Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраванага ў нападзе на ЛГБТ-кампанію на Кастрычніцкай затрымала тая ж кампанія


Мікалай Купрыч, апэратар, якога зьбілі на Кастрычніцкай вуліцы за тое, што назваўся геем
Мікалай Купрыч, апэратар, якога зьбілі на Кастрычніцкай вуліцы за тое, што назваўся геем

У ноч з 24 на 25 жніўня ў Менску ў раёне вуліцы Кастрычніцкай невядомы напаў на ЛГБТ-кампанію. Мікалай Купрыч, рэжысэр і апэратар дакумэнтальнага кіно, трапіў у шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай і пераломам носа. Сьледчы камітэт распачаў праверку, але злавілі падазраванага ў ноч з 7 на 8 верасьня, праз два тыдні. Зрабіла гэта ў тым жа месцы тая самая ЛГБТ-кампанія.

У кампаніі часткова былі людзі, прысутныя пры здарэньні два тыдні таму. Яны і заўважылі побач хлопца, які быў дужа падобны да нападніка.

«І мы спачатку не разумеем, як гэта магчыма: чувак такі тупы, ці што? — кажа Андрэй Завалей, адзін зь відавочцаў здарэньня, грамадзкі актывіст. — У галаве ня ўкладваецца: як ён мог прыйсьці на тое ж месца? І мы засумняваліся — можа, ня ён».

Калі ўпэўніліся, выклікалі міліцыю. Але калі хлопца пачалі затрымліваць, той паспрабаваў уцячы. Па словах Андрэя, ён пасьпеў яго перахапіць. Пасьля міліцыянты надзелі падазраванаму кайданкі і адвезьлі яго ў Ленінскі РУУС. Хлопец у пастарунку паводзіў сябе нахабна і агрэсіўна, яго пакінулі ў камэры за абразу супрацоўніка праваахоўных органаў.

Раніцай 9 верасьня Сьледчы камітэт выклікаў Мікалая Купрыча для правядзеньня вочнай стаўкі.

«Яны вывелі яго ў калідор, і мяне пасьля паклікалі, — кажа Мікалай. — Я, як толькі яго пабачыў, адразу зразумеў: ну ясна, ён самы. Ён малады, яму 19 год. Спачатку ён вольна пачуваўся, ня ведаў, што яго чакае, такі „клёвы“, маўляў, „я круты пацан“».

Па словах Мікалая, цягам размовы хлопец сумеўся. На пытаньне сьледчага «За што ты ўдарыў?» адказаў: «Таму што ён адносіцца да групы ЛГБТ», бо сьледчы перад гэтым выкарыстоўваў такую фармулёўку. І пагадзіўся з пратаколам.

Радыё Свабода зьвярнулася з запытам у Сьледчы камітэт.

У траўні 2014 году на выхадзе з гей-вечарыны быў жорстка зьбіты Міхаіл Пішчэўскі. Ён перанёс апэрацыю выдаленьня часткі мозгу і памёр у шпіталі больш як праз год пасьля працяглай комы.

Забойства Міхаіла Пішчэўскага. Што важна ведаць

Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота
Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота
  • Канфлікт адбыўся каля менскай кавярні Underworld, дзе 25 траўня 2014 году праходзіла гей-вечарына, на якую прыйшоў і Міхаіл Пішчэўскі.
  • Былы настаўнік фізкультуры Зьміцер Лукашэвіч адмыслова прыйшоў да кавярні, дзе геі зьбіраліся на вечарыну, і жорстка зьбіў Пішчэўскага.
  • Пішчэўскі патрапіў у шпіталь у стане комы, перанёс апэрацыю па выдаленьні часткі мозгу, доўгі час ляжаў у 5-ым сталічным шпіталі. Памёр 27 кастрычніка 2015 году.
  • Лукашэвіча асудзілі на 2 гады і 8 месяцаў пазбаўленьня волі «за хуліганства і прычыненьне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў», але хутка выпусьцілі па амністыі.
  • Калі Міхаіл Пішчэўскі памёр, адбыўся другі суд. Лукашэвіч папрасіў суд «строга яго не караць». Яго асудзілі да 3 год пазбаўленьня волі і кампэнсацыі за маральную шкоду памерам 10 000 даляраў на карысьць сям’і Пішчэўскага. Аднак менш чым праз год Лукашэвіч зноў апынуўся на волі.
  • Пры гэтым суды так і не прызналі ў дзеяньнях Зьміцера Лукашэвіча варожасьці на глебе гамафобіі.
  • Беларусь застаецца адной зь нешматлікіх краінаў, дзе няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў адносінах да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці. І невядома, калі яно зьявіцца.
  • Вясной 2017 году была заснаваная грамадзкая кампанія «Справа Пі», названая так у памяць пра Міхаіла Пішчэўскага. Актывісты кампаніі ставяць на мэце зьменшыць узровень гамафобіі і трансфобіі ў беларускім грамадзтве і спыніць ігнараваньне праблемаў ЛГБТ-супольнасьці як уладай, так і СМІ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG