Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць санкцыйнай прадукцыі зь Беларусі ў Расею ўвозяць самі расейцы, — мытны камітэт


Зьнішчэньне санкцыйных прадуктаў у Расеі, архіўнае фота
Зьнішчэньне санкцыйных прадуктаў у Расеі, архіўнае фота

Асноўны аб’ём санкцыйнай прадукцыі, якая трапляе ў Расею з тэрыторыі Беларусі, увозяць самі расейцы, заявіў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Юры Сянько журналістам, піша БелТА.

Паводле Юрыя Сянько, агулам у 2019 годзе беларускія мытнікі канфіскавалі зь незаконнага абароту больш за 14 тысяч тон прадукцыі, склалі больш за 600 адміністрацыйных пратаколаў за незаконнае перамяшчэньне санкцыйных прадуктаў.

«У большасьці выпадкаў гэта парушальнікі з Расейскай Фэдэрацыі, якія тут (у Беларусі — РС) набываюць прадукцыю, а потым па падробленых дакумэнтах спрабуюць яе перавозіць», — удакладніў ён.

У якасьці прыкладу ён прывёў выпадак, які адбыўся на беларускай мяжы 22 студзеня, калі расейскі перавозчык на грузавым аўтамабілі з падробленымі расейскімі нумарамі спрабаваў вывезьці зь Беларусі 19 тон груш, у той час як па дакумэнтах нібыта перавозіў сухое малако магілёўскага прадпрыемства «Бабушкина крынка».

Расея даўно вядзе спрэчкі аб пастаўках зь Беларусі прадуктаў, вырабленых у Эўропе і забароненых для ўвозу ў Расею праз санкцыі, у тым ліку «беларускіх» крэвэтак, шампіньёнаў, манга і папаі і інш.

Са жніўня 2015 году, пасьля таго як прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб зьнішчэньні прадуктаў, якія падпалі пад расейскае харчовае эмбарга, на беларуска-расейскай мяжы пачалі канфіскоўваць, а пасьля зьнішчаць «санкцыйныя прадукты». Указ быў крокам у адказ на заходнія санкцыі за агрэсіўную палітыку Масквы супраць Украіны. Толькі за 2015 год у Расеі зьнішчылі звыш 7,5 тысячы тон санкцыйных харчоў.

У красавіку 2019 году Расея ўвяла забарону на ўвоз яблыкаў і груш зь Беларусі: Масква абвінавачвала Менск у пастаўках санкцыйнай прадукцыі з Эўропы пад выглядам беларускай. Тады патрушчылі сотні тон садавіны зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG