Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Абвялі вакол пальца». Як у кампазытара з інваліднасьцю адабралі аўтарства песьні «Беларусачка»


Альбом «Беларусачка» Ільлі Ваткіна
Альбом «Беларусачка» Ільлі Ваткіна

Вярхоўны суд Беларусі стаў на бок кампазытара са Смаргоняў Тэймура Пагасьяна, пацьвердзіўшы ягонае аўтарства песьні «Беларусачка», якое прыпісаў сабе астравецкі паэт-прадпрымальнік Ёсіф Раўдановіч. Апошні пад ціскам судовых выканаўцаў кампэнсаваў судовыя выдаткі, але адмаўляецца прызнаваць інтэлектуальную ўласнасьць былога калегі.

Песьню бяз згадкі аўтара музыкі працягваюць выконваць у Беларусі і Літве, у тым ліку экс-вакаліст «Песьняроў» Анатоль Кашапараў і саліст шансон-гурту «Купэ» Ільля Ваткінас (творчае імя Ілья Ваткін). У Вільні выйшла некалькі кампакт-дыскаў, дзе згадка пра кампазытара або адсутнічае, або аўтарства належыць іншым. 30 ліпеня адвакаты Пагасьяна накіравалі пазоў на кампэнсацыю маральнай шкоды.

Вытрымка з рашэньня Вярхоўнага суду
Вытрымка з рашэньня Вярхоўнага суду

«Беларусачка» — гэта песьня на расейскай мове, якая ня мае дачыненьня да аднайменнага гіту 1960-х, які спачатку выконваў Данчык, а пазьней уключылі ў свой рэпэртуар «Песьняры» (верш Алеся Ставера, музыка Юрыя Семянякі).

Саюз самадзейных аўтараў

Тэймуру Пагасьяну 57 гадоў, у яго інваліднасьць ІІ групы зь дзяцінства. Як наступства поліяміэліту мае праблемы з хрыбетнікам і нагамі, перасоўваецца з кіёчкам на невялікую адлегласьць. Атрымаў вышэйшую музычную адукацыю ў Азэрбайджанскай дзяржаўнай кансэрваторыі, у 1990 годзе праз абвастрэньне этнічнага канфлікту ў Нагорным Карабаху зьехаў у Беларусь. Ад таго часу жыве ў Смаргонях, выкладае у дзіцячай музычнай школе гітару і кантрабас, удзельнік ансамбля Subito.

Ягоная жонка Ірына Фрэнкель, гераіня кнігі «Жыцьцё пасьля раку» сэрыі «Бібліятэкі Свабоды», — арганізатарка групы псыхалягічнай падтрымкі анкалягічных пацыентаў у сваім горадзе, актыўна дапамагала мужу ў судовым працэсе.

Ірына Фрэнкель і Тэймур Пагасьян
Ірына Фрэнкель і Тэймур Пагасьян

Тэймур асвоіў гуказапісвальную апаратуру, займаецца аранжыроўкай і піша музыку. Яшчэ па студэнцтве ўдзельнічаў у розных гуртах на радзіме, пасьля пераезду граў у смаргонскім рэстаране «Арыён», разам зь Сяргеем Функам і Тацянай Мікуліч абʼезьдзілі ўвесь рэгіён — Смаргоні, Ашмяны, Астравец, Ліда. Частку грошай пералічвалі на патрэбы сацыяльна-пэдагагічных цэнтраў і дзіцячых дамоў.

Неяк Сяргей Функ пазнаёміўся зь Ёсіфам Раўдановічам, вядомым у Астраўцы прадпрымальнікам. Аматары шансону хутка знайшлі агульную мову, смаргонец расказаў пра супрацу са здольным мелядыстам. Калега зацікавіўся: сумна займацца адным гандлем, хочацца творчасьці — канцэртаў, дыскаў, гіт-парадаў. Дамовіліся, што той накідае вершаваных чарнавікоў, а Функ угаворыць сябра паглядзець, ці нешта атрымаецца. Пагасьян пагадзіўся і за тыдзень падрыхтаваў дзьве песьні.

Тэймур Пагасьян, Ёсіф Раўдановіч і Сяргей Функ у часы супрацы
Тэймур Пагасьян, Ёсіф Раўдановіч і Сяргей Функ у часы супрацы

Неўзабаве Раўдановіч прыехаў знаёміцца — з амбітнымі плянамі супрацы. Прызнаўся, што плаціць ня зможа, але бярэ на сябе пошук выканаўцаў і прамоўшн. Цягам 2010–2014 гадоў былі напісаныя 23 песьні, акурат на два альбомы.

«З тэкстамі даводзілася шмат працаваць — мякка кажучы, далёкія ад дасканаласьці, — расказвае Тэймур Пагасьян. — Аднойчы сярод „пісаніны“, як ён сам называў свае вершы, папалася „Беларусачка“. Удалая ідэя, падшліфаваць — і будзе самае тое. Я зрабіў, Ёсіфу спадабалася, пачаў шукаць выканаўцаў. Пакуль жа сьпяваў я. Прэзэнтавалі ў нашай музычнай школе, былі іншыя выступы. Нас добра прымалі, шлі творчым тандэмам».

Астравецкі прадпрымальнік Ёсіф Раўдановіч
Астравецкі прадпрымальнік Ёсіф Раўдановіч

У 2011 годзе Ёсіф Раўдановіч зарэгістраваў «Беларусачку» як сумесны твор у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасьці. Супраца пачала даваць плён.

«Беларусачка» для экс-песьняра

У 2014-м астравецкі песеньнік выйшаў на патэнцыйнага выканаўцу — гэта самы вядомы ў краінах Балтыі сьпявак шансону Ільля Ваткін. Паказаў яму некалькі напрацовак з Пагасьянам. Віленскага артыста ўзрушыла песьня «Сьцюжа» — пазьней яна за два тыдні ўзьляцела на вяршыню гіт-параду на «Русском радио Балтии». І таксама папрасіў арганізаваць сустрэчу з мэлядыстам.

Ёсіф Раўдановіч (за заднім пляне) з гуртом Тэймура Пагасьяна
Ёсіф Раўдановіч (за заднім пляне) з гуртом Тэймура Пагасьяна

«Сустрэліся ў Астраўцы ў Раўдановіча, — расказвае Пагасьян. — Ваткін досыць высока ацаніў нашыя рэчы, сказаў, што ў ягоным выкананьні яны будуць мець несумненны посьпех, бо ўжо ёсьць свая сталая аўдыторыя. Адпаведна, цалкам рэальна паставіць супрацу на камэрцыйныя рэйкі. Ну што ж, вельмі добра. Мінаў час, я ўсё чакаў, калі нешта зрушыцца. Але раз маўчыць, значыць, не атрымалася, занадта завышаныя спадзяваньні».

А ў апошнія дні 2017 году Ірына Фрэнкель, жонка Тэймура Пагасьяна, шчоўкаючы кнопкі тэлеканалаў, аж выпусьціла з рук пульт, пачуўшы «Беларусачку» ў выкананьні экс-песьняра Анатоля Кашапарава.

Ёсіф Раўдановіч і Анатоль Кашапараў
Ёсіф Раўдановіч і Анатоль Кашапараў

«Пераднавагодні канцэрт на СТВ, стаіць ва ўсёй красе Кашапараў, — сьмяецца Ірына Фрэнкель, адна з галоўных сьведак у судовых спрэчках. — Мы ў інтэрнэт: аказалася, на базе прадусарскага цэнтру Ваткіна ў Вільні ён адкрыў культурны цэнтар „Песьняроў“. І канцэртуе, сьпявае „нічыйныя“ песьні. Песьняроўскія не рызыкуе, бо баіцца, усё ж 20 гадоў пражыў у Амэрыцы, ведае, чым пагражае. А тут Ваткін дазволіў — бяры, ніхто не прэтэндуе».

Пазьней высьветлілася, што ў 2014 годзе Ёсіф Раўдановіч перарэгістраваў у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасьці «Беларусачку» на сябе — ад таго часу мог аднаасобна распараджацца творам і здабываць дывідэнды. А вось першаму суаўтару паведаміць забыўся.

«Беларусачка» бяз згадваньня аўтара музыкі Пагасьяна
«Беларусачка» бяз згадваньня аўтара музыкі Пагасьяна

«Ледзь дачакаліся 3 студзеня, каб затэлефанаваць у цэнтар і высьветліць, што адбываецца, — кажа Пагасьян. — Як так здарылася, ніхто ўцямна патлумачыць ня змог. Адзінае, параілі зрабіць сваю рэгістрацыю, каб „распачаць канфлікт“ і з гэтым пайсьці ў суд. На наступны дзень я ўзяў нашы сумесныя 23 песьні і паехаў у Менск. Усе зарэгістраваў, акрамя „Беларусачкі“, яна ўжо была за Раўдановічам. З гэтага, уласна кажучы, і пачалося наша змаганьне».

Дыскваліфікацыя кампазытара

З дазволу новага праваўладальніка песьня ў выкананьні Ільлі Ваткіна загучала на кампакт-дысках і ў эфіры радыёстанцый, са сцэны «Славянскага базару» і нават у рамках патрыятычнага конкурсу «Салдаты Айчыны». У аўтарах значацца Раўдановіч і Ваткін, згадкі пра Пагасьяна адсутнічаюць.

Ірына Фрэнкель дэманструе скрыншот сынглу з прозьвішчам Пагасьяна
Ірына Фрэнкель дэманструе скрыншот сынглу з прозьвішчам Пагасьяна

Пацярпелы кампазытар зьвярнуўся па юрыдычную дапамогу ў Офіс па правах людзей з інваліднасьцю — праваабаронцы арганізацыі ўжо мелі пэўны досьвед аспрэчваньня аўтарскага права. Аднак спробы дасудовага замірэньня плёну ня мелі: Раўдановіч сказаў, што ўсе песьні ягоныя, нічога Пагасьян не дабʼецца. Давялося падаваць пазоў у судовую калегію ў справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнагу суду: без матэрыяльных прэтэнзій, толькі дзеля прызнаньня аўтарства кампазытара.

«Наш суд, мабыць, першы ў частцы прызнаньня аўтарства музыкі, — гаворыць Ірына Фрэнкель. — Так, быў Алег Молчан, які не пагадзіўся на аранжыроўку і распаўсюд песьняроўскай „Малітвы“, а тут гаворка менавіта аб прэтэнзіях кампазытара. Валодзя Пугач з J:Морс яшчэ і юрыст, спэцыяліст у аўтарскім і сумежным праве, дык нам адразу сказаў: даказаць вельмі складана, калі ня будзе неаспрэчных фактаў».

Тэймур Пагасьян захаваў усе рукапісныя матэрыялы песеньніка і кампутарныя файлы з датамі аранжыровак. Гэта дапамагло ў судзе: не маглі песьні, запісаныя яшчэ да знаёмства з Ваткіным, раптам перайсьці да іншага аўтара. Апанэнты сьцьвярджалі, што «нічога ня скралі», а значыць, «нікому ня вінныя».

Ільля Ваткін і Ёсіф Раўдановіч
Ільля Ваткін і Ёсіф Раўдановіч

«Паводзілі сябе нахабна, Тэймура проста прыніжалі, — працягвае Ірына Фрэнкель. — Судзьдзя запытаў Раўдановіча: „Калі Ваткін, як вы сьцьвярджаеце, напісаў песьню ў 2014-м, як атрымалася, што яна была зарэгістраваная трыма гадамі раней на Пагасьяна?“ Ён адказаў: „Мне было яго шкада як інваліда, вырашыў зрабіць падарунак“. Ваткін наогул кінуў: „Ды хто ты такі, калі не сябра Саюзу кампазытараў? Аматар!“ А потым падсумаваў: увесь гэты суд — задавальненьне асабістых амбіцый».

Крыўда паэта-песеньніка

Ёсіф Раўдановіч у размове з карэспандэнтам Свабоды абвінаваціў Тэймура Пагасьяна ў хлусьні: насамрэч гэта ён найграў яму «Беларусачку» на гітары, а той толькі паклаў «гукі на ноты». Адпаведна, аўтар музыкі зусім ня той чалавек, які «выдае сябе за вялікага кампазытара».

«Не люблю людзей, якія нават у Вярхоўным судзе глядзяць табе ў вочы і нахабна хлусяць, — эмацыйна рэагуе суразмоўца. — Так, была мая памылка: зарэгістраваў на яго па няведаньні. Я ня маю музычнай адукацыі і мне бяз розьніцы, хто кампазытар. А ён жа прасунуты, два дыплёмы, выдатна разумее, хто аўтар. Дык калі ты нармальны мужык, раскажы ў судзе, як было: я прыйшоў, найграў на гітары, а ты паклаў на клявішы і потым гаворыш, які ўвесь зь сябе таленавіты. Не выношу падману...»

Ёсіф Раўдановіч падчас выступу Ільля Ваткіна
Ёсіф Раўдановіч падчас выступу Ільля Ваткіна

Самадзейны паэт таксама дадае, што ні на які суд больш ня пойдзе, бо калі ў чым і вінаваты, дык толькі ў тым, што «прынёс славу Беларусі», — кажа Ёсіф Раўдановіч.

«У чым мая віна? Што напісаў песьню, прасунуў яе, і цяпер яна ўсхваляе Беларусь за кардонам? Амэрыка, Брытанія, Ізраіль, Прыбалтыка — усюды гучыць „Беларусачка“. Наш амбасадар у Літве выказаў за яе падзяку, пасьля чаго нават былі спробы наехаць на „Русское Радио Балтии“ — чаго гэта беларусы актывізаваліся? Я далёкі ад гэтага, адкуль мне было ведаць, паводле якіх крытэраў вызначаецца кампазытар? Гэта ўжо потым дасьведчаныя людзі патлумачылі, што да чаго...»

На закіды апанэнта Тэймур Пагасьян адказвае той жа манэтай: Ёсіф Раўдановіч ня граў яму на гітары будучых твораў, паколькі ў гэтай справе быў абазнаны яшчэ менш, чым у «пісаніне».

Судовае рашэньне без выкананьня

20 траўня судзьдзя судовай калегіі у справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага суду Віктар Коўшун абвясьціў: Тэймур Пагасьян прызнаны аўтарам музыкі да песьні «Беларусачка». Рашэньне набыло сілу бяз права абскарджваньня і апратэстоўваньня ў апэляцыйным парадку. Пазванага абавязалі сплаціць матэрыяльныя выдаткі — 20 базавых велічыняў дзяржаўнага збору (любы іншы суд — 3 базавыя, але ў гэтым выпадку альтэрнатывы няма).

«Сьцюжа» засталася без Тэймура Пагасьяна
«Сьцюжа» засталася без Тэймура Пагасьяна

«Для нас гэта вялікая сума — 510 рублёў, — гаворыць кампазытар, які перамог збольшага на паперы. — Прасіў, каб з улікам майго стану вызвалілі ад збору, але суд насустрач не пайшоў... Я ўсьцешаны, што справядлівасьць адноўленая. Праўда, у пастанове быў указаны 7-дзённы тэрмін для выкананьня патрабаваньняў, але амаль два месяцы не было ніякай рэакцыі. Давялося штурхаць судовых выканаўцаў. Толькі нядаўна атрымалі грошы, яны і пайшлі на аплату новага пазову».

Як удакладняе Тэймур Пагасьян, чарговы пазоў супраць Ёсіфа Раўдановіча вынікае зь першага — аб маральнай шкодзе. 20 базавых велічынь дзяржаве ўнесеныя, заява пададзеная 30 ліпеня. Прычына ў тым, што фактычна нічога не зьмянілася: песьня гучыць, дыскі прадаюцца. Калі паэт ня зробіць высноваў, наступным стане суд за незаконнае распаўсюджаньне музычнай прадукцыі — ужо з патрабаваньнем матэрыяльнай кампэнсацыі.

У ранейшых варыянтах Пагасьян яшчэ фігураваў кампазытарам
У ранейшых варыянтах Пагасьян яшчэ фігураваў кампазытарам

З агульных 23 песень, створаных у суаўтарстве з Раўдановічам, ён пазбавіўся аўтарства ў пяці, — запэўнівае Пагасьян.

«Акрамя „Беларусачкі“, гэта „Сьцюжа“, „Хто сказаў“, „Сон“, „Я любіў дзяўчат так многа“ (усе расейскамоўныя. — РС). Можа, ёсьць і іншыя, бо за заслонай адбываецца невядома што. Пасьпеў зрабіць у сеціве скрыншот вокладкі сынглу „Беларусачка“, дзе было маё прозьвішча. А потым фота дыска зьнікла і зьявілася ўжо бяз надпісу. Калі ў судзе Ваткіна запыталі, чаму адпачатку быў Пагасьян, ён адказаў: „Ды першае, што прыйшло ў галаву маім рэдактарам. Са столі!“».

Як кажа кампазытар, хацелася б правучыць выканаўцу і музычнага распаўсюдніка Ільлю Ваткіна, але дзеля гэтага трэба падаваць у суд іншай дзяржавы — Літоўскай Рэспублікі. А гэта ўжо іншы ўзровень выдаткаў і транспартных клопатаў. Тым ня меней такой магчымасьці ў пэрспэктыве не выключае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG