Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Птушкі адлятуць, а жывёлы паўцякаюць». Як абмеркавалі пракладку кабэлю праз ахоўную зону Курапатаў


У пасёлку Лясны на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавета прайшло грамадзкае абмеркаваньне пракладку электрычнага кабэлю. Будоўля пройдзе праз ахоўную зону Курапатаў.

Электракабэль даўжынёй 9,5 кілямэтраў патрэбны для забесьпячэньня электрычнасьцю мікрараёна «Новая Баравая». На ўчастку большым за 700 мэтраў траса будоўлі пройдзе праз ахоўную зону Курапатаў. Больш за 20 жыхароў Менска, пасёлку Лясны, актывістаў зялёнага руху і абаронцаў Курапат спрачаліся з прадстаўнікамі праектнай арганізацыі, забудоўшчыка — кампаніі «Астодэвэлапмент», чыноўнікамі Менскага райвыканкаму і навукоўцамі наконт мэтазгоднасьці будоўлі і наступстваў ад яе.

Ці закране траса кабэлю ўрочышча Курапаты, дзе створаны народны мэмарыял ахвярам сталінскіх рэпрэсій?

Плян пракладкі электрычнага кабэлю
Плян пракладкі электрычнага кабэлю

Паводле праекту ўправы дабудаўнічай падрыхтоўкі «Астодэвэлапмент» дзьве паралельныя лініі электраперадачы напружаньнем 10 кілявольт пракладуць у ахоўнай зоне Курапатаў паралельна агароджы рэстарану «Поедем поедим». Гэта больш за 100 мэтраў тэрыторыі з адмысловым статусам. Ад 2016 года на гэтай тэрыторыі ўжо пракладзены кабэль і іншыя сеткі. Дазвол на будучыя працы ад міністэрства культуры ўжо атрыманы.

«15 службаў правяралі наш праект, усе вывучалі нашу трасіроўку і ўхвалілі. Празь лясны масіў Курапат траса ня пойдзе, толькі па ўскрайку ахоўнай зоны, дзе пракладаць інжынэрныя сеткі дазволена», — запэўніў прысутных на сходзе Анатоль Шэнглэр, кіраўнік распрацоўшчыкаў праекту.

Начальнік управы архітэктуры і будаўніцтва Менскага райвыканкаму Раман Вараўко
Начальнік управы архітэктуры і будаўніцтва Менскага райвыканкаму Раман Вараўко

На гэта грамадзкі кіраўнік народнага мэмарыялу Алесь Чахольскі адказаў просьбай паказаць дазвол на першую пракладку электрычнага кабэлю, якую ажыцьцявіла тая ж будаўнічая фірма «Астодэвэлапмент» у 2016 годзе. Паводле Алеся Чахольскага адмысловага дазволу ад Мінкультуры тады не было. Так гэта ці не, прадстаўнік фірмы не патлумачыў.

Алесь Чахольскі
Алесь Чахольскі

«Рэалізацыя праекту ня зробіць нэгатыўнага ўплыву на захаванасьць гісторыка-культурнай каштоўнасьці Курапаты» — настойваў прадстаўнік забудоўшчыка.

Прадстаўнік кампаніі-забудоўшчыка
Прадстаўнік кампаніі-забудоўшчыка

Як будучыя працы паўплываюць на экалёгію?

Актывістаў непакоіць ня толькі курапацкае пытаньне, але і тое, як пракладка кабэлю паўплывае на экалёгію ў раёне Цнянскага вадасховішча, міма якога таксама пройдзе падземная лінія электраперадачы. Гэта зона адпачынку людзей, побач катэджны пасёлак, далей шматпавярховікі. Як будоўля адаб’ецца на жывой і нежывой прыродзе?

Пра ўзьдзеяньне на навакольнае асяродзьдзе распавяла навуковы супрацоўнік інстытуту прыродазнаўства Акадэміі навук Натальля Томіна. Паводле яе, абраная траса мінімальная па даўжыні з усіх 7 варыянтаў, якія вывучалі праектанты, яна больш эканамічная і цалкам бясьпечная для людзей і прыроды.

«Птушкі, калі пачынацца будаўнічыя працы, як вы ведаеце, адлятаюць, а потым вяртаюцца. Гэтак сама і лясныя жывёлы, тыя ж вавёркі. Але паўтараем, што траса лес не закране, узьдзеяньне будзе часовае і мінімальнае. Кабэль у плястыкавых трубах дыямэтрам 150 мілімэтраў закладаецца на глыбіню 0,7 мэтра.

На грунтовыя воды ўзьдзеяньня ня будзе ніякага, таму рэчка Цна не пацерпіць, як і вада Цнянскага вадасховішча. Рэльеф мясцовасьці захаваецца цалкам, узьдзеяньне на паветра прагназуецца толькі ад будаўнічай тэхнікі і толькі на час будоўлі, а ён кароткі: у ахоўнай зоне Курапатаў будаўнікі справяцца з пракладкай кабэлю ўвогуле за 2 дні, уся траса запатрабуе 8 месяцаў працы. Глебу па маршруце згарнуць і пакладуць на месца, дрэвы і кустоўе ў асноўным перасадзяць. 193 дрэвы перасадзяць, толькі 24 выдаляць, затое пасадзяць 240, у 10 разоў болей», — запэўніла Натальля Томіна з Акадэміі навук Беларусі.

Натальля Томіна
Натальля Томіна

Пры гэтым месцы, дзе будуць пасаджаныя новыя дрэвы, яна назваць не змагла і спаслалася на тое, што іх пазьней вызначыць гарадзкі «Зеленбуд». А ўвогуле, паводле навукоўцы, праект ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольле прапанаванага аб’екту варта ўхваліць.

Аднак у «зялёных» актывістаў і жыхароў, якія бралі ўдзел у абмеркаваньні, узьнікла шмат пытаньняў адносна зьнішчэньня, пасадкі і перасадкі дрэваў. Паводле Натальлі Бялько, лічбы колькасьці дрэваў, заплянаваных на перасадку, не сыходзяцца з плянам. Таксама праект перасадкі дрэваў выглядае вельмі дарагім, бо яго рэалізацыя запатрабуе шмат спэцыяльнай дарагой тэхнікі. «Гэта клопат праектанта — знайсьці грошы», — пераадрасавала пытаньне Натальля Томіна.

Наракалі актывісты і на тое, што з пляна незразумела, у якіх месцах будуць зьнішчаць дрэвы. Ці не ўздоўж вадасховішча? На гэта праектанты запэўнілі, што шырыня трасы, якую наноў пракладуць ад вёскі Копішча да падстанцыі Далгінаўская, будзе ўсяго 3 мэтры і кожнаму дрэву па маршруце трасы гарантавана пільная ўвага. А начальнік управы архітэктуры і будаўніцтва Менскага райвыканкаму Раман Вараўко, які вёў сход, паабяцаў, што цягам усяго некалькіх дзён на сайце райвыканкаму зьявіцца інфармацыя пра месцы, дзе заплянавана зьнішчыць дрэвы.

Чаму абралі менавіта такі маршрут трасы?

Іншыя магчымыя маршруты былі хоць і даўжэйшыя, але не праходзілі ўздоўж зоны адпачынку на Цнянскім вадасховішчы ды праз іншыя праблемныя месцы. Адна з трасаў, прыкладам, часткова праходзіла ўвогуле праз чыстае поле. «Гэта ворыўная зямля, яна пад асаблівай аховай. Да таго ж гэта траса на 10 кілямэтраў даўжэй », — патлумачыў выбар не на карысьць гэтай трасы прадстаўнік «Астодэвэлапмент». На гэта ўдзельнік сходу Іван Трафімовіч заўважыў, што забудоўшчык хоча з’эканоміць на кабелі, а пытаньні экалёгіі для яго да другім месцы. Абаронца Курапат Алесь Чахольскі таксама лічыць, што абраны варыянт маршрута пракладкі электракабэлю — ня лепшы.

«Хоць яны і абяцаюць, што пры знаходцы любога артэфакта ці парэшткаў ахвяр расстрэлаў працы спыняць і паклічуць адмыслоўцаў, але на практыцы можа быць па-рознаму», — мяркуе актывіст. Чахольскі спаслаўся на тое, што тэрыторыя ўздоўж дарогі Калодзішчы-Заслаўе, дзе кабэль пракладуць па другім баку дарогі паралельна Курапатам, яшчэ не дасьледавана, там могуць быць самыя нечаканыя знаходкі і не факт, што будаўнікі паставяцца да іх як належыць.

Да таго ж, ёсьць і іншая прычына хвалявацца, лічыць Алесь Чахольскі.

«Небясьпека яшчэ і ў тым, што замацоўваецца правіла: у Курапаты можна залазіць, калі абставіць усё як нібыта патрэбную людзям справу», — абураецца Алесь Чахольскі.

Паводле Алеся Чахольскага грамадзкае абмеркаваньне праекту мусіла прайсьці ня толькі ў пасёлку Лясны Менскага раёну, але і ў Савецкім раёне Менска, аднак гарадзкія ўлады зрабілі ўсё, каб гэтага не адбылося, бо ня хочуць лішняй агалоскі.

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:38 0:00

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG