Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сядзелі побач і цалаваліся». Асудзілі хлопца, які напаў на ЛГБТ-кампанію ў Менску

абноўлена

Абвінавачаны — 19-гадовы Іван Г.

У Ленінскім раённым судзе 24 сьнежня прайшоў працэс у справе аб зьбіцьці кампаніі геяў. Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 25 жніўня каля Кастрычніцкай вуліцы, дзе часта адпачываюць ЛГБТ-кампаніі.

Абвінавачаны — 19-гадовы Іван Г. Ям інкрымінавалі 2-ю частку 339-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (злоснае хуліганства).

Суд прыгаварыў Івана Г. да 1,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія»). Таксама задаволены грамадзянскі пазоў Мікалая Купрыча да Івана Г. — 5400 беларускіх рублёў кампэнсацыі.

Пацярпелы — Мікалай Купрыч (у цэнтры)
Пацярпелы — Мікалай Купрыч (у цэнтры)

Іван Г. сказаў, што абскарджваць прысуд ня будзе. Пацярпелыя таксама заявілі, што абскарджваць пастанову суду ня будуць.

«Выпілі бутэльку гарэлкі на дваіх»

Малады чалавек мае сярэднюю адукацыю, працуе апэратарам на заводзе ў Менску, пражывае ў Менскім раёне.

Увечары 24 жніўня ён сустрэўся з сябрам, зь якім расьпілі пляшку гарэлкі — паводле сьледзтва, 0,7 літра на дваіх. Потым сустрэлі сяброўку і апынуліся разам на аўтазапраўцы на вуліцы Леніна, дзе працягвалі адпачываць. Там, паводле абвінавачаньня, Іван Г. 5 разоў ударыў Арцёма С., яшчэ ня меней за 6 разоў ударыў Андрэя Г. і 2 разы пхнуў Яну Я. Таксама ён выцяў Мікалая Купрыча ў галаву і зламаў таму нос. Абвінавачаньне лічыць, гэта было зроблена з хуліганскіх намераў у стане алкагольнага ап’яненьня.

У выніку дзяржаўны абвінаваўца прасіў суд пакараць Івана Г. абмежаваньнем волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы цягам 1,5 года і прызнаць абцяжлівым фактам тое, што злачынства зроблена ад нянавісьці да ЛГБТ-супольнасьці.

Падсудны: «Хлопцы сядзелі побач і цалаваліся»

Абвінавачаны Іван Г. прызнаў віну цалкам. Вось што ён расказаў пра канфлікт, які прывёў да сёньняшняга суду.

«Мы зь сябрамі зайшлі на запраўку на вуліцы Леніна. Да таго выпілі на дваіх бутэльку гарэлкі. Сядзелі за столікам, і я ўбачыў двух хлопцаў, якія адбымаліся і цалаваліся. Я падышоў удакладніць, ці яны геі. Спытаў, але адказу не атрымаў. Мне прапанавалі прайсьці зь імі ў гей-клюб. Я пхнуў аднаго зь іх, С., і некалькі раз яго ўдарыў у галаву». Чаму ўдарыў, спачатку не сказаў, але пракурор і суд настаялі, каб падсудны патлумачыў, за што ён ўдарыў пацярпелага С.

«Мне не спадабалася яго прапанова прайсьці ў гей-клюб», — адказаў у выніку Іван Г..

Пасьля зьбіцьця Арцёма С. у падсуднага пачаўся канфлікт з Андрэем Г.. Той спрабаваў яго сьцішыць, але Іван Г. і яго пабіў — ня менш за 6 разоў выцяў галаву і цела. Гэта абвінавачаны прызнаў і сказаў, што Андрэй Г. яму нічым не пагражаў. А чаму ён ударыў яго, Іван Г. ня памятае.

Затое памятае, як яго спрабавала суцішыць Яна Я., ягоная знаёмая. «Прасіла супакоіцца, адцягвала ад месца канфлікту. Мог і яе ўдарыць, так», — пагадзіўся са сьледзтвам Іван Г.. Але і на гэтым канфлікт не закончыўся. Праз хвіліну да месца канфлікту падышоў Мікалай Купрыч. «Ён паспрабаваў пачаць са мной дыялёг, але я нанёс яму ўдар у твар кулаком. Чаму, ня памятаю», — сказаў Іван Г.

Мікалай Купрыч пасьля зьбіцьця
Мікалай Купрыч пасьля зьбіцьця

Мікалай Купрыч ад удару ўпаў на зямлю і працягваў ляжаць, але Іван Г. яму ніяк не дапамог. «Я разьвярнуўся і пайшоў», — сказаў падсудны. Але паводле абвінавачаньня падзеі разьвіваліся ня так, як ён кажа. Насамрэч і пасьля гэтага Іван Г. не пайшоў, а яшчэ тройчы ўдарыў пацярпелага Андрэя Г.. Гэта пацьвярджае і відэа з аўтазапраўкі. Пасьля бойкі Іван Г. пайшоў у бар зноў выпіваць.

Упершыню папрасіў прабачэньня

Іван Г. лічыць, што гэта ад выпітай гарэлкі ён так сябе паводзіў. На пытаньне суду, ці прасіў ён прабачэньня ў пацярпелых, Іван Г. адказаў, што не. «Чаму?» — «Было сорамна». Суд прапанаваў падсуднаму зрабіць гэта цяпер, на працэсе. У выніку Іван Г. павярнуўся да пацярпелых і папрасіў у іх прабачэньня за маральную шкоду, якую ім нанёс.

На судзе Іван Г. так і не прызнаў, што ўдарыў Мікалая Купрыча з прычыны меркаванай датычнасьці таго да ЛГБТ-супольнасьці. Тое, што ён даваў такія паказаньні на сьледзтве, падсудны ніяк не патлумачыў. «Ня памятаю».

Мікалай Купрыч у камэнтары сказаў, што ня верыць у шчырасьць выбачэньняў Івана Г., але прысудам задаволены.

«Мы нават прапаноўвалі мякчэйшае пакараньне, усяго месяц арышту, але суд вырашыў інакш. Хай пабудзе паўтара года пад абмежаваньнем волі, можа, гэта стане для яго ўрокам. Але пакуль ня бачу, каб асабліва перажываў».

Пра сваё здароўе пацярпелы сказаў, што зь ім усё добра.

Пацярпелыя: канфілікт узьнік на глебе нянавісьці да ЛГБТ

Суд дапытаў пацярпелых у справе. Іх чацьвёра. Акрамя Мікалая Купрыча, які найбольш пацярпеў, гэта таксама Арцём С., Андрэй Г. і Яна Я. Першым дапыталі Арцёма С. Ён прызнаў, што таксама быў нападпітку. «Выпіў 200 грамаў каньяку і літар піва». Паводле С., падсудны, калі падышоў да яго з Г., быў вельмі агрэсіўны.

«Ён спытаў мяне наконт маёй сэксуальнай арыентацыі і пачаў зьневажаць. Я ж прызнаў, што я гей, і дадаў, што мы жывём у ХХІ стагодзьдзі і што ён можа зайсьці ў бар, які знаходзіцца праз сто мэтраў адсюль, і пераканацца, што такіх людзей шмат». Паводле Арцёма С., пасьля гэтых словаў падсудны яго некалькі разоў выцяў, у тым ліку спрабаваў ударыць яму нагой паміж ног.

У канцы допыту Арцём С. сказаў, што дараваў падсуднаму і папрасіў суд не караць яго пазбаўленьнем волі.

Адвакат Дзьмітры Лепрэтар і Мікалай Купрыч
Адвакат Дзьмітры Лепрэтар і Мікалай Купрыч

Андрэй Г.: «Так, С. сядзеў у мяне на каленях»

Пацярпелы Андрэй Г. расказаў, што пазнаёміўся зь іншымі пацярпелымі ў справе на вуліцы Кастрычніцкай, дзе бавіў час, у тым ліку выпіваў алкаголь. Потым маладыя людзі зайшлі на аўтазапраўку і сядзелі на адным крэсле, бо не было вольных месцаў. «С. сядзеў то у мяне на каленях, то побач на зямлі, бо там было шмат людзей. Тут падыйшоў падсудны і спытаў, ці мы геі». Паводле пацярпелага Андрэя Г., падсудны спачатку ўдарыў С., а потым ня менш за 6 разоў і яго. Пра зьбіцьцё Мікалая Купрыча пацярпелы Андрэй Г. прыгадаў: «Калі Купрыч падыйшоў да нас, падсудны спытаў, ці ён таксама гей. На гэта Купрыч адказаў: „А калі так, дык што?“ і адразу атрымаў удар ў твар, ад якога паваліўся. Пасьля гэтага я выклікаў „хуткую“, а пазьней зьвярнуўся у міліцыю».

Андрэй Г. сказаў, што цяпер таксама ня мае прэтэнзій да падсуднага, але дадаў, што ён чакаў прабачэньняў яшчэ на вочнай стаўцы. Г. ня выказаўся пра пакараньне Г.: «На меркаваньне суду».

Пацяпелы Купрыч: «Я пачаў адыходзіць, як атрымаў удар»

Мікалай Купрыч працуе фатографам. 24 жніўня ён зь сябрамі адпачываў на Кастрычніцкай вуліцы, адтуль уначы пайшоў на аўтазапраўку, якая знаходзіцца побач, на вуліцы Леніна. Ён мяркуе, што Іван Г. ударыў яго менавіта з прычыны меркаванай прыналежнасьці да ЛГБТ. «Ён настойліва пытаўся ў мяне, ці я гей, а я адказаў, што калі так, дык што?», — прыгадаў пра канфлікт пацярпелы Купрыч. Паводле Купрыча, ён ужо адыходзіў ад падсуднага, бо палічыў, што канфлікт вычарпаны, як атрымаў моцны ўдар у твар, ад якога паваліўся на столік.

Паводле мэдыцынскай даведкі, у Мікалая Купрыча быў пералом касьцей носа і траўмы твару і сківіцы, ён некалькі дзён правёў у шпіталі. Мікалай Купрыч патрабуе кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды, якую яму нанёс Іван Г., у памеры 5400 рублёў.

Мікалай Купрыч каля суда.
Мікалай Купрыч каля суда.

«Ён добры хлопец»

Пацярпелай у справе сьледзтва прызнала і сяброўку Івана Г. Яну Я. якая адпачывала разам зь ім і спрабавала адцянуць яго зь месца бойкі. Іван Г. некалькі разоў пхнуў яе, «каб не перашкаджала». Між тым гэта Яна ўгаварвала Андрэя Г. не выклікаць міліцыю, бо «ён добры хлопец». І цяпер пацярпелая ня мае да падсуднага прэтэнзій. Пры гэтым дзяўчына выказалася за тое, каб яе сябар панёс пэўнае пакараньне, але не абмежаваньнем волі.

Іван Г.
Іван Г.

Што здарылася

24 сьнежня Іван Г. на вуліцы Кастрычніцкай напаў на ЛГБТ-кампанію. Ад нападніка пацярпеў Мікалай Купрыч, рэжысэр і апэратар дакумэнтальнага кіно. Ён трапіў у шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай і пераломам носа. Сьледчы камітэт неўзабаве пачаў праверку, але злавілі падазраванага толькі праз амаль два тыдні. Спрычынілася да затрыманьня тая ж самая ЛГБТ-кампанія. Зноў на той жа вуліцы і ў тым жа месцы маладыя людзі ўбачылі хлопца, падобнага да нападніка.

«І мы спачатку не разумеем, як гэта магчыма: чувак такі тупы, ці што? — кажа адзін зь відавочцаў здарэньня Андрэй Завалей. — У галаве ня ўкладваецца: як ён мог прыйсьці на тое ж месца? І мы засумняваліся — можа, ня ён». Маладыя людзі ўсё ж выклікалі міліцыю і не памыліліся: калі хлопца пачалі затрымліваць, той паспрабаваў уцячы, але быў схоплены. Пазьней на вочнай стаўцы пацярпелы Мікалай Купрыч апазнаў нападніка. З словаў Мікалая, на пытаньне сьледчага «За што ты ўдарыў?» затрыманы хлопец адказаў: «Бо ён адносіцца да групы ЛГБТ».

«Г. абвінавачваецца паводле артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу, гэта хуліганства», — паведамілі Свабодзе ў Ленінскім раённым судзе.

Максымальнае пакараньне, прадугледжанае 1-й часткай 339-га артыкулу КК — два гады зьняволеньня.

Справа Міхаіла Пішчэўскага — 2?

Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота
Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота

Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч параўнаў працэс, які мае адбыцца ў Ленінскім раённым судзе, з працэсам у справе Міхаіла Пішчэўскага і адзначыў, што зноў праваахоўнікі ўхіліліся ад кваліфікацыі дзеяньняў падазраванага як матываваных нянавісьцю да пэўнай сацыяльнай групы.

«З інфармацыі ў мэдыя пра інцыдэнт мы ведаем, што хуліган ня ўтойваў сваёй нянавісьці да ЛГБТ-супольнасьці. Але чамусьці пакуль яму інкрымінуюць толькі звычайнае хуліганства, без абцяжлівага матыву — нянавісьці да пэўнай сацыяльнай групы. Тое ж назіралася і ў справе Міхаіла Пішчэўскага, які памёр пасьля таго, як яго ўдарылі менавіта за тое, што ён быў гей. Тады сьледзтва, а потым суд, які двойчы разьбіраў справу, упарта не хацелі і ня ўбачылі гэтага матыву. Паглядзім, што будзе цяпер ў судзе, але не выключаю, што сытуацыя паўторыцца», — сказаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

У траўні 2014 году, выйшаўшы з гей-вечарыны, быў жорстка зьбіты і трапіў у кому мянчук Міхаіл Пішчэўскі. Ён перанёс апэрацыю выдаленьня часткі мозгу і памёр у шпіталі больш як праз год пасьля здарэньня. За зьбіцьцё Міхаіла Пішчэўскага, якое прывяло да сьмерці пацярпелага, мянчук Дзьмітры Лукашэвіч атрымаў 3 гады зьняволеньня і ў 2017 годзе выйшаў на волю.

Забойства Міхаіла Пішчэўскага. Што важна ведаць

Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота
Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота
  • Канфлікт адбыўся каля менскай кавярні Underworld, дзе 25 траўня 2014 году праходзіла гей-вечарына, на якую прыйшоў і Міхаіл Пішчэўскі.
  • Былы настаўнік фізкультуры Зьміцер Лукашэвіч адмыслова прыйшоў да кавярні, дзе геі зьбіраліся на вечарыну, і жорстка зьбіў Пішчэўскага.
  • Пішчэўскі патрапіў у шпіталь у стане комы, перанёс апэрацыю па выдаленьні часткі мозгу, доўгі час ляжаў у 5-ым сталічным шпіталі. Памёр 27 кастрычніка 2015 году.
  • Лукашэвіча асудзілі на 2 гады і 8 месяцаў пазбаўленьня волі «за хуліганства і прычыненьне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў», але хутка выпусьцілі па амністыі.
  • Калі Міхаіл Пішчэўскі памёр, адбыўся другі суд. Лукашэвіч папрасіў суд «строга яго не караць». Яго асудзілі да 3 год пазбаўленьня волі і кампэнсацыі за маральную шкоду памерам 10 000 даляраў на карысьць сям’і Пішчэўскага. Аднак менш чым праз год Лукашэвіч зноў апынуўся на волі.
  • Пры гэтым суды так і не прызналі ў дзеяньнях Зьміцера Лукашэвіча варожасьці на глебе гамафобіі.
  • Беларусь застаецца адной зь нешматлікіх краінаў, дзе няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў адносінах да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці. І невядома, калі яно зьявіцца.
  • Вясной 2017 году была заснаваная грамадзкая кампанія «Справа Пі», названая так у памяць пра Міхаіла Пішчэўскага. Актывісты кампаніі ставяць на мэце зьменшыць узровень гамафобіі і трансфобіі ў беларускім грамадзтве і спыніць ігнараваньне праблемаў ЛГБТ-супольнасьці як уладай, так і СМІ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG