Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ёсьць у Іране піва


Вуліца ў Тэгеране
Вуліца ў Тэгеране

Падзеі ў Іране — сярод першых сюжэтаў міжнародных навінаў. Пры гэтым пра паўсядзённае жыцьцё іранцаў тыя, хто адмыслова не вывучае гэтую краіну, ведаюць няшмат. Гісторык Аляксей Ластоўскі, які быў у Іране, лічыць, што на ўспрыманьне ўплываюць стэрэатыпы, часта вельмі далёкія ад рэчаіснасьці.

Іран не такая ўжо закрытая краіна

— За дзесяцігодзьдзі, якія прайшлі пасьля ісламскай рэвалюцыі 1979 года, у большасьці тых, хто ня быў у Іране, склаўся даволі ўстойлівы імідж. Маю на ўвазе цяпер нават не падтрымку Тэгеранам структураў, якія большасьцю заходніх краінаў прызнаныя тэрарыстычнымі, і не імкненьне зьнішчыць дзяржаву Ізраіль, што, як выглядае, ёсьць часткай дзяржаўнай ідэалёгіі — а, так бы мовіць, стыль існаваньня. Вось гэтыя стотысячныя натоўпы апранутых у чорнае агрэсіўных маладых людзей, жорсткія нормы паводзінаў (ні граму алькаголю, нават піва), і гэтак далей. Міжволі прыгадваецца ГУЛАГ, «Шаг вправо, шаг влево — попытка к бегству, расстрел на месте». Наколькі гэта адпавядае таму, што бачыць чалавек зь іншага сьвету, калі ўпершыню прылятае ў Іран?

Аляксей Ластоўскі
Аляксей Ластоўскі

— У мяне не такі і вялікі іранскі досьвед, гэта толькі адна вандроўка, але гэта ня быў нейкі арганізаваны групавы тур, я падарожнічаў самастойна і мог на свае вочы ўбачыць тое, што хацелася. Іран не такая ўжо закрытая краіна, бо прынамсі некалькі маіх знаёмых таксама туды езьдзілі, і ва ўсіх засталіся больш-менш падобныя ўражаньні. Іран не зачынены, у Менску ў амбасадзе можна атрымаць візу, ёсьць прамыя пералёты. Дарэчы, у Беларусі вучыцца шмат іранскіх студэнтаў, пераважна гэта мэдыкі.

Па-першае, нічога падобнага на ГУЛАГ жыцьцё ў Іране не нагадвае. Так, гэта мусульманская краіна, і натуральна, што ёсьць пэўныя нормы паводзінаў, у тым ліку і для замежнікаў. Нормы не такія ўжо і жорсткія, па сутнасьці, гэта толькі некалькі абмежаваньняў. Натуральна, у вольным продажы няма алькаголю (хаця кантрабандна ён прадаецца). І ёсьць нормы адзеньня для жанчын, своеасаблівы дрэс-код. Але на гэтым усё завяршаецца. Бо нават калі казаць пра жанчын, так, абмежаваньні па вопратцы ёсьць, але іх сацыяльны статус значна больш вольны, чым, напрыклад, у Саудаўскай Арабіі, дзе толькі зусім нядаўна жанчыны атрымалі права кіраваць аўтамабілем. У Іране шмат жанчынаў, занятых у публічнай сфэры, нейкіх абмежаваньняў на кантакты, размовы.

Трэба адразу заўважыць, што Іран мае такіх суседзяў, як Ірак і Аўганістан, таму, вядома ж, ёсьць памежныя зоны, дзе значна больш абмежаваньняў, выкліканых элемэнтарнымі патрэбамі бясьпекі. Але калі размова ідзе пра цэнтральны Іран, дык там знаходзіцца досыць бясьпечна, і там камфортная атмасфэра, у тым ліку і для турыстаў. Людзі цябе радыя бачыць, ахвотна з табой размаўляюць, ахвотна дапамагаюць у розных сытуацыях. Хаця з ангельскай мовай там ня так бліскуча, як магло б быць. Але заўсёды знаходзіліся людзі, якія маглі камунікаваць і дапамагчы вырашыць нейкія праблемы.

— Вы свабодна перамяшчаліся па Ірану? Бо, скажам, у Паўночнай Карэі такой магчымасьці ў турыстаў няма, ня кажучы ўжо пра сачэньне за імі.

— Я падарожнічаў па досыць турыстычных месцах, але і досьвед тых, хто езьдзіў у іншыя зоны, асабліва нічым не адрозьніваецца. Пры набыцьці білету пашпарту ў цябе не патрабуюць, ніхто не правярае, зь якой ты краіны і гэтак далей. Ты можаш набыць квіток і паехаць куды хочаш, ніякага кантролю за гэтым няма. Адзінае, што часам аўтобусы спыняюць, але не дзеля праверкі пашпартоў, а дзеля праверкі адсутнасьці выбухоўкі ці нечага падобнага. Гэта такая мера, якую можна патлумачыць знаходжаньнем краіны ў небясьпечным суседзтве.

Пэрсэполіс, Іран
Пэрсэполіс, Іран

Піва ў Іране ёсьць. Але...

— Як беларус, да чаго вы там не маглі прызвычаіцца? Для некаторых было б дыскамфортна не паспрабаваць за тыдзень глыток піва.

Я ня бачу вялікіх праблемаў — калі ты едзеш у краіну, ты мусіш кіравацца нейкімі яе правіламі, а ўстрыманьне ад алькаголю на нейкі час карыснае для здароўя. Дарэчы, піва там прадаецца, але — безалькагольнае, у мностве варыянтаў. Так што смагу там задаволіць можна.

Вядома ж, для беларуса адзін з такіх момантаў — гэта тое, што цэны там досыць высокія, асабліва калі казаць пра жытло, пераезды. Няма адчуваньня, што ты прыяжджаеш у бедную краіну. Іранцы не зьдзіўляюцца беларускім заробкам, у тым сэнсе, што ня лічаць іх высокімі.

— Які там сярэдні рэальны заробак, па вашых адчуваньнях?

Думаю, што ў межах 500-700 даляраў на месяц там атрымоўваюць. Але гэта не дакладныя статыстычныя зьвесткі, гэта хутчэй высновы з размоваў зь людзьмі.

Надзвычайнае значэньне для чалавецтва

— Прэзыдэнт ЗША Трамп спачатку прыгразіў зьнішчэньнем у тым ліку і іранскіх культурных помнікаў, але потым заявіў, што будзе выконваць нормы міжнароднага права і абʼекты культурнай спадчыны мішэнямі ня будуць. Ужо само тое, што Трамп, які, скажам гэтак, ня часта выказваецца на тэмы культуры, прыгадвае такія аб’екты, сьведчыць пра іх значнасьць. Што вас, як гісторыка, найбольш уразіла з таго, што вы ўбачылі на ўласныя вочы?

— Іран, альбо фактычна можна казаць пра Пэрсію (бо Іран больш сучасная назва) — тое месца, адкуль пачалася пісьмовая гісторыя як такая. Бо калі мы ўзгадаем першую кнігу гістарычную Герадота, дык яна прысьвечаная грэка-пэрсыдзкім войнам. Можна лічыць, што Пэрсыдзкая імпэрыя — адна з найбольш вялікіх дзяржаваў антычнага сьвету, якая валодала вельмі высокай палітычнай культурай і мела надзвычайнае значэньне для разьвіцьця чалавецтва. Таму, у першую чаргу, мяне цікавілі месцы, зьвязаныя найперш з Пэрсыдзкай імпэрыяй, і там гэта ў значнай ступені захавалася. Пэрсэполіс, сьвяшчэнны горад, які быў разрабаваны і спалены войскамі Аляксандра Македонскага, але рэшткі яго засталіся, ёсьць магілы і асобна Кіра — заснавальніка імпэрыі, і іншых цароў. Надзвычай файныя археалягічныя музэі ў Тэгеране. Гэта — тое, што мае надзвычайную вартасьць для ўсяго чалавецтва.

У Нацыянальным музэі, Тэгеран
У Нацыянальным музэі, Тэгеран

Хаця гісторыя Ірану гэтым не абмяжоўваецца. Там была створаная своеасаблівая ісламская культура з мноствам мячэцяў, якія ўяўляюць архітэктурныя дасягненьні. Гэта не фанатычная краіна, у адрозьненьні ад Саудаўскай Арабіі, дзе Мэку альбо Мэдыну забаронена наведваць немусульманам. У Іране ўсе сьвятыя для шыітаў мясьціны адчыненыя для немусульманаў. Таксама своеасаблівы культурны комплекс — горад Езд, адзін з сакральных цэнтраў зараастрызму, рэлігіі, якая панавала ў Пэрсіі да прышэсьця ісламу. Там ёсьць храм з вагнём нязгасным, які захоўваецца больш за тысячу год. Таксама ў Іране, пры публічным поўным панаваньні ісламу, ёсьць месца і для іншых рэлігіяў. У тым ліку і хрысьціянства, бо ёсьць там армянскія цэрквы, напрыклад.

Турыстаў просяць сфатаграфавацца

— Наколькі шмат там турыстаў, як у гэтым сэнсе Тэгеран адрозьніваецца ад турыстычных эўрапейскіх цэнтраў?

— Турыстаў там няшмат. І гэта зусім неадпаведна таму культурнаму багацьцю, якое маецца ў Іране. Натуральна, турыстаў магло быць значна больш.

Я быў тры гады таму, гэта быў адносна спакойны час, ня было эскаляцыі напружаньня, але нават тады за восем дзён вандровак я пабачыў чалавек сто заходніх турыстаў. Гэта былі палякі, французы, немцы. Але трэба ўлічыць, што гэта былі славутыя і легендарныя мясьціны. Спрацоўвае імідж «цэнтру зла», «іслямскага фанатызму», што на мой погляд па сутнасьці не адпавядае рэчаіснасьці. Ёсьць і складанасьці з атрыманьнем візаў, хаця для беларусаў гэта не складаная працэдура.

Калі мясцовыя жыхары бачаць, што вы — турыст, дык адразу пачынаюць прасіць сфатаграфавацца, прапануюць нечым дапамагчы. Стаўленьне да замежных турыстаў вельмі пазытыўнае.

Адмовіцца ад дэманізацыі

— Калі казаць пра пэрспэктывы вырашэньня канфлікту Ірану з Захадам — што, як мы разумеем, можа заняць вельмі доўгі час, — на ваш погляд, якія асаблівасьці мэнтальнасьці іранцаў варта было б улічваць заходнім палітыкам?

— Па-першае, я ня думаю, што існуюць у любога народу нейкія ўстойлівыя мэнтальныя рысы. Мне падаецца, гэта таксама нейкі ўстойлівы стэрэатып. Мне падаецца, гэта таксама досыць хісткі канструкт.

Але калі казаць пра тое, што варта было б рабіць — варта было б адмаўляцца ад нейкай дэманізацыі Ірану, ад успрыманьня насельніцтва як рэлігійных фанатыкаў і гэтак далей, бо гэта толькі шкодзіць і маргіналізуе краіну, нэгатыўна ўзьдзейнічае на ўспрыняцьце іранцамі і сябе, і заходнім сьветам.

Трэба разумець, што гэта краіна, дзе шмат моладзі, шмат людзей адукаваных, прычым многія вучыліся ў заходніх унівэрсытэтах. Зноў жа, у Іране існуе і палітычная разнастайнасьць. Мноства сілаў, якія маюць розныя палітычныя кірункі, больш кансэрватыўныя ці больш лібэральныя і гэтак далей. Ёсьць з кім дамаўляцца, ёсьць з кім размаўляць.

Але мова сілы, кшталту «давайце мы па вас шандарахнем ракетай, а потым будзем вас запалохваць» — беспэрспэктыўная. Бо Іран краіна, якая мае вялізарны дэмаграфічны патэнцыял. Гэта краіна, якая прайшла праз страшэнныя войны, і сілай запалохаць яе не атрымаецца. Іран усьведамляе сябе лідэрам у рэгіёне, а з такімі краінамі ня варта размаўляць мовай пагрозаў. Ёсьць людзі, зь якімі можна дамаўляцца. І калі б дамаўляліся, напэўна, сытуацыя была б лепей. Бо былі ж дамоўленасьці адносна ядзернай праграмы. Але тое, што адбываецца цяпер, успрымаецца катастрофай, у якой я б не вінаваціў у першую чаргу Іран.

На залатыя горы разьлічваць ня варта

— Ці ёсьць пэрспэктывы ўзаемадачыненьняў (у тым ліку і эканамічных) паміж Іранам і Беларусьсю — як сёньняшняй, гэтак і будучай, дэмакратычнай?

— Вэктары і культурныя, і палітычныя ў Беларусі і Ірану досыць розныя.

Іран, адрозна ад Кітаю, не прэтэндуе на ролю глябальнага гульца. Для Беларусі гэта найперш краіна з багатымі радовішчамі нафты. Ва ўмовах цяперашняй сытуацыі, калі ёсьць праблемы пастаўкі нафты з Расеі, вядома ж, дывэрсыфікацыя магла б быць досыць пэрспэктыўнай для Беларусі. У гэтым рэчышчы і працавалі, толькі што гэта не дало выдатных вынікаў.

Думаю, таму, што інтарэсы Беларусі і Ірану адрозныя, і супраца ранейшая вынікалі з пазыцыі альянсу ці сяброўства «адрынутых» — тых, хто быў пад санкцыямі, не ўспрымаўся на Захадзе. Але такая пазыцыя — пазыцыя слабых і не дае эфэктыўных вынікаў. На залатыя горы разьлічваць ня трэба, але ў пэўным эканамічным, культурным, адукацыйным фармаце працу з Іранам варта разьвіваць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG