Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загінуў гітарыст «Песьняроў» Аркадзь Іваноўскі

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота. Гурт «Песьняры»

Загінуў беларускі музыка Аркадзь Іваноўскі, апошні гітарыст мулявінскіх «Песьняроў». Паводле непацьверджаных зьвестак, ён патануў. Пра гэта паведамляе форум прыхільнікаў «Песьняроў».

«Сумная навіна прыйшла ад Аляксандра Папроцкага зь Менску (перадаў Алег Аверын). Апошні гітарыст „Песьняроў“ да распаду Аркадзь Іваноўскі патануў. Падрабязнасьці пакуль невядомыя», — напісаў адміністратар форуму Алег Верашчагін.

Сьледчы камітэт распачаў праверку па факце гібелі музыкі. Згодна з паведамленьнем СК, Іваноўскі купаўся раніцай 24 чэрвеня ў вадасховішчы «Дразды» і так і ня выйшаў з вады. Ратавальнікі, якім пазваніў відавочца, вынялі яго з вады ўжо без прыкметаў жыцьця.

Разьвітаньне з артыстам пройдзе 26 чэрвеня ў Менску ў рытуальнай залі на Альшэўскага, 12 з 14.00 да 15.00.

Аркадзю Іваноўскаму ў жніўні споўнілася б 60 гадоў.

Аркадзь Іваноўскі скончыў Менскі радыётэхнічны інстытут і Менскі інстытут культуры, з 1982 году працаваў у эстрадных калектывах, у ансамблі песьні і танца Узброеных Сіл Беларусі, Беларускім дзяржаўным аркестры Міхаіла Фінберга.

У ансамблі Ўладзімер Мулявіна «Песьняры» Іваноўскі выступаў з 1996 году. Калі ў «Песьнярах» адбыўся раскол, гітарыст не далучыўся да новага ансамблю «Беларускія песьняры» і застаўся ў калектыве Мулявіна, а таксама супрацоўнічаў з аркестрам Міхаіла Фінберга. З 2004 году Іваноўскі працаваў на катэдры мастацкай творчасьці і прадусарства ў Менскім інстытуце сучасных ведаў імя Шырокава і займаўся джазавымі праектамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG