Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25% аўтарскага ўзнагароджаньня будзе ісьці ў фонд прэзыдэнта? Спыталі ў юрыста, як гэта будзе працаваць


Паводле новай рэдакцыі закону «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» 25% узнагароджаньня аўтара ў пэўных абставінах будзе пералічацца ў Фонд прэзыдэнта. Мы спыталі ў экспэрткі па аўтарскім праве і адвакаткі Марыі Колесавай-Гудзілінай, што ўсё гэта значыць.

Чаму абураюцца аўтары?

Новая рэдакцыя закону была апублікаваная 26 ліпеня. Увагу аўтараў прыцягнулі пункты 3 і 4 артыкула 35.

Паводле іх вытворцы абсталяваньня і матэрыяльных носьбітаў для ўзнаўленьня аўдыёвізуальных твораў, якія вырабляюць прадукцыю ў асабістых мэтах, мусяць выплачваць аўтарам узнагароджваньне.

Зьбіраць, разьлічваць і выплачваць узнагароджаньне будзе арганізацыя па калектыўным кіраваньні маёмаснымі правамі.

Якія менавіта абсталяваньне і матэрыяльныя носьбіты падпадуць пад гэты закон, вырашыць Савет Міністраў.

Арганізацыя па калектыўным кіраваньні маёмаснымі правамі штогод да 1 красавіка накіроўвае ў Фонд прэзыдэнта па падтрымцы культуры і мастацтва 25% ад усяго сабранага ўзнагароджаньня.

Што за арганізацыя па калектыўным кіраваньні?

  • Яна заключае з аўтарамі і праваўладальнікамі, а таксама зь іншымі арганізацыямі па калектыўным кіраваньні маёмаснымі правамі дамовы аб умовах выкарыстаньня твораў;
  • Зьбірае ўзнагароджаньне ў адпаведнасьці з дамовамі, якія заключаныя з карыстальнікамі;
  • Разьмяркоўвае і рэгулярна выплочвае ўзнагароджваньне аўтарам і іншым праваўладальнікам;
  • Прадстаўляе аўтараў і праваўладальнікаў у судзе і робіць іншыя юрыдычныя дзеяньні дзеля абароны іхніх юрыдычных правоў.

Што на ўсё гэта кажа юрыстка?

Марыя Колесава-Гудзіліна
Марыя Колесава-Гудзіліна

Марыя Колесава-Гудзіліна зьвяртае ўвагу, што ўсе гэтыя зьмены тычацца найперш музычных твораў. Таксама важна, што мяркуецца пералічаць 25% не ад усяго ўзнагароджаньня, а толькі ад таго, што паступіла ад вытворцаў абсталяваньня, якое будзе выкарыстоўвацца ў асабістых мэтах.

«То бок калі хто прадае дыскі, то ён адлічвае ўзнагароджаньне ў арганізацыю па калектыўным кіраваньні. І менавіта з гэтых грошай будуць забраныя 25% у Фонд прэзыдэнта», — тлумачыць юрыстка.

Але ў яе ёсьць пытаньні.

  1. Зусім не зразумела, як гэта будзе працэдурна працаваць? Якім чынам усё гэта будзе адсочвацца, як гэта ўсё будзе вылічвацца? Бо для гэтага павінен быць падзаконны акт, ці інструкцыя, ці нешта падобнае.
  2. Ці захочуць аўтары далей кантактаваць з арганізацыяй па калектыўным кіраваньні, калі тыя яшчэ 25% у Фонд прэзыдэнта забіраюць?
  3. Што з падаткамі? Аўтар будзе плаціць падаткі з усяго ўзнагароджаньня ці за мінусам 25%? Калі для аўтара сабрана ўзнагароджаньне ў 100 рублёў і ад яго адлічана 25 рублёў у Фонд, то зь якой сумы аўтару плаціць падаткі як фізычнай асобе — са 100 рублёў ці з 75?
  4. Якім чынам узносы ў Фонд (любы фонд, нават не прэзыдэнцкі) могуць быць абавязковыя? Мне заўжды здавалася, што гэта мусяць быць дабрачынныя ахвяраваньні. Але гэта нагадвае сытуацыю зь дзіцячым садком, калі бацькі туды прыходзяць і ім кажуць абавязкова зрабіць «добраахвотны» ўзнос.

«Як гэта будзе працаваць, мне пакуль не зразумела. Але, паклаўшы руку на сэрца, трэба сказаць, што ў іншых краінах у аўтараў забіраюць больш», — кажа адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG