Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьмешышча на ўвесь сьвет». Беларускія алімпійцы пра адхіленьне Расеі ад міжнародных спаборніцтваў


Russia -- A man walks outside the Russian Olympic Committee headquarters and Russian Athletics Federation office in Moscow, November 13, 2015
Russia -- A man walks outside the Russian Olympic Committee headquarters and Russian Athletics Federation office in Moscow, November 13, 2015

Выканкам Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) на чатыры гады пазбавіў Расею права ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку Алімпіядах і чэмпіянатах сьвету. Рашэньне ўхвалілі аднагалосна.

Акрамя таго, уведзена на той самы тэрмін забарона наведваць спартовыя імпрэзы дзяржаўным службоўцам і кіраўніцтву Алімпійскага і Паралімпійскага камітэтаў Расеі.

Як такое рашэньне ўспрынялі ў Беларусі?

Жалязоўскі: «Злавілі — адхіляйце пажыцьцёва, разам зь лекарамі і трэнэрамі»

Ігар Жалязоўскі
Ігар Жалязоўскі

Славуты ў мінулым бягун на каньках, шматразовы чэмпіён сьвету і алімпійскі прызэр Ігар Жалязоўскі згодны, што допінг трэба выводзіць «калёным жалезам», але не староньнік «абагульненьня». На яго думку, караць неабходна тых, хто непасрэдна спрычыніўся да злоўжываньняў, уключна з атлетамі, трэнэрамі і мэдычным пэрсаналам.

«Рашэньне выглядае занадта агульным — безадносна да таго, Расея гэта ці іншая краіна, — кажа ён. — Цярпяць у тым ліку тыя, хто ніякага дычыненьня да допінгу ня мае. Асабліва шкада маладых, у якіх карʼера заканчваецца, так і не пачаўшыся. Ахвяравалі на гэта жыцьцё, а такі фінал. Ёсьць канкрэтныя вінаватыя — іх і карайце, яны ж навідавоку. Злавілі — адхіляйце пажыцьцёва, уключна зь лекарамі ці нядобрасумленнымі трэнэрамі, якія прымушаюць жэрці абы-што.

Па сабе мяркую, хоць даўно і не выступаю. Скажам, нармальна, сумленна рыхтуюся, ні ў чым не вінаваты, а мне раптам кажуць: усё, хлопец, ты свабодны, завяршай. Гэта ж лёсы ламаюцца! Для многіх сэнс жыцьця, гады цяжкай працы. А тут бяруць і ўсё перакрэсьліваюць. Ня вельмі добра».

Пры гэтым Ігар Жалязоўскі лічыць, што расейскім спартоўцам «ня трэба ставаць у позу» і адмаўляцца ад магчымасьці заяўляцца пад нэўтральным сьцягам. Падобныя пагрозы Масква агучвала раней — цалкам байкатаваць міжнародныя спаборніцтвы, калі Расею пазбавяць права выступаць пад сваім трыкалёрам.

Парфяновіч: «Кошт пытаньня — ня трэба лішняга ўжываць ды спаць спакойна»

Уладзімер Парфяновіч
Уладзімер Парфяновіч

Трохразовы чэмпіён Алімпійскіх гульняў, неаднаразовы чэмпіён сьвету ў веславаньні Ўладзімер Парфяновіч, адрозна ад уганараванага калегі-канькабежца, шкадаваньня да расейцаў ня мае. Нягледзячы нават на тое, што ўзначальваў зборную гэтай краіны. Калі папярэджаньні не ўплываюць, нічога не застаецца, як дзейнічаць радыкальна, лічыць ён і падкрэсьлівае, што «калектыўнае пакараньне» вынікае з індывідуальнай віны кожнага — трэнэра, лекара, спартоўца.

«Колькі яшчэ можна ганьбіць краіну? Я пра гэта казаў і 30, і 20 гадоў таму: за такія рэчы неабходна ўводзіць крымінальную адказнасьць і ня трэба гэтага баяцца, — перакананы суразмоўца. — У якім выпадку наступае так званая калектыўная адказнасьць? Трох спартоўцаў з аднаго віду цягам году злавілі — вось і ўсё. Фэдэрацыя можа пісаць тлумачэньні, а каманда сядзіць без спаборніцтваў. Дастаткова трох „залётаў“ — і да пабачэньня. Вось адна з праяваў калектыўнай адказнасьці. Ці тое самае ў выпадку з Расеяй? А чаму не?

Сёньня вялікі спорт перастаў асацыявацца з галамі, пунктамі, сэкундамі. Цяпер на коне прэстыж і вялізныя грошы. Цяжка балянсаваць паміж гэтымі велічынямі, але трэба ісьці шляхам, які не прыводзіць да такіх вынікаў — калі краіну „палошчуць“, як у пральнай машыне. А кошт пытаньня — ня трэба нічога лішняга ўжываць ды сьпіце спакойна. Так, допінг дасьць хуткі вынік, але балючую разьвязку».

Арамнаў: «Зь перамогі „за ўсякую цану“ зрабілі пасьмешышча на ўвесь сьвет»

Андрэй Арамнаў, архіўнае фота
Андрэй Арамнаў, архіўнае фота

Алімпійскі чэмпіён у цяжкай атлетыцы Андрэй Арамнаў салідарны з пазыцыяй, што допінгу ў спорце ня месца, але разам з тым перажывае за тысячы здольных спартоўцаў, якія пацярпяць у «нагрузку» да рэальных парушальнікаў.

«Мне здаецца, у Расеі закінулі спорт, ім пачалі займацца ня самыя разумныя людзі, — гаворыць штангіст. — Зь перамогі „за ўсякую цану“ зрабілі пасьмешышча на ўвесь сьвет. Цяпер вось вынік. Закон на баку WADA, яны яго ўжылі. А спартоўцы аказаліся не абароненыя ўласнай дзяржавай — прыкладна як ва ўсіх краінах СНД. Можна разьбірацца, апэляваць, даказваць, бо шэраг прэпаратаў унесеныя ў чорны сьпіс неабгрунтавана. Але ж ніхто ня хоча займацца, толькі стаюць у позу. Дзядя Вова (Пуцін. — РС), ну дык падымі спорт з каленяў, ты ж усё можаш!

Апошнім часам у Расеі з прафэсійнага спорту сышлі людзі яшчэ савецкай школы — разумныя, граматныя, кваліфікаваныя. Іхныя месцы пазаймалі прахвосты, жулікі і дармаеды. Нармальны чалавек з амбіцыямі і самапавагай з такімі кадрамі працаваць ня будзе. У выніку падыход да справы стаў аматарскім. А сыстэма склалася так, што заўсёды караюць спартоўца, які ў стане нявольніка — ня мае ні слова, ні голасу. Цяпер вось цюкнулі па галаве, паглядзім, ці ачомаюцца...»

За што адхілілі расейцаў

Сёлета ў лістападзе экспэрты WADA рэкамэндавалі выканкаму арганізацыі адхіліць Расею ад міжнародных спаборніцтваў на чатыры гады. Гэта зьвязана з падазрэньнямі ў маніпуляцыях допінг-пробамі з базы зьвестак Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі.

Допінгавы скандал, зьвязаны з падробкай допінг-пробаў расейскіх удзельнікаў Алімпіяды ў Сочы і спартоўцаў, якія бралі ўдзел у іншых спаборніцтвах, працягваецца ўжо некалькі гадоў. WADA абвінавачвае расейскія ўлады ў маштабным парушэньні ўсясьветных антыдопінгавых правілаў, расейскія ўлады гэтыя абвінавачваньні адмаўляюць.

У справаздачы спэцыялізаванага камітэту WADA (Compliance Review Committee) паведамляецца, што ў маскоўскай лябараторыі (яна фізычна знаходзіцца ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце) працавала адмысловая «каманда абнуленьня». Яе мэтай было «схаваць факт» таго, што падмены зробленыя не ў лістападзе 2015 году былым кіраўніком лябараторыі Грыгорыем Родчанкавым, а ў сьнежні 2018-га — непасрэдна перад перадачай базы ў WADA.

Расея мае магчымасьць цягам 21 дня ад моманту вынясеньня рашэньня падаць апэляцыю ў Спартовы арбітражны суд (CAS). Станоўчыя прэцэдэнты ёсьць: летась суд нечакана апраўдаў шэраг расейскіх спартоўцаў, дыскваліфікаваных пасьля зімовай Алімпіяды-2014 ў Сочы за ўжываньне забароненых прэпаратаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG