Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ні з кім не сварыўся, толькі выказваў сваю думку». 60 гадоў алімпійскаму чэмпіёну Ўладзімеру Парфяновічу


Алімпійскі чэмпіён Парфяновіч вучыць дзяцей веславаньню ў правінцыі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:16 0:00

2 сьнежня 60-гадовы юбілей адзначае Ўладзімер Парфяновіч — знакаміты ў мінулым вясьляр, трохразовы чэмпіён Алімпійскіх гульняў, чатырохразовы чэмпіён сьвету. Апошнім часам ён працуе трэнэрам у дзіцяча-юнацкім цэнтры алімпійскага рэзэрву ў Мастах на Горадзеншчыне.

Акурат год таму карэспандэнты Свабоды наведалі зборы навучэнцаў спартовай установы на цёплых каналах Бярозаўскай ДРЭС: згадалі з героем рэпартажу слаўнае мінулае і пацікавіліся пэрспэктыўнымі плянамі (арыгінал публікацыі 14.12.2017).

Заслужаны майстар спорту СССР Уладзімер Парфяновіч дагэтуль застаецца адзіным байдарачнікам, якому ўдалося заваяваць тры залатыя мэдалі на адной Алімпіядзе — гэта здарылася ў 1980 годзе ў Маскве. Чатыры разы ён выйграваў усясьветныя першынствы, цягам 1980-83 гадоў прызнаваўся лепшым спартоўцам Беларусі.

Павесіць вясло і ўзброіцца дэпутацкім мандатам

Пасьля завяршэньня зорнай кар’еры Парфяновіч апынуўся без занятку — час, калі адчыняліся ўсе дзьверы, хутка мінуў. Пазьней уладкаваўся трэнэрам, рыхтаваў кадравыя рэзэрвы для свайго віду спорту, а потым сябры паклікалі ў таварыства «Дынама» — кіраваць вучэбна-спартыўным аддзелам.

Уладзімер Парфяновіч
Уладзімер Парфяновіч

З атрыманьнем Беларусьсю незалежнасьці разам з кампаньёнамі заняўся бізнэсам. Пачалі з рызыкоўнай авантуры з гандлем МАЗамі, а ўвогуле браліся за ўсё. Паступова засяродзіліся на фармацэўтычнай галіне — пастаўлялі сыравіну для вытворчасьці мэдыкамэнтаў, выраблялі мэдтэхніку. Жыцьцё выходзіла на новы ўзровень.

Неўзабаве паступіла прапанова ўзначаліць Беларускую фэдэрацыю веславаньня на байдарках і каноэ. Парфяновіча ўвялі ў Нацыянальны алімпійскі камітэт. У 2000 годзе пасьпяховы прадпрымальнік і спартовы дзяяч быў абраны дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, стаў кіраўніком парлямэнцкай групы «Рэспубліка».

Але пад канец кадэнцыі ў 2004-м разам з паплечнікамі — генэралам Валерам Фраловым і бізнэсоўцам Сяргеем Скрабцом — «рэспубліканцы» абвясьцілі галадоўку супраць трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі і за ўнясеньне зьменаў у Выбарчы кодэкс. І гэта стала пачаткам канца кар’ернага ўзьлёту.

За палітычную і грамадзянскую актыўнасьць Парфяновіча зьнялі з пасады старшыні фэдэрацыі, а напярэдадні Алімпійскага сходу выключылі са складу НАК з фармулёўкай: «за страту даверу».

Ня маючы больш магчымасьці працаваць у Беларусі, экс-дэпутат і «разжалаваны» функцыянэр падаўся на заробкі ў Расею. Сумяшчаў абавязкі старшага трэнэра і памочніка прэзыдэнта Ўсерасейскай фэдэрацыі веславаньня, а пасьля таго як прывёз адзінае для Расеі золата ў веславаньні на байдарцы-«двойцы» зь лёнданскай Алімпіяды, атрымаў прызначэньне галоўным трэнэрам нацыянальных зборных Расеі. Праўда, ужо ў 2015-м звольніўся — разышоўся ў поглядах з «уплывовымі людзьмі».

Практычна адразу ж паступіла прапанова папрацаваць старшым трэнэрам па мужчынскай байдарцы ў зборнай Польшчы. Кантракт быў разьлічаны да Алімпійскіх гульняў у Рыё-дэ-Жанэйра, і пасьля яго заканчэньня Парфяновіч вярнуўся на радзіму.

Беларускае веславаньне цікавасьці да адмыслоўца ня выявіла, і нечакана для ўсіх ён «усплыў» у дзіцяча-юнацкім цэнтры алімпійскага рэзэрву па веславаньні ў Мастах — галоўнай і адзінай профільнай школе на Горадзеншчыне. У інтэрнаце жывуць і трэніруюцца на Нёмне блізу двух сотняў падлеткаў з усёй вобласьці. Абсалютная бальшыня — з праблемных сем’яў.

Тры дзясяткі байдарачнікаў і канаістаў зь ліку «блізкага рэзэрву зборнай» пад наглядам заслужанага трэнэра Беларусі, дырэктара цэнтру Пятра Рудзевіча і трэнэра-выкладчыка Ўладзімера Парфяновіча правялі зборы ў Белаазёрску, дзе адточвалі майстэрства на каналах Бярозаўскай ДРЭС. Дзякуючы цёплым стокам з электрастанцыі вада тут не замярзае і ў моцныя маразы — трэніроўкі спыняюцца толькі тады, калі на градусьніку ніжэй за 15. Бо тады канал ахутвае непраглядны туман, а вятроўкі спартоўцаў пакрываюцца лядовым панцырам.

Падрыхтаваць алімпійскія рэзэрвы ў савецкім чоўне

Раніца пад масіўнымі сьценамі ДРЭС сустракае нулявой тэмпэратурай — па словах спадара Парфяновіча, гэта «камфортныя ўмовы». Будучыя алімпійцы мусяць бесьперапынна «адмахаць» вёсламі ад 9-й да паўдня. Задача — праплыць ня меней за 20 кілямэтраў. Пасьля абеду і невялікага адпачынку падрыхтоўка працягнецца да цемры. Кожны пераход да базы і назад — з пудовай лодкай на плячах.

Гледзячы на хлопцаў і дзяўчат, якія ў кволых чоўніках спускаюцца на ваду, міжволі пранікаесься павагай — фактычна паўгода яны мусяць рыхтавацца ў экстрэмальных умовах.

«Ня тое слова, — з усьмешкай папраўляе Парфяновіч. — Здараецца, што і горш за экстрэмальныя. Думаю, нашым футбалістам ці хакеістам ніколі не зразумець тых, хто рыхтуецца ў такіх умовах. Наш від праз такія выпрабаваньні быў, ёсьць і будзе. Мы заўсёды заваёўвалі залатыя мэдалі на Алімпіядах, на чэмпіянатах сьвету, і будзем гэта рабіць надалей. Бо хлопцы і дзяўчаты вельмі мужныя».

У масе сваёй новая генэрацыя ня можа пахваліцца выдатным здароўем, што канстатуюць і мэдыкі. Даюць сябе знаць сыход у віртуальную рэальнасьць, хуткія перакусы фастфудам ды нястача фізычных нагрузак. Мастоўскіх весьляроў, запэўнівае спадар Парфяновіч, гэта ня тычыцца.

Яны з такіх сем’яў, дзе ледзь зводзяць канцы з канцамі, ніякімі гаджэтамі яны не расьпешчаныя

«Найперш, гэта ўжо не зусім дзеці, усё ж ім ад 14 да 18 гадоў — другі рэзэрв, які ў пэрспэктыве пойдзе далей, аж да зборнай, — кажа трэнэр, назіраючы за выхаванцамі. — Па-другое, яны з такіх сем’яў, дзе ледзь зводзяць канцы з канцамі, ніякімі гаджэтамі яны не расьпешчаныя. У інтэрнаце яны заўсёды накормленыя і пад наглядам. Па-трэцяе, такімі ўмовамі толькі загартоўваюцца. Вось каб іх раўналеткі хоць пару трэніровак пастаялі разам з намі з ранку да вечара, у дождж і ў сьнег, думаю, здароўя б ім дадалося (сьмяецца)».

Нягледзячы на стабільна высокія вынікі, фінансаваньне мэдалёвай дысцыпліны, як кажа суразмоўца, кульгае на абедзьве нагі. Некаторыя лодкі засталіся яшчэ ад савецкіх часоў, а пра зборы ў камфортных умовах даводзіцца толькі марыць.

«Той жа хакей. Выдаткі на яго ў адным Менску перавышаюць каштарыс на ўсе віды спорту разам узятыя. Таму няма ні добрага інвэнтару, ні лодак. Даводзіцца працаваць на тым, што засталося яшчэ ад савецкага часу. Ну глядзіце: добрая „адзіночка“ каштуе 3 тысячы эўра, „двойка“ — адпаведна, даражэйшая, „чацьвёрка“ каштуе яшчэ больш. Таму беражом кожную лодачку. Зімой трэніруемся зусім на старэнькіх, а ўжо як наступае сэзон і даводзіцца выступаць, то даём крыху лепшыя», — кажа трэнэр.

Папрацаваўшы з нацыянальнымі зборнымі іншых краінаў, Парфяновіч мае з чым параўноўваць. І лічыць, што справа мела б нашмат большы плён, каб у Беларусі не квітнелі лабізм і келейнасьць.

Калі ня будзеш працаваць у Мазыры, то ня трапіш у зборную. Ну нельга ж так!

«Як робіцца ў Польшчы? Зьбіраецца фэдэрацыя, прыяжджаюць усе трэнэры, дамаўляюцца: ага, там і там няма байдаркі. Што за пытаньне? Клюб пачаў паказваць вынікі, трэба дапамагчы — як правіла, абсталяваньнем, якое прайшло праз нацыянальную каманду, — кажа настаўнік. — А што ў нас? Толькі ў адны рукі! Наўпрост скажу: у Мазыр, і болей нікуды. І калі ня будзеш там працаваць, ня трапіш у зборную. Ну нельга ж так! Прынамсі, калі я ўзначальваў фэдэрацыю, такога не было. Веславаньне павінна разьвівацца ва ўсіх рэгіёнах».

Паставіць на мэліяратара замест алімпійца

Засмучае адмыслоўца і тое, што нават у летні сэзон прастойваюць сучасныя каналы ў Берасьці ды Заслаўі, у будоўлю якіх дзяржава ўклала немалыя сродкі — «зборнікі» ахвотней рыхтуюцца за мяжой. Пры гэтым на мізэрным фінансавым пайку той жа Белаазёрск, дзе, здавалася б, разьвіцьцю веславаньня павінны спрыяць умовы, створаныя мясцовай электрастанцыяй.

«Каналы пабудаваныя і не загружаныя, — абураецца ён. — Нацыянальная каманда ў абавязковым парадку павінна іх выкарыстоўваць. Чаму не працуюць? Едуць у Чэхію, Гішпанію. Што перашкаджае займацца летам? Якраз той выпадак, калі трэніравацца ня тое што можна, а трэба! Берасьцейскі і Заслаўскі каналы адпавядаюць міжнароднаму стандарту А. Якія яшчэ аргумэнты? Не, як тым танцорам, нешта перашкаджае».

У 2004 годзе, калі «рэспубліканцаў» абвінавацілі ў апазыцыйнасьці і пазбавілі правоў на працу, фэдэрацыю ўзору апальнага Парфяновіча рэфармавалі. Байдарку і каноэ злучылі з акадэмічным веславаньнем, а на чале паставілі тагачаснага старшыню Нацыянальнага банку, дыплямаванага мэліяратара Пятра Пракаповіча.

«Пётар Пятровіч узначаліў адразу дзьве фэдэрацыі — стаў кіраўніком

Усё чакалі, што Пракаповіч пару мяхоў з банку вынесе. Але так і ня вынес

некалі асобных, а потым аб’яднаных відаў. Усё чакалі, што пару мяхоў з банку вынесе. Так і ня вынес (сьмяецца). Сёньня фэдэрацыя дапамагае, хоць лішніх грошай няма. Зьбіраюся да менскага мэра, каб нарэшце рэалізавалі абяцанкі — аднавіць базу „Чырвоны сьцяг“ на Камсамольскім возеры, дзе я яшчэ змалку трэніраваўся. Абнесьлі дарагім каваным плотам, за грошы на які можна было б узьвесьці сам цэнтар, і спыніліся. Усё ж мару, што гэта стане памяцьцю нашым трэнэрам, якія там працавалі і якіх з намі ўжо няма», — кажа былы вясьляр.

Абапал цёплага каналу на золку рассаджваюцца рыбакі. Апроч звыклых відаў рыбы, тут жыве і актыўна плодзіцца экзотыка тутэйшых шыротаў — крэвэтка. Цяпер, праўда, не сэзон, «палююць» на ярша.

Весьляры з рыбакамі суіснуюць мірна. Апошнія ня могуць утрымацца, каб ня даць пачаткоўцам пару каштоўных парадаў. Гарэзьлівая байдарачніца адказвае трапным жартам і заадно падначвае трэнэра, зь якім спыніліся зірнуць, што ў вядры: «Уладзімер Уладзімеравіч, няўжо інтэрвію бяруць?» — «Ого, дык крута!», — жвава рэагуе дзяўчына на трэнэрскае памахваньне пальцам.

Якраз нагода пацікавіцца ў суразмоўцы: ці ў курсе вучні пра ягоную пазаспартовую дзейнасьць? Зрэшты, і «дарослыя» таксама — у прыватнасьці, ці ўдалося пазбавіцца ярлыкоў, навешаных уладай?

«Добрае стаўленьне. Я ж ні з кім не сварыўся, толькі выказваў сваю

Пакуль не зразумееш, хто ты і адкуль, то і мэдаль не заробіш

думку, — адказвае ён. — Як успрымаў падзеі, так і казаў. Гэта была мая пазыцыя, ніхто мне яе не навязваў. Таму ставяцца з павагай, асабліва тыя, хто даўно мяне ведае. Дзякуй богу, хапіла тады сіл усё вытрымаць, перажыць... А ўрэшце — досыць, наваяваліся. Што да вучняў, вядома, пра спартовыя заслугі ведаюць. Пра палітычную актыўнасьць — ня думаю. Што я найперш ім даводжу, дык гэта каб яны любілі сваю радзіму, былі патрыётамі сваёй зямлі. Бо пакуль не зразумееш, хто ты і адкуль, то і мэдаль не заробіш. За грошы месца на п’едэстале ня купіш».

Мець надзейны тыл і не здавацца абставінам

Парфяновіч прызнаецца, што з годнасьцю перанесьці выпрабаваньні дапамагла верная спадарожніца ўсяго жыцьця — жонка Тацяна Трафімовіч, у мінулым — чэмпіёнка СССР па мастацкай гімнастыцы. У трыюмфальным для свайго мужа 1980-м яна была ў групе суправаджэньня факеланосцаў на цырымоніі адкрыцьця алімпійскага футбольнага турніру на менскім стадыёне «Дынама».

Неўзабаве 40 гадоў, як яны разам. Без надзейнага тылу перажыць такую працяглую аблогу было б нашмат складаней, — перакананы ён.

«Я шмат страціў з-за таго, што фактычна быў пазбаўлены месца ў Беларусі. Было цяжка, асабліва ў Расеі. Урэшце давялося выбіраць: ці сям’я, ці праца. Я выбраў першае і не шкадую. Хоць прапаноўвалі і грамадзянства, і матэрыяльныя выгоды... З Польшчай лягчэй у тым сэнсе, што была магчымасьць быць разам. Таня са мной на ўсіх зборах, гэта вельмі дапамагала. Дзякуючы выездам, трэніроўкам пабачылі краіны розныя, прыгожыя мясьціны. Жонка таксама шмат дала спартоўцам: мы ўвялі гімнастычныя разьмінкі, добра хлопцаў нагрузілі. І яны выдатна паехалі».

Дзякуючы сяброўскай падтрымцы Пятра Рудзевіча Масты ў жыцьці Парфяновічаў спачатку ўзьніклі як часовы прытулак на этапе пасьляпольскай нявызначанасьці. Але паступова сталі разглядацца і з прыцэлам на больш аддаленую пэрспэктыву.

Вось ужо 30 гадоў менскія ўлады абяцаюць зьнесьці іхні прыватны дом у раёне «асуджанага» Чэрвеньскага рынку. Аднак усё абмяжоўваецца словамі — ня лічачы таго, што ў выніку будоўлі аўтаразьвязкі ад колішніх 12 сотак засталіся 4. Калі забудоўшчык заявіў, што неадкладна прыступіць да асваеньня зямлі і выплаты кампэнсацый, вырашылі шукаць варыянты пад Мастамі — каб і да працы бліжэй, і жыўнасьць якую трымаць. Але здарыўся чарговы форс-мажор — інвэстар зьнік. А трэнэр-пілігрым па-ранейшаму праяжджае 500 кілямэтраў кожныя выходныя, каб пабыць зь сям’ёй.

«Шчыра кажучы, проста хочацца зьехаць, — катэгарычны ён

Менск ператварыўся ў вёску, дзе гаспадарыць досыць прымітыўны кантынгент

Уладзімер. — На жаль, Менск перастаў быць такім, як раней. Ператварыўся ў вёску, дзе гаспадарыць досыць прымітыўны кантынгент. Людзі іншыя, ніхто адзін аднаму не ўсьміхаецца. Нельга было даводзіць да такога, каб сабраць у сталіцы кожнага чацьвёртага жыхара. Прыкрываюцца эканамічнай, працоўнай міграцыяй. А што перашкаджала зрабіць, каб людзі заставаліся ў вёсцы, мелі працу, годнае жыцьцё? Калі нейкія грошы нават укладалі, зноў вярнуліся ў Менск. Ну адкуль столькі людзей, якія пабудавалі, пакуплялі кватэры?».

Захаваць гонар і падзяліцца спартовым досьведам

Побытавыя ўмовы ў Мастах з шэрагу спартанскіх — не раўня таму, што было ў Расеі ці Польшчы. Невялікая службовая кватэрка, сымбалічны заробак. Але, кажа суразмоўца, не па камфорт сюды ехаў, а дзяліцца ведамі і вопытам.

«Я не за заробак працую. Гэта па-першае, па-другое і па-трэцяе, — загінае пальцы Парфяновіч. — А дзеля таго, каб даць нешта карыснае дзецям, каб яны выкарысталі гэта ў будучым. Толькі за гэта, за гонар свайго віду спорту, якому прысьвяціў усё жыцьцё. Цяперашні заробак — акурат каб аплаціць камуналку. Хто ў нацыянальнай камандзе — так, зарабляюць. Але мяне туды ня клічуць. Дый і сам не хачу. Па вялікім рахунку, такая сытуацыя ва ўсіх дзіцячых школах. Хакей-футбол не бяру, нашу нібыта „эліту“, якая ніколі нічога і блізка не дасягала. Крыху аперацца — і адразу „пальцы веерам“. Ну што панты, калі поўны нуль?»

На наступны год Парфяновіч справіць 60-гадовы юбілей. Кажа, што ніякага цяжару ўзросту не адчувае, для яго гэта толькі чарговая канстатацыя каляндарнага факту. І калі так, то чаму не дапамагчы падказкай маладым, каб аблягчыць шлях да будучых перамог?

«Сябры запрасілі, я рызыкнуў. Калі працаваў старшым трэнэрам у Расеі, мае хлопцы выйгралі золата Лёндану-2012, — кажа экс-байдарачнік. — Досьвед, атрыманы за межамі краіны, неацэнны. Я і дагэтуль меў уласнае бачаньне канцэпцыі, але на нешта паглядзеў па-новаму, нешта пазычыў ад калегаў. Калі працаваў старшым трэнэрам у Расеі, мае хлопцы выйгралі золата Лёндану-2012 на 200 мэтраў. Каб мяне не было, першай была б беларуская „двойка“. Падрыхтаваў чэмпіёнаў сьвету ў „чацьвёрцы“ — пра срэбныя і бронзавыя п’едэсталы нават не кажу».

Зрэшты, такія дасягненьні калі каго і ўразілі, то на ўзроўні рэгіянальнага цэнтру алімпійскай падрыхтоўкі ў Мастах. Нацыянальная зборная Беларусі з прапановамі на адрас спэцыяліста не выходзіла. Як падазрае спадар Парфяновіч, там дагэтуль пабойваюцца ягоных нязручных пытаньняў. У такім разе ён гатовы агучыць іх завочна.

«Ну што вы, якая зборная? Мне там месца няма, — кажа Парфяновіч.

Трэба як найхутчэй увесьці адказнасьць у дачыненьні да тых, хто прымае ці прымушае ўжываць допінг

— Куратараў нашага віду цяперашні стан задавальняе. Мяне — не. Пра што казаць, калі не паехалі поўнай камандай на апошнюю Алімпіяду ў Бразылію. Дагэтуль ніхто не адказаў. Неабходна як найхутчэй увесьці адказнасьць у дачыненьні да тых, хто прымае ці прымушае ўжываць допінг. Іначай нічога ня зьменіцца, вінаватых няма і ня будзе. Праляцелі міма Рыё. Хто вінаваты? WADA? Ды не, справа ў нас саміх, вінаватыя па поўнай праграме...»

Караць за допінг і не прыкрываць адказных

Сытуацыя са зборнай Расеі, чальцоў якой з прычыны татальнага злоўжываньня забароненымі прэпаратамі не пусьцілі выступаць на зімовай Алімпіядзе-2018 у Паўднёвай Карэі, на перакананьне Парфяновіча, павінна стаць урокам і для Беларусі. Мясцовыя атлеты ўсё часьцей трапляюць у эпіцэнтар допінгавых скандалаў, іх пазбаўляюць мэдалёў і не даюць выступаць на спаборніцтвах усясьветнага ўзроўню.

Беларусь на другім месцы пасьля Расеі па колькасьці адабраных алімпійскіх мэдалёў

«Дзе б я ні працаваў, заўсёды казаў: хлопцы, ня ганьбіце сваё і маё імя, не падводзьце сваю краіну. Нібыта апраўдалі весьляроў. Не зусім так. Апраўдвалі і Ціхана, і Дзевятоўскага. За што? Не за тое, што не ўжывалі, а за тое, што працэдуру парушылі. Але ж прымалі. Таму хай адказваюць за тое, што зроблена. Спорт павінен быць чэсны. Ня можаце за кошт здольнасьцяў, ня можаце збудаваць сыстэму падрыхтоўкі — не бярыцеся. „Хімікі“ нам не патрэбныя».

Спрабую запярэчыць, што маштабы «залётаў» беларусаў усё ж непараўнальныя з сыстэмай, выбудаванай у Расеі — дзяржаўны размах допінгавай праграмы пад прыкрыцьцём вышэйшага кіраўніцтва і нават спэцслужбаў канстатаваны на ўзроўні Ўсясьветнага допінгавага агенцтва, Міжнароднага алімпійскага камітэту, незалежных экспэртаў.

«Ня той выпадак, каб мерацца „маштабамі“, — не пагаджаецца

У Івана Ціхана застаўся адзін мэдаль — што яшчэ павінна здарыцца, каб ацаніць маштабы?

адмыслоўца. — Не паехалі на Гульні-2016 весьляры — няўжо мала? Адхіленыя цяжкаатлеты — ня той узровень? Колькі яшчэ трэба сыгналаў? У Івана Ціхана застаўся адзін мэдаль — што яшчэ павінна здарыцца, каб ацаніць маштабы? Я ў фэдэрацыі запытаў лекара: гатовыя пэрсанальна адказваць? Не, кажа, я баюся. Давайце нарэшце вырашым: хто гатовы рызыкнуць і потым за гэта адказваць, хай ідзе ў турму і працуе са сьледчымі. А то ўжо прызвычаіліся трымаць за лохаў, што гэта, маўляў, кураціна і сьвініна з гармонамі».

У Парфяновічаў трое дзяцей — Уладзімер, Зьдзіслаў і Ксенія. Малодшыя займаюцца вялікім тэнісам, старэйшы сын ад нараджэньня хворы на цэрэбральны параліч, жыве пад наглядам у інтэрнаце.

Бацька ня раз мусіў абвяргаць падазрэньні, што прычынай такога дыягназу маглі стаць якраз анаболікі, якія ў 1980-я ўжо былі звыклай зьявай для вялікага спорту. Ён запэўнівае, што ягоныя «стымулятары» абмяжоўваліся вітамінамі і прэпаратамі, каб падтрымліваць працу сэрца — складана вытрымаць звышнагрузкі толькі за кошт агульнафізычнай падрыхтоўкі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG