Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніхто на „расейскія гульні“ не паедзе». Што беларускія спартоўцы кажуць пра «альтэрнатыўную алімпіяду»


Сьпікер Савету Фэдэрацыі Расеі Валянціна Мацьвіенка прапанавала правесьці альтэрнатыўную алімпіяду — у адказ на рашэньне Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) пазбавіць расейскіх спартоўцаў права ўдзельнічаць у буйных міжнародных спаборніцтвах.

Чыноўніца перакананая, што санкцыі маюць выразна палітычны кантэкст, а галоўная іх мэта — прыбраць канкурэнта, якога ў «сумленным паядынку» немагчыма асіліць.

Прэзыдэнт Саюзу біятляністаў Расеі Ўладзімір Драчоў, які ў свой час выступаў за зборную Беларусі, падтрымаў ідэю Мацьвіенкі. Ён кажа, што абʼектаў інфраструктуры ў Расеі хапае, а ці прыедзе хто зь іншых краін — ня так і важна.

Яшчэ адзін прыхільнік «уласнай алімпіяды» — трэнэр фігурнага катаньня Аляксей Мішын. Тым больш, паводле яго, адпаведны досьвед ужо ёсьць.

Сапраўды, пасьля зімовых Гульняў-2018, дзе Расея выступала пад нэўтральным сьцягам, у Сочы паралельна былі арганізаваныя спаборніцтвы для адхіленых спартоўцаў — з мэдалямі, саліднымі прызавымі сумамі і люксавымі аўтамабілямі.

Ці гатовыя беларускія атлеты далучыцца да «спартовага сьвята» ў Расеі, калі іх туды паклічуць?

Сашурын: Нэўтральны сьцяг лепшы за «альтэрнатыву»

Шматразовы чэмпіён сьвету і Эўропы ў біятлёне Вадзім Сашурын хоць і нараджэнец расейскага Петразаводзку, але перакананы: пэрспэктывы «ўнутрырасейскай Алімпіяды» абсалютна прывідныя.

«Разважаць з пазыцыі паважанага Ўладзіміра Драчова — ня тое самае, што паставіць сябе на месца спартоўца, — кажа экс-біятляніст. — Асабіста я ня згодны з такой пастаноўкай пытаньня. Алімпійскія гульні тым і цікавыя, што праводзяцца раз на чатыры гады і там бяруць удзел усе (ключавое слова) наймацнейшыя спартоўцы. А ўсе гэтыя альтэрнатывы, як кажуць, — ні два, ні паўтара. Нават удзел пад нэўтральным сьцягам больш пачэсны, чым байкот. Бо так ці інакш будуць ведаць, што чалавек з Расеі стаў прызэрам або чэмпіёнам. Ну каму якая справа да „альтэрнатыўнага“ трыюмфу?».

Вадзім Сашурын лічыць, што, акрамя змарнаваных сродкаў, ніякага іншага эфэкту ад такіх спаборніцтваў ня будзе. Пагатоў наўрад ці хтосьці ў іншых краінах такую альтэрнатыву ўспрыме сурʼёзна, а значыць, будзе чарговы чэмпіянат Расеі ў асобных дысцыплінах.

Зьверава: Ніхто на «расейскія гульні» не паедзе

Алімпійская чэмпіёнка і чэмпіёнка сьвету ў кіданьні дыску Эліна Зьверава гэтаксама мае расейскія карані, яна з Тулы. Пры гэтым схіляецца да думкі, што Расея наўрад ці здолее некага «пакараць» такім крокам.

Выдатна памятае, як у адказ на байкот Алімпіяды ў Лос-Анджэлесе Савецкі Саюз арганізаваў гульні «Дружба-84». Аднак тады была іншая палітычная сыстэма — да дэмаршу Масквы былі абавязаныя далучыцца дзяржавы «сацыялістычнага блёку». Цяпер ніхто ў Расею не паедзе, кажа колішняя дыскаболка.

«Зусім іншы час, трэба зыходзіць перадусім зь цяперашняй сытуацыі, — адзначае суразмоўніца. — Тое, што забанілі ўсіх без разбору, — таксама ня ёсьць добра, але і рэагаваць трэба годна. Асабіста я сумняюся, што нехта прыедзе на тыя альтэрнатыўныя гульні падтрымаць Расею, нічога сэнсоўнага ня будзе. Таму трэба спыніцца, зрабіць высновы і рухацца далей. Бо няправільных і крыўдных сытуацыяў заўсёды хапала, у тым ліку і ў нас, калі, напрыклад, увялі ўзроставы цэнз — тады дачасна „загінулі“ шмат нармальных атлетаў, без усялякіх вонкавых санкцыяў. Такое жыцьцё...»

Сюльжын: Тэндэнцыя на экспансію з усходу

Тымчасам у спартовых колах існуе асьцярога, што расейскія атлеты будуць спрабаваць усялякім чынам трапіць у беларускія зборныя. Галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў нават зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай «узяць сяброў пад крыло», дазволіўшы стаць пад «саюзны» чырвона-зялёны сьцяг .

Чэмпіён сьвету і Эўропы ў вольнай барацьбе, вядомы трэнэр у сваёй дысцыпліне Васіль Сюльжын кажа, што працэс замяшчэньня беларусаў усходнімі суседзямі назіраўся і раней, а цяпер гэта можа стаць сапраўднай праблемай.

«Усякае можа быць, безумоўна. Не пытаньне, можна некага і запрасіць, калі чалавек сапраўды варты, але ж не ў такой колькасьці! Пагатоў бачым, якім чынам пэўныя вынікі дасягаюцца, — не хавае эмоцыяў адмыслоўца. — Прыкладам, на апошняй Алімпіядзе за Беларусь у нашым відзе была большасьць ураджэнцаў Расеі, а цяпер нашых хлопцаў можа не застацца ўвогуле! І такая тэндэнцыя шмат у якіх дысцыплінах, ня толькі ў барацьбе. Шчыра кажучы, я не разумею лёгікі такіх рашэньняў, мне яна непадуладная».

Прыкладна ў такім жа ключы ў размове са Свабодай разважаў Вадзім Пляханаў — дырэктар клюбу фігурнага катаньня Figurist, чэмпіён Беларусі ў парным катаньні, прызэр міжнародных спаборніцтваў, удзельнік брытанскага лядовага шоў Imperial Ice Stars. Расейская экспансія ў беларускім спорце, як кажа адмыслоўца, з году ў год набывае ўсё больш пагрозьлівыя маштабы.

Удакладненьне. У першапачатковай вэрсіі публікацыі памылкова сьцьвярджалася, што ў адказ на байкот Алімпіяды-1984 у Лос-Анджэлесе Савецкі Саюз арганізаваў «Гульні добрай волі» (насамрэч —​гульні «Дружба-84»).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG