Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсійнае выгараньне — як яго пазьбегчы?


На сёньняшні дзень прафэсійнае выгараньне зьяўляецца сапраўднай праблемай. У траўні сёлета яно было ўнесена ў афіцыйны сьпіс захворваньняў паводле Сусьветнай Арганізацыі Здароўя. Пра гэта піша газэта The New York Times.

Ад выгараньня не застрахаваны ніхто, яно можа здарыцца нават на любімай працы. Прыкметы выгараньня наступныя:

  • адсутнасьць сіл
  • адмоўна-цынічнае стаўленьне да сваёй працы
  • і, як вынік, зьніжаная працаздольнасьць

Пры гэтым, шанец таго, што кожны чалавек хоць раз у жыцьці апынецца ў стане выгараньня, даволі вялікі, а таму мае сэнс расказаць, як гэтага пазьбегчы.

Сачыце за патрэбамі свайго цела

Гучыць як даволі відавочная парада, але менавіта гэта дапамагае пазьбегнуць стану, калі няма сіл узяцца нават за самую простую рэч.

  • Найперш, трэба нармалізаваць сон. Звычайна чалавеку трэба ад 7 і да 10 гадзін сну — пры гэтым, лепей ісьці спаць раней і прытрымлівацца рэжыму. Тым ня менш, парада не павінна ўспрымацца занадта літаральна, бо кожны чалавек мае індывідуальныя патрэбы ў сьне. Галоўнае тут — кантраляваць рэжым і не ісьці спаць занадта позна.
  • Ежа — гэта другі слуп, на якім трымаецца здаровае самаадчуваньне. Калі настрой пачынае падаць у адпаведны час на працягу дня, гэта можа быць сыгналам да неабходнасьці нешта зьесьці. І, магчыма, варта паспрабаваць харчавацца маленькімі порцыямі на працягу працоўнага дня, каб такім чынам падтрымліваць адпаведны ўзровень энэргіі.
  • Ня трэба забываць і тое, што целу патрэбны рух. Любое практыкаваньне на сьвежым паветры станоўча адбіваецца на псыхалягічным стане чалавека, а таму экспэрты раяць пэрыядычна рабіць перапынкі, каб выйсьці на шпацыр, або прабегчыся па вуліцы, калі такая магчымасьць ёсьць.

Фізычныя практыкаваньня могуць быць асабліва карыснымі, калі на працы паўстае нейкая праблема. Кожны з нас хоць раз у жыцьці заўважаў, што пасьля 30-хвіліннага шпацыру ў галаву прыходзяць нечаканыя рашэньня праблем ці новыя і неардынарныя ідэі.

Зьвярніце ўвагу на сваё асяродзьдзе і вырашыце, што для вас зьяўляецца ўзнагародай

Чалавек — сацыяльная істота. Яму патрэбная падтрымка і адчуваньне, што яго цэняць і паважаюць. Добра, калі гэта ў тым ці іншым выглядзе можна атрымаць на працы — напрыклад, калі начальнік цэніць вашу працу, альбо калі ёсьць некаторая падтрымка з боку калег.

Але бывае так, што гэта немагчыма з прычыны асаблівасьцяў працоўнага асяродзьдзя, характару начальніка ці адметнасьцяў самой працы. У такім выпадку варта заняцца нейкай актыўнасьцю за межамі працоўнага месца. Галоўнае, каб гэта актыўнасьць дазваляла мець асабістыя дасягненьня.

Асобным бонусам можа быць супольнасьць людзей, якія падзяляюць з вамі ваша хобі — ёсьць верагоднасьць, што менавіта такая сацыялізацыя дазволіць вам адчуць сябе патрэбным і будзе дапамагаць спраўляцца са стрэсам на працы.

Адчуйце сябе, свой характар і тэмпэрамэнт

Усе людзі розныя, і кожны мае своеасаблівыя рысы. Да гэтага трэба заўсёды ставіцца з павагай і гэта трэба браць у разьлік пры плянаваньні адпачынку.

Каб эфэктыўна аднаўляць энэргію, трэба ведаць, які стан зьяўляецца для вас натуральным. Больш экстравэртным асобам можа падыйсьці адпачынак, які складаецца з камунікацыі — такому чалавеку могуць быць неабходныя зносіны зь сябрамі і сям’ёй. Менавіта кампанія блізкіх людзей можа дапамагчы экстравэрту пазьбегнуць выгараньня.

Інтравэртам можа падыйсьці адпачынак супрацьлеглага тыпу — гэта можа быць праца ў гародзе, шпацыр на прыродзе ці дробнае рамесьніцтва. Тут няма правільнага ці няправільнага падыходу, бо людзі вельмі розныя і асалоду могуць атрымліваць ад розных рэчаў. Калі чалавек мае схільнасьць да парадку, то нічога дзіўнага, што маральнае задавальненьне і адчуваньне спакою яму прынясе прыбіраньне кватэры.

Выснова

Толькі праз вывучэньне сябе і сваіх патрэбаў можа пазьбегнуць выгараньня. Можна мець працу, аб якой вы марылі ўсё сваё жыцьцё, і ўсё роўна ў адзін дзень сутыкнуцца з праблемай выгараньня і адчуваньня, што праца нічога апроч раздражненьня не прыносіць.

Адзіны спосаб пазьбегнуць гэтага або, прынамсі, не заставацца ў такім стане доўгі час — ведаць сябе і адштурхоўвацца ад сваіх патрэбаў, ад сваіх слабых і моцных бакоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG