Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча стварыць лягістычны цэнтар у Эгіпце


Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей

Афіцыйны візыт міністра замежных спраў Эгіпту Самеха Хасана Шукры ў Беларусь стаў першым у гісторыі двухбаковых дачыненьняў. Гэта сёньня падкрэсьліў кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства Ўладзімер Макей:

«Сёлета спаўняецца 25 гадоў ад моманту ўстанаўленьня дыпляматычных дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эгіптам. Аднак упершыню за гэтую чвэрць стагодзьдзя нашу краіну наведаў кіраўнік эгіпецкага МЗС. Гэта толькі падкрэсьлівае яго важнасьць. Эгіпет — ня толькі моцны рэгіянальны гулец, але і ўсясьветны. З дапамогай Эгіпту можна вырашаць надзённыя пытаньні ня толькі Блізкага Ўсходу і Афрыкі — кшталту сытуацыі ў Лібіі ці ў Сырыі — а і глябальныя міжнародныя праблемы», — адзначыў Уладзімер Макей.

Міністры пацьвердзілі, што Беларусь наведае прэзыдэнт Эгіпту Абдул-Фатах Ас-Сісі. Але пакуль няма нават прыблізнай даты. Мяркуючы па ўсім, яна будзе ўзгадняцца праз дыпляматычныя каналы ведамстваў.

Што тычыцца гандлёвых дачыненьняў паміж дзяржавамі, то, як прызнаў Уладзімер Макей, летась паказьнікі таваразвароту істотна зьменшыліся. Аднак сёлета назіраецца тэндэнцыя да росту.

Беларусь прапануе Эгіпту перадусім трактары, грузавыя аўтамабілі ды іншую сельскагаспадарчую тэхніку. Прычым Менск хоча забясьпечыць прамысловай прадукцыяй краіны ўсяго рэгіёну, дзеля чаго ў Эгіпце прапануецца стварыць адмысловы лягістычны цэнтар. У якой ступені праект будзе рэалізаваны, міністры прагназаваць не бяруцца — усё праясьніцца падчас прыезду ў Беларусь прэзыдэнта Ас-Сісі.

Як адзначаюць экспэрты, гэта ня першая спроба прасунуць беларускую тэхніку ў рэгіён Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі, аднак з розных прычынаў праект так і не ажыцьцявіўся.

Аляксандар Лукашэнка сёлета ў студзені наведваў Эгіпет з афіцыйным візытам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG