Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Быў на карачках, увесь у крыві» — у Менску невядомы напаў на ЛГБТ-кампанію. Адзін хлопец у шпіталі

абноўлена

Мікалай Купрыч

Рэжысэр і апэратар дакумэнтальнага кіно Мікалай Купрыч кажа, што ў ноч з 24 на 25 жніўня на Кастрычніцкай яго зьбіў невядомы, бо Мікалай быў у ЛГБТ-кампаніі. Мікалай атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, у яго зламаны нос і буйныя гематомы. Ён у шпіталі.

Кампанія, у якой быў Мікалай, бавіла час недалёка ад АЗС на барнай вуліцы Кастрычніцкай. Невядомы падышоў сам.

«Ён падыходзіць і пытае: „Ты таксама п...р?“ — успамінае Мікалай. — Я кажу: „Якая табе розьніца, п...р я ці не?“ — „Не, ты скажы канкрэтна: п...р ты ці не?“ Я кажу: „Я ж не падыходжу да цябе і не пытаю, натурал ты ці не? Гамафоб ты, не гамафоб? Мяне гэта не цікавіць“. Пасьля ён яшчэ раз перапытвае: „Скажы канкрэтна!“ Я кажу: „Ну добра, няхай я буду п....м, ОК, і што далей?“»

Мікалай Купрыч
Мікалай Купрыч

Па словах Мікалая, відавочнай агрэсіі хлопец не праяўляў, усьміхаўся. Мікалай кажа, што ён гетэрасэксуал, але падтрымлівае ЛГБТ-супольнасьць, таму адказаў менавіта так.

«Ён не наяжджаў, сказаў: „Добра, я зразумеў“, — працягвае Мікалай. — Я разварочваюся і адыходжу, сэкундаў пяць праходзіць, і ён мне са сьпіны, відаць, з добрага такога размаху, бʼе акурат у скронь. Я адключаюся і падаю тварам на асфальт».

Ад удару Мікалай атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, у яго паламаны нос і буйныя гематомы. Перад гэтым невядомы хлопец ужо ўдарыў двух сяброў Мікалая.

Адзін зь іх, Арцём Скапцоў, пацьвярджае словы Мікалая і кажа, што атрымаў удар у шыю. Невядомы таксама разьбіў скулу другому маладому чалавеку. Пасьля гэтага хлопцы на нейкі час адышлі за паркоўку. Калі вярнуліся, пабачылі яшчэ больш зьбітага сябра.

«Я падбег і ўбачыў Колю, ён быў на карачках, увесь у крыві, — кажа Арцём. — Гэтага чалавека ўжо не было відаць нідзе. Колю прывялі крыху ў парадак, спачатку думалі, што ён нармальна, але па выніку ён выклікаў і міліцыю, і хуткую».

Арцём кажа, што падчас размовы зь невядомым думаў, што гэта шараговая сытуацыя слоўнага канфлікту. Раней яго ніколі не зьбівалі.

Мікалай Купрыч
Мікалай Купрыч

Мікалай Купрыч напісаў заяву ў міліцыю. У нядзелю, 25 жніўня, яго апытваў міліцыянт.

Афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Кацярына Гарлінская сказала Свабодзе, што цяпер сьледчыя праводзяць праверку і высьвятляюць акалічнасьці здарэньня. Прызначылі судова-мэдычную экспэртызу для вызначэньня цяжкасьці цялесных пашкоджаньняў.

«Ленінскі РОСК праводзіць праверку па заяве 30-гадовага мужчыны аб прыцягненьні да адказнасьці невядомага, які ў ноч з 24 на 25 жніўня адзін раз ударыў яго ў твар на аўтазапраўцы ў Менску», — сказала Гарлінская.

У траўні 2014 году на выхадзе з гей-вечарыны быў жорстка зьбіты Міхаіл Пішчэўскі. Ён перанёс апэрацыю выдаленьня часткі мозгу і памёр у шпіталі больш як праз год пасьля працяглай комы.

Забойства Міхаіла Пішчэўскага. Што важна ведаць

Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота
Міхаіл Пішчэўскі, архіўнае фота
  • Канфлікт адбыўся каля менскай кавярні Underworld, дзе 25 траўня 2014 году праходзіла гей-вечарына, на якую прыйшоў і Міхаіл Пішчэўскі.
  • Былы настаўнік фізкультуры Зьміцер Лукашэвіч адмыслова прыйшоў да кавярні, дзе геі зьбіраліся на вечарыну, і жорстка зьбіў Пішчэўскага.
  • Пішчэўскі патрапіў у шпіталь у стане комы, перанёс апэрацыю па выдаленьні часткі мозгу, доўгі час ляжаў у 5-ым сталічным шпіталі. Памёр 27 кастрычніка 2015 году.
  • Лукашэвіча асудзілі на 2 гады і 8 месяцаў пазбаўленьня волі «за хуліганства і прычыненьне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў», але хутка выпусьцілі па амністыі.
  • Калі Міхаіл Пішчэўскі памёр, адбыўся другі суд. Лукашэвіч папрасіў суд «строга яго не караць». Яго асудзілі да 3 год пазбаўленьня волі і кампэнсацыі за маральную шкоду памерам 10 000 даляраў на карысьць сям’і Пішчэўскага. Аднак менш чым праз год Лукашэвіч зноў апынуўся на волі.
  • Пры гэтым суды так і не прызналі ў дзеяньнях Зьміцера Лукашэвіча варожасьці на глебе гамафобіі.
  • Беларусь застаецца адной зь нешматлікіх краінаў, дзе няма антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў адносінах да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці. І невядома, калі яно зьявіцца.
  • Вясной 2017 году была заснаваная грамадзкая кампанія «Справа Пі», названая так у памяць пра Міхаіла Пішчэўскага. Актывісты кампаніі ставяць на мэце зьменшыць узровень гамафобіі і трансфобіі ў беларускім грамадзтве і спыніць ігнараваньне праблемаў ЛГБТ-супольнасьці як уладай, так і СМІ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG