Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ЦРУ паўстагодзьдзя чытала сакрэтную перапіску дзясятка краінаў


ЦРУ і Фэдэральная выведная служба Нямеччыны (БНД) на працягу дзесяцігодзьдзяў мелі доступ да сакрэтных камунікацыях дзясяткаў краінаў — дзякуючы таму, што атрымалі доступ да шыфраванай інфармацыі ў швайцарскім крыптаграфічным абсталяваньні, якое выкарыстоўвалася ўрадамі амаль усяго сьвету.

Пра гэта піша тэлеканал «Настоящее время», спасылаючыся на сумеснае расьсьледаваньне газэты The Washington Post, нямецкага тэлеканалу ZDF і швайцарскага каналу SRF.

Абсталяваньне вырабляла швайцарская кампанія Crypto AG. Магчымасьць узломваць яе ключы ЗША і Заходняя Нямеччына атрымалі неўзабаве пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны, а ў 1970-х ўрады гэтых краінаў выкупілі кампанію і фактычна самі прадавалі замежным дзяржавам узламанае абсталяваньне для шыфраваньня.

Апэрацыя атрымала назву «Тэзаўрус». «Замежныя ўрады плацілі ЗША і Заходняй Нямеччыне добрыя грошы за тое, каб іх сакрэтныя камунікацыі маглі чытаць як мінімум дзьве, а магчыма, нават пяць ці шэсьць краінаў», — цытуюць журналісты аналітычную запіску ЦРУ аб гэтай апэрацыі. Пад «шасьцю краінамі» разумеліся Заходняя Нямеччына, ЗША, а таксама Канада, Вялікабрытанія, Новая Зэляндыя і Аўстралія.

ЦРУ выкарыстоўвала уразьлівасьць шыфравальнага абсталяваньня Crypto AG ажно да 2018 году. У публікацыях аб сакрэтнай апэрацыі ЦРУ і БНД адзначаецца, што Кітай і Расея ніколі не выкарыстоўвалі для шыфраваньня машыны Crypto AG, бо не давяралі іх вытворцам.

Апэрацыя «Тэзаўрус»

Кампанію Crypto AG заснаваў у Швайцарыі ў 1952 годзе вынаходнік Барыс Хагелін. Ён нарадзіўся ў 1892 годзе ў Расейскай імпэрыі, у сям’і швэдзкага прамыслоўца, вучыўся ў Санкт-Пецярбургу і Стакгольме, у 1930-х распрацоўваў шыфравальныя машыны ў кампаніі Эмануіла Нобэля, а пасьля акупацыі Нарвэгіі нацысцкай Нямеччынай уцёк у ЗША. Там ён прадаў партатыўную шыфравальную машыну амэрыканскім вайскоўцам, якія пасьпяхова выкарыстоўвалі яе ў гады Другой сусьветнай вайны і вайны ў Карэі.

У ЗША Хагелін пазнаёміўся з Уільямам Фрыдманам, якога называюць бацькам амэрыканскай крыпталёгіі. Іх сяброўства працягнулася пасьля таго, як Хагелін зьехаў у Швайцарыю. Як піша The Washington Post, у 1951 Фрыдман пераканаў Хагеліна прадаваць свае найноўшыя напрацоўкі толькі краінам, ухваленым амэрыканскім урадам. Такім чынам, адразу пасьля заснаваньня ў 1952 годзе Crypto AG прадавала найноўшыя машыны ЗША і іх саюзьнікам, а «няўхваленыя краіны» куплялі састарэлыя машыны, якія ў Амэрыцы ўмелі узломваць.

У 1960-х, калі на зьмену мэханічным шыфравальным машынам прыйшлі электронныя, Crypto пачала вырабляць шыфравальныя машыны двух тыпаў: цалкам бясьпечныя, для ЗША і іх саюзьнікаў, і небясьпечныя — іх магло узломваць Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША.

Апэрацыя «Рубікон»

У 1970-х гадах ЦРУ і БНД дамовіліся аб куплі Crypto AG. У пачатку 1990-х заходненямецкая спэцслужба з боязі быць выкрытай прадала сваю долю ЦРУ, якое заставалася адзіным уладальнікам кампаніі ажно да 1993 году. Зьвесткамі, атрыманымі ад узлому машынаў, вырабленых гэтай фірмай, амэрыканцы працягвалі карыстацца да ліквідацыі фірмы ў 2018 годзе.

Вяршыня апэрацыі «Тэзаўрус» (пасьля яна была пераназваная ў апэрацыю «Рубікон») прыпала якраз на 1970-я і 1980-я гады. Прыкладам, падчас перамоваў паміж Ізраілем і Эгіптам ў Кэмп-Дэйвідзе ў 1978 годзе ЗША атрымалі магчымасьць перахопліваць сакрэтныя данясеньні, якія дэлегацыя эгіпецкага прэзыдэнта Анвара Садата дасылала ў Каір.

Падчас Ісламскай рэвалюцыі 1979 году ў Іране і захопу закладнікаў у амбасадзе ЗША ў Тэгеране ЦРУ і БНД мелі доступ да зашыфраваных камунікацый рэвалюцыйнага ўраду, які таксама карыстаўся прадукцыяй Crypto AG. У 1982-м, падчас вайны за Фолклэндзкія выспы, ЗША перадавалі Вялікабрытаніі перахопленыя паведамленьні аргентынскіх вайскоўцаў.

Першыя падазрэньні

У 1986 годзе прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган абвясьціў, што ЗША перахапілі паведамленьні лібійскіх афіцыйных асобаў, якія маюць дачыненьне да выбуху ў бэрлінскай дыскатэцы La Belle, калі ахвярамі тэракту сталі тры чалавекі, у тым ліку двое амэрыканскіх вайскоўцаў. Пасьля гэтага спэцслужбы некаторых краінаў сьвету ўпершыню паставілі пад сумнеў бясьпеку крыптаграфічнага абсталяваньня Crypto AG. Неўзабаве пасьля выступу Рэйгана ў Іране быў затрыманы і дапытаны супрацоўнік Crypto, які займаўся продажамі абсталяваньня ў Ісламскай рэспубліцы. Неўзабаве яго адпусьцілі, але ў пачатку 1990-х арыштавалі. Адпушчаны ён быў толькі пасьля таго, як Crypto заплаціла за яго выкуп каля мільёна даляраў. Сродкі выдзеліла БНД.

Аб сувязях Crypto з амэрыканскай выведкай ўпершыню паведаміла ў 1995 годзе газэта The Baltimore Sun. Пасьля гэтага, піша The Guardian, некалькі краін адмовіліся ад выкарыстаньня шыфравальнага абсталяваньня кампаніі. У самой Crypto публікацыю амэрыканскай газэты тады назвалі чуткамі.

Пры гэтым большасьць шараговых супрацоўнікаў кампаніі, хутчэй за ўсё, ня ведалі пра тое, што яна таемна супрацоўнічае з ЦРУ. Адзіны інжынэр Crypto, якому праца шыфравальных альгарытмаў абсталяваньня здавалася падазронай, быў звольнены з кампаніі ў 1977 годзе.

Расьсьледаваньне

Як піша BBC News, урад Швайцарыі з самага пачатку ведаў, што амэрыканскія спэцслужбы мелі доступ да абсталяваньня Crypto AG. У Швайцарыі публікацыя расьсьледаваньня пра сувязь Crypto і ЦРУ выклікала шок — у тым ліку і таму, што кідае цень на ідэю швайцарскага нэўтралітэту і вяртае дзяржаве рэпутацыю краіны, якая «зробіць што заўгодна, калі прызначыць правільную цану».

У студзені 2020 году, пасьля запытаў ад СМІ, якія працавалі над расьсьледаваньнем пра сувязь Crypto AG з ЦРУ, Міністэрства абароны Швайцарыі пачало афіцыйнае расьсьледаваньне. Сьледчую групу ўзначаліў адстаўны судзьдзя Вярхоўнага суду Швайцарыі, першыя высновы павінны быць апублікаваныя ў чэрвені.

Прадстаўніца міністэрства Караліна Борэн заявіла, што «падзеі, пра якія ідзе гаворка, сыходзяць каранямі ў 1945 год, і аднавіць іх і інтэрпрэтаваць ў сучасным кантэксьце цяжка».

На час расьсьледаваньня Швайцарыя прыпыніла продаж крыптаграфічнага абсталяваньня Crypto International AG — кампаніі, якая вырабляла шыфравальныя машыны на экспарт пасьля ліквідацыі Crypto AG у 2018 годзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG