Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі вы хочаце гарантыю, купіце чайнік, а не ідзіце да адваката». Вядомая адвакатка пра справу Nexta, суды і студэнтаў Гарварду


Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна выкладала на юрыдычным і журналісцкім факультэтах БДУ, а цяпер вучыць аўтарскаму праву студэнтаў Гарвардзкага ўнівэрсытэту. Яна прадстаўляла ў судзе інтарэсы блогера Антона Матолькі на гучнай справе супраць БТ. А зусім нядаўна разам з старшынём Слонімскага райвыканкама Генадзем Хомічам судзілася з аўтарам тэлеграм-каналу Nexta Сцяпанам Пуцілам.

Свабода даведалася ў адвакаткі Колесавай-Гудзілінай, чаму яна ня лічыць справу Чудзянцова «палітычнай», колькі зарабляюць адвакаты і чаму ў беларускіх унівэрсытэтах лянівыя студэнты.

Марыя кажа, што пачала «працаваць» у юрыспрудэнцыі ў 15 гадоў. Яе бацька таксама быў адвакатам, таму зь дзяцінства Колесава-Гудзіліна ўжо ўмела складаць пазовы.

«На юрфак я прыйшла проста па дыплём», — сьмяецца адвакатка.

«Мой бацька даў мне гэтую прафэсію. На жаль, ён памёр у 2016 годзе. Я дапамагала яму яшчэ з 8-й клясы. Я вучылася пісаць пазовы, лічыць доўг, пеню і працэнты. Гэта тое, чаму добры выкладчык вучыць на 2 курсе. А мне давалі ў рукі дакумэнты, і я мусіла знайсьці адказ, калі яшчэ ня мела юрыдычнай адукацыі».

«Nexta падставіў людзей»

На пачатку лістапада Марыя Колесава-Гудзіліна разам з Арцёмам Калошам абараняла ў судзе інтарэсы старшыні Слонімскага райвыканкаму Генадзя Хоміча. Ён паскардзіўся на тое, што тэлеграм-канал Nexta апублікаваў непраўдзівую інфармацыю пра яго.

«Мне ўсялякай брыдоты ў асабістыя паведамленьні пісалі — маўляў, ганьба, вы дрэнныя людзі, так не павінна быць. Нават ад імя Сьцяпана Пуцілы спрабавалі пісаць. Але рэч у тым, што да кожнага кліента ты ставісься як да кліента.

Да мяне зьвярнуўся чалавек, бо ведаў, што я вяду справы падобнага роду. Паглядзела дакумэнты — ок, усё адпавядае рэчаіснасьці», — тлумачыць Марыя.

Яна кажа, што як прафэсіяналу ёй было ўсё адно, хто ў такой справе яе падабаронны. Так, яшчэ сёлета яна абараняла выданьне «Новы час», калі бізнэсмэн Леанід Зайдэс падаў на яго ў суд, раззлаваны расьсьледаваньнем пра рэстаран у Курапатах.

«Я лічу, што гэта праўная культура: калі ня маеш рацыі, мусіш прызнаць гэта. А калі ты ня ў стане прызнаць, тады будзеш дурнем. У гэтай справе я не была ўпэўненая, што нам задаволяць пазоў. А раптам Сьцяпан прынёс бы нейкія дакумэнты, якія сталі б для мяне нечаканасьцю? — расказвае Марыя. — Ёсьць такое правіла: калі адвакат кажа, што ў цябе 100% гарантыі, то лепш устаць і сысьці. Такіх справаў не існуе. Калі вы хочаце гарантыю, купіце чайнік, а не ідзіце да адваката».

Адвакатка кажа, што Сьцяпан Nexta Пуціла мог перадаць дакумэнты, якія пацьвярджалі б яго рацыю, юрысту БАЖ Алегу Агееву або Сьвятлане Калінкінай.

«Яны яго вельмі прасілі (пра гэта. — РС), — тлумачыць яна. — Але я ведаю дакладна, што потым выявілася, што ніякіх дакумэнтаў няма. Ён проста ня можа прызнаць гэты факт. Ён падставіў усіх астатніх людзей».

Марыя адзначае, як па-рознаму паставіліся да гэтай справы, і кажа, што гэта нелягічна.

«Мы ж прыходзім на справы аб карупцыянэрах і ўсё ім спачуваем», — разважае яна, прыводзячы ў прыклад справу экс-намесьніка кіраўніка Менску Андрэя Дамарацкага. — «Я лічу, што ён клясны таварыш, а справа цалкам сфабрыкаваная. Але старшыня Слонімскага выканкаму таксама чыноўнік. Чаму адным чыноўнікам можна спачуваць, а іншым нельга?».

«Ты глядзіш на яго, а па ім вошы скачуць»

«Калі я раблю сваю працу, то раблю яе да канца, няважна, хто мой кліент — старшыня райвыканкаму, незалежная газэта ці блогер», — кажа Марыя пра сваю працу.

Перамогай яна лічыць і тое, калі чалавеку замест 12 гадоў даюць 5.

«Шукаеш пазытыву ў дробязях, — тлумачыць адвакатка. — У мяне быў такі выпадак у 2017 годзе. Двух анархістаў з Украіны затрымалі ў Менску і пасадзілі на Акрэсьцiна. Яны вельмі доўга сядзелі. У іх была высылка, праблемы з пасольствам і гэтак далей. Мы разумелі, што яны ўсё адно тут не застануцца. Маёй мэтай было, каб яны хутчэй былі дома. І я тады за свае грошы купляла ім квіткі, каб аддзел грамадзянства і міграцыі проста завёз іх у аэрапорт».

Жудасьць такой сытуацыі, паводле адвакаткі, у тым, што твой падабаронны сядзіць у СІЗА, не разумее, за што сядзіць і што адбываецца.

«Ты глядзіш на яго, а па ім вошы скачуць. І ты яму даеш паперку акуратна, гэтаксама забіраеш, вяртаесься ў машыну і рукі выціраеш. І баісься прынесьці гэта дахаты. Але мэта твая — выцягнуць адтуль чалавека, — кажа Марыя. — Было такое, што па 350 разоў стукалася ў дзьверы на Акрэсьціна, але не пускалі. Але мэта — трапіць туды. І вось гэтымі маленькімі мэтамі ты і цешысься».

Марыя не адказвае, колькі каштуюць яе паслугі за дзень. Але кажа, што гэта больш за 300 рублёў, «а часам нашмат больш».

«Ёсьць мінімальныя стаўкі, якія рэкамэндуе нам Мінюст. Гэта 10 базавых велічыняў (250 рублёў). Гэта шмат? Вось я прыходжу на суд. Але я ж павінна да яго падрыхтавацца: прачытаць кучу нарматыўна-праўных актаў, вывучыць усе матэрыялы справы. І гэта займае не адзін дзень. Гэтыя грошы фактычна не за дзень. Усе нашы калегі з Расеі, Украіны з нас сьмяюцца, бо ў нас вельмі маленькія ганарары».

«Як глядзець у вочы маці, калі яе 15-гадоваму сыну даюць 8 гадоў?»

Марыя пацьвярджвае, што брацца за справы па 328-м «антынаркатычным» артыкуле адвакаты ня надта любяць.

«Бо заўсёды даюць вялікія тэрміны. Уяўляеце, як гэта — глядзець у вочы маме, калі яе 15-гадоваму сыну даюць 8 гадоў? Або 15? Або 19? Ты разумееш, што ён выйдзе пасьля 30 гадоў, а якім? Раней было прасьцей, калі ведаць, што можаш дамагчыся адтэрміноўкі, абмежаваньня волі. З залежнасьцю змагацца трэба, але не такім спосабам», — кажа адвакатка.

Большая частка абвівачаных па 328-м артыкуле паводле закону сапраўды вінаватыя, а вінаватых абараняць вельмі цяжка.

«Ці я за „легалайз“? Так, бо ад лёгкіх наркотыкаў, такіх, як каноплі, не паміраюць людзі», — адказвае Марыя.

А вось справу Ўладзімера Чудзянцова адвакатка Колесава-Гудзіліна палітычнай ня лічыць.

«Я яго ведаю. Калі справа палітычная, органы працуюць па-іншаму. Сьледчы камітэт ужо даў бы камэнтар, ужо быў бы які-небудзь матэрыял у прэсе. Альбо хтосьці хлусіць, альбо хлусяць усе», — кажа яна.

Марыя лічыць, што палітычныя справы ёсьць, і, не называючы імёнаў, кажа, што абараняла людзей у такіх працэсах.

«Яны былі ня вельмі гучнымі. Ёсьць, вядома, вельмі дзіўныя таварышы, але іхныя справы таксама палітычныя. Напрыклад, Паліенка. Калі ён пачаў рэзаць вены, мне адразу стала страшна за яго адваката, бо яна перад ім там сядзела. Я адразу пачала ёй пісаць, пытацца, ці ўсё нармальна. Есць такi жарт: „Самыя галоўныя людзі, якія могуць нанесьці шкоду, — гэта твае кліенты“», — кажа Марыя.

Пра студэнтаў Гарварду і БДУ: «Яны пішуць на 40 старонак выдатны праўны дакумэнт»

Летась на адну зь лекцыяў Колесавай-Гудзілінай у БДУ прыйшлі прафэсары Гарвардзкага ўнівэрсытэту. Гэта стала вырашальным момантам у яе жыцьці, бо неўзабаве Марыя стала выкладаць студэнтам курс «Аўтарскае права» і працягнула навуковую дзейнасьць ужо ў Амэрыцы. Заняткі Марыя альбо запісвае на відэа, альбо праводзіць онлайн.

«Мая гісторыя з Гарвардам працяглая, кантракт на пяць гадоў. Гэта калясальная праца, бо я павінна апрацаваць праўную інфармацыю і ў Амэрыцы, і ў Беларусі. Закіпаюць мазгі. Студэнты ўмеюць вельмі многае, яны не гультаі. Калі яны прыходзяць, то ўжо ведаюць, чаго хочуць».

У адказ на просьбу параўнаць амэрыканскіх студэнтаў зь беларускімі Марыя пачынае сьмяяцца, але хутка робіцца сурʼёзнай.

«Беларускія студэнты — раўняецца „лянота“. Гэта раздражняе, калі ты прыходзіш на заняткі, а студэнт нават ня лічыць патрэбным табе паведаміць, што ня прыйдзе, — тлумачыць яна сваю рэакцыю. — Але я ж прыходжу і марную свой час. У Гарвардзе такое ў прынцыпе немагчыма. Калі ты не прыходзіш, то тройчы папросіш прабачэньня і патлумачыш, чаму».


Што яшчэ захапляе Марыю — студэнты ў Гарвардзе рыхтуюцца да заняткаў.

«Калі я абвяшчаю наступную тэму, яны да гэтай тэмы ўжо ўсё пачытаюць і змогуць размаўляць на роўных. Зь імі адно задавальненьне працаваць. Кажаш — напішыце пазоў. Яны пішуць на 40 старонак выдатны праўны дакумэнт».

Такую думку можна пачуць і ад іншых выкладчыкаў, якія працавалі за мяжой. Але чаму так адбываецца?

«Можа таму, што ў Амэрыцы вышэйшая адукацыя ня ўсім даступная. Альбо ты вельмі таленавіты, альбо гэта каштуе дорага», — выказвае думку адвакатка.

«Судзьдзі спрабуюць быць незалежнымі альбо робяць выгляд?»

«Абвінаваўчы ўхіл пры разглядзе справаў бывае часта, — кажа Марыя. — У нас апраўдальных прысудаў вельмі мала». Але навошта тады ў беларускім судзе адвакат?

«Без абаронцы цяжка многія рэчы рабіць. Напрыклад, вывучыць матэрыялы справы, — тлумачыць Марыя Колесава-Гудзіліна. — Адвакат можа ўсё сфатаграфаваць, вывучыць, знайсьці падводныя камяні, паскардзіцца. Калі разумееш, што будзе на 100% абвінаваўчы прысуд, ты кажаш пра гэта. Але разам мы можам пазмагацца за пэўныя рэчы і чалавек разумее, на што яму разьлічваць».

Адвакатка кажа, што цяпер пракуроры ўжо ня ходзяць у кабінэты да судзьдзяў. Але раней такое бывала.

«Пракурор прыходзіць у кабінэт да судзьдзі нешта абмеркаваць, а адвакат у гэты час у калідорчыку чакае. Судзьдзі спрабуюць быць незалежнымі альбо робяць выгляд. Зразумела, што мы ня маем гэтулькі магчымасцяў уваходу (да судзьдзі. — РС), як пракурор», — расказвае Марыя пра негалосныя парадкі ў беларускіх судах.

«Гэта боль усіх адвакатаў. Але ў мяне ёсць знаёмыя судзьдзі, якія пракурораў трываць ня могуць і ў прынцыпе зь імі ня маюць зносінаў. Але пытаньне ў тым, хто вырашае: пракурор, судзьдзя ці „тэлефоннае права“».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG