Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як працоўны стрэс паскарае старэньне


Амэрыканскі лекар, доктар мэдыцыны Друў Кулар ў газэце The New York Times знаёміць чытачоў з вынікамі новага дасьледаваньня, прысьвечанага ўплыву працоўнага стрэсу на здароўе і старэньне чалавека.

Навукоўцы з Унівэрсытэту штату Мічыган (ЗША) вырашылі праверыць, як доўгая праца, недахоп сну і пастаянны стрэс уплываюць на стан здароўя маладых дактароў.

Аказалася, што стрэс уплывае на чалавека нават на генэтычным узроўні.

Ход экспэрымэнту

Удзел у дасьледаваньні бралі 250 практыкантаў-мэдыкаў, якія працавалі першы год пасьля заканчэньня мэдычных факультэтаў. У практыкантаў былі ўзятыя ўзоры ДНК (сьліна), каб даведацца даўжыню целамераў да і пасьля першага году практыкі. Целамерамі называюцца своеасаблівыя ахоўныя «шапкі» на канцах храмасом, якія прадухіляюць пашкоджаньне ДНК клеткі.

Целамеры скарачаюцца кожны раз пры дзяленьні клетак. Як толькі яны становяцца занадта кароткімі, клеткі разумеюць, што настаў час самазьнішчацца. Зьнясіленьне целамераў адыгрывае ролю ў працэсе старэньня і зьвязана са шматлікімі хваробамі пажылых людзей — дыябэтам, ракам і хваробамі сэрца.

Вынікі дасьледваньня

Дасьледчыкі высьветлілі, што ДНК маладых лекараў за першы год практыкі старэе ў шэсьць разоў хутчэй за норму. У звычайных умовах целамеры скарачаюцца з хуткасьцю 25 базавых пар ДНК у год. Практыканты-лекары падчас першага году практыкі згубілі больш за 140 базавых пар ДНК.

Пры гэтым, тыя зь іх, хто браў даўгія зьмены і больш працоўных гадзін, аказаліся ў групе яшчэ большай рызыкі. У іх скарачэньне целамераў павялічваецца разам з павелічэньнем працоўных гадзін — у тых, хто працуе больш за 75 гадзін у тыдзень, страта целамераў дасягае 700 базавых пар.

Высновы

У гэтай сувязі доктар Кулар піша, што ў мэдычнай галіне ўсё яшчэ можна сустрэць дэбаты на тэму, як доўга і як упарта павінны працаваць практыканты-лекары. Прычым дыскусіі ідуць нягледзячы на тое, што сёньня ўсім вядома аб частых выпадках растучай трывогі, дэпрэсіі і выгараньня сярод практыкантаў-мэдыкаў і дактароў.

Вынікі гэтага экспэрымэнту былі апублікаваныя ўжо пасьля іншага дасьледаваньня, якое паказвала, што практыканты звычайна губляюць ад трох да сямі гадзін сну ў тыдзень і маюць значна меншую фізычную актыўнасьць.

Лекары робяць выснову, што людзі, якія шмат працуюць і мала адпачываюць, трапляюць у заганнае кола: недахоп сну вядзе да горшага самаадчуваньня і дрэннага настрою на наступны дзень, што ў сваю чаргу замінае заснуць у наступную ноч. Усё гэта разам часта выліваецца ў стан хранічнай дэпрэсіі.

(Пры ўдзеле Яна Поклада)

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG