Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША абурыліся дапамогай Расеі і Кубы рэжыму Нікаляса Мадура


Нікаляc Мадура
Нікаляc Мадура

Адміністрацыя ЗША была зьдзіўленая тым, што Расея і Куба вырашылі выкарыстаць «сваю сілу і ўладу» для падтрымкі рэжыму Нікаляса Мадура ў Вэнэсуэле. Пра гэта ў ходзе тэлефоннага брыфінгу 7 сьнежня заявіла намесьніца памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Вэнэсуэлы і Кубы Кэры Філіпэты, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Мы былі гэтаму адкрыта зьдзіўленыя, бо, калі паглядзець на рэжым Мадура, то відаць адразу і некампэтэнтнасьць, і тое, што ён заснаваны не на дэмакратычных, а на дыктатарскіх прынцыпах, на гвалце, запалохваньні і парушэньні правоў чалавека. І Куба з Расеяй вырашылі яго падтрымаць — як фінансава, так і ў сэнсе арганізацыі сачэньня, а таксама, у выпадку з кубінцам, і ваенным чынам», — канстатавала Кэры Філіпэты.

Паводле яе, рэжым Мадура павінен пазбавіцца міжнароднай падтрымкі, бо ён парушае канстытуцыю Вэнэсуэлы і падрывае яе сувэрэнітэт.

Кэры Філіпэты пацьвердзіла, што ЗША назіралі «некаторую расейскую тэхнічную вайсковую прысутнасьць у Вэнэсуэле» з сакавіка 2019 году, калі ЗША заўважылі, як расейскія вайскоўцы высадзіліся ў Вэнэсуэле.

«Я хацела б адзначыць, што Нацыянальны Сход не даваў ніякіх дазволаў для расейцаў, кубінцаў або любых іншых замежных вайсковых чыноўнікаў знаходзіцца ў Вэнэсуэле, таму іх прысутнасьць таксама ёсьць парушэньнем сувэрэнітэту Вэнэсуэлы і незаконная паводле ўнутранага заканадаўства Вэнэсуэлы», — лічыць прадстаўніца дзярждэпартамэнту.

Для міжнароднай супольнасьці, адзначыла намесьніца памочніка дзяржсакратара ЗША, павінна быць ясна, што ўяўляе сабой рэжым Нікаляса Мадура:

«Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет падкрэсьліла гэта ў сэрыі дакладаў аб цяжкай сытуацыі з правамі чалавека ў Вэнэсуэле: эскадроны сьмерці Мадура нясуць адказнасьць за больш як 7000 пазасудовых забойстваў на працягу 18 месяцаў, а сотні палітычных зьняволеных працягваюць пакутаваць у вэнэсуэльскіх турмах».

ЗША падтрымалі перавыбраньне апазыцыйнага лідэра Хуана Гуайдо на пасаду старшыні Нацыянальнага Сходу Вэнэсуэлы і працяг выкананьня ім абавязкаў часовага прэзыдэнта краіны, пра што было абвешчана 5 студзеня. 7 студзеня Гуайдо і яго прыхільнікам — апазыцыйнай большасьці парлямэнту Вэнэсуэлы — удалося трапіць у памяшканьні Нацыянальнай Асамблеі пасьля паўгадзіны супрацьстаяньня з вайскоўцамі, якія акружылі яе будынак.

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG