайсковай рады краіны. Былы дыктатар пайшоў уніз, малады генэрал — уверх. Далей болей — у жніўні 2012 году новы, дэмакратычна абраны прэзыдэнт Мухамэд Мурсі прызначыў да таго малавядомага Сісі міністрам абароны і галоўнакамандуючым узброенымі сіламі краіны. «Міністар абароны ў рэвалюцыйным духу» называлі яго.

Ну а 30 чэрвеня 2013 году пачалося тое, што выглядала працягам, другім раўндам рэвалюцыі. Сотні тысячаў людзей выйшлі на вуліцы ўжо супраць першага ў гісторыі Эгіпту дэмакратычна абранага прэзыдэнта. Але галасавалі за яго пераважна людзі глыбока веруючыя, вёска. А на вуліцы выйшлі людзі больш сьвецкія, прыкладна тыя ж, хто за два гады да таго зрыналі дыктатара Мубарака.

Пратэсты супраць прэзыдэнта Мурсі, Каір, плошча Тахрыр, 30 чэрвеня 2013
Пратэсты супраць прэзыдэнта Мурсі, Каір, плошча Тахрыр, 30 чэрвеня 2013

Але амаль адразу за сьпінамі пратэстоўцаў стала бачная другая, акрамя ісламістаў, рэальная палітычная сіла Эгіпту — войска. І войска, кіраванае міністрам Сісі, зрынула прэзыдэнта Мурсі. Вайсковы пераварот ці другая народная рэвалюцыя? Напэўна, спалучэньне і аднаго, і іншага.

Ну а потым пачалася расправа з прайграўшымі. Толькі ў жніўні 2013 году пры падаўленьні акцыяў у падтрымку зрынутага прэзыдэнта ў Каіры войскі і паліцыя забілі больш за 600 чалавек.

Новы фараон

Хто новы фараон, гаспадар краіны, стала хутка зразумела ўсім. На выбарах у траўні 2014 году Абдэль Фатах аль-Сісі быў абраны прэзыдэнтам, атрымаўшы 92.7% галасоў.

Гісторыя зрабіла поўнае кола, поўны цыкль. Старога, усім абрыдлага дыктатара пасьля слаўнага зрынаньня і некалькіх гадоў турбулентнасьці зьмяніў маладзейшы. У нечым нават і больш строгі — Мубарак прынамсі ў апошнія гады не расстрэльваў сваіх палітычных апанэнтаў сотнямі.

На першы погляд, зусім не пра Беларусь. Афрыка — не Эўропа, нават вельмі ўсходняя, традыцыі вайсковых пераваротаў і генэралаў-збаўцаў ніякай няма. Няма і аналягу ісламістаў, згуртаваных у моцную, уплывовую і матываваную арганізацыю. Ніякія партыі ні ў Беларусі, ні ў якіх суседніх краінах і блізка не стаяць паводле гэтых якасьцяў да «Братоў-мусульманаў».

Нехта скажа — ну дык ісламісты ж, іх як бы і не шкада. Сапраўды своеасаблівыя людзі, але ж людзі, не шкодныя інсэкты, якіх трэба зьнішчаць.

Як стаць драконам?

Але карысьць эгіпецкага ўроку, досьведу — у тым, што часта сыход ці зрынаньне дыктатара — гэта не канец гісторыі, не happy end, пасьля якога свабода ўсталёўваецца надоўга ці нават назаўжды.

Нярэдка, як у тым жа Эгіпце, пераможца дракона ці бэнэфіцыяр перамогі над драконам сам робіцца драконам.

Хаця для падобнага досьведу неабавязкова нават так далёка глядзець. У Менску жыве Курманбэк Бакіеў, зрынуты дыктатар Кіргізстану. Ну дыктатар зь яго можа быў і ня надта, але рэвалюцыянэры так казалі ў 2010 годзе. А ў 2005 годзе ён жа быў галоўным рэвалюцыянэрам, правадыром першай кіргіскай рэвалюцыі. Пашанцавала яму значна больш, чым Мурсі, хаця лёс ў нечым падобны.

Лідэры кіргіскай рэвалюцыі 2005 году - Курманбэк Бакіеў і Фелікс Кулаў, кастрычнік 2005 году
Лідэры кіргіскай рэвалюцыі 2005 году - Курманбэк Бакіеў і Фелікс Кулаў, кастрычнік 2005 году

Ды і сам Лукашэнка — відавочны бэнэфіцыяр рэвалюцыі, якая адбылася ў Беларусі і ў СССР напрыканцы 80-х-напачатку 90-х. Была дыктатура камуністаў — прыйшла ёй на зьмену лукашэнкавая. І неабавязкова гэты цыкль — апошні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG