Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расслабцеся! Часам карысна нічога не рабіць


Ці прачынаецеся вы стомленым? Ці правяраеце электронную пошту, перш чым устаць? Ці прапускаеце сьняданак, каб пасьпець на працу? Ці абедаеце на сваім працоўным месцы? Ці пераседжваеце на працы звыш нормы?

Для шмат каго такія тэмп і рэаліі зьяўляюцца нормай, піша на сайце газэты The New York Times амэрыканскі журналіст і пісьменьнік, заснавальнік і кіраўнік кампаніі The Energy Project Тоні Шварц і робіць парадаксальную выснову, што каб зрабіць больш, трэба часам рабіць менш.

Стратэгічнае аднаўленьне

У наш час зьяўляецца ўсё больш і больш вынікаў міждысцыплінарных дасьледаваньняў, якія стратэгічнае псыхалягічнае і фізычнае аднаўленьне арганізму, у тым ліку кароткія трэніроўкі у працягу дня, кароткі дзённы сон, больш працяглы начны сон, большы час, праведзены па-за офісам, і, нарэшце больш доўгія і больш частыя адпачынкі — рэзка павышаюць прадукцыйнасьць працы і моцна паляпшаюць здароўе.

Састарэлы этас рынкавай эканомікі

Тым часам, сёньня ў сьвеце абсалютна пануе састарэлы прынцып рынкавай эканомікі — больш і хутчэй. Паводле Тоні Шварца, гэты прынцып заснаваны на састарэлых уяўленьнях пра тое, што рэсурсы людзей бясконцыя. Калісьці лічылася, што чалавек можа рабіцца ўсё больш і больш дасканалым і, адпаведна, прадукцыйным.

У выніку у сьвеце ўсё больш працуючых людзей, якія адчуваюць сябе, нібыта бегуны, якія бягуць без прыпынку і пры гэтым спрабуюць захаваць нейкае падабенства нармальнага жыцьця па-за працай.

Ідэя прадставіць чалавеку больш вольнага часу разыходзіцца з працоўнай этыкай большасьці кампаніяў. Вольны час супрацоўнікаў яны разумеюць як час страчаны

Як і час — энэргія канечная. Навукоўцы разумеюць энэргію чалавека як яго здольнасьць выконваць працу. Але ў адрозьненьне ад часу, энэргію можна аднавіць. І тут мае месца калізія. Ідэя прадставіць чалавеку больш вольнага часу разыходзіцца з працоўнай этыкай большасьці кампаніяў. Вольны час супрацоўнікаў яны разумеюць як час страчаны.

У Злучаных Штатах, напрыклад, траціна працуючых людзей абедае на працоўным месцы. А больш за 50 працэнтаў так ці іначай плянуюць працаваць падчас вакацый. Большасьць фірмаў дае грашовыя ўзнагароды тым супрацоўнікам, якія працуюць больш цяжка і больш доўга.

Парадокс у тым, што гэта зусім не азначае, што такія супрацоўнікі больш прадукцыйныя.

Сучасная працоўная этыка шкодзіць здароўю

Усё вельмі проста. Чым больш часу вы праводзіце на працы, тым менш часу вам застаецца на адпачынак і сон. Недахоп сну наўпрост адбіваецца на прадукцыйнасьці.

Адно зь нядаўніх дасьледаваньняў, у якім бралі ўдзел 400 супрацоўнікаў розных кампаніяў, паказала, што недастатковы сон (менш за 6 гадзін у суткі) зьяўляецца галоўнай прычынай так званага працоўнага выгараньня.

Навукоўцы Гарвардзкага ўнівэрсытэту падлічылі, што з прычыны недахопу сну і наступнай страты прадукцыйнасьці амэрыканская эканоміка губляе штогод $ 63,2 млрд.

Дасьледчыкі Стэнфардзкага ўнівэрсытэту прымусілі баскетбалістаў спаць 10 гадзін штодзень, у выніку павялічылася прыцэльнасьць кідкоў і агульная пасьпяховасьць гульняў.

Новыя падыходы да старой праблемы

Выснова перадавых сучасных мэдыкаў адназначная: для таго, каб павялічыць прадукцыйнасьць шматгадовай працы, людзі павінны пазьбягаць зьнясільваньня. Неабходна зьменшыць штодзённую працоўную нагрузку роўна на той час, які вам дадаткова патрэбны для таго, каб аднавіць сілы на штодзённай або штотыднёвай аснове.

Сёньня такія амэрыканскія кампаніі, як Google, Coca-Cola, Green Mountain Coffee, Genentec, Cleveland Clinic і іншыя, увялі новыя прынцыпы ў сваю практыку. Цяпер, паводле Тоні Шварца, аднаўленьне супрацоўнікаў займае ў гэтых кампаніях галоўнае месца.

Працоўны час ў гэтых кампаніях заканчваецца ў 18.00 і кіраўніцтва не чакае ад супрацоўнікаў, што яны будуць адказваць на працоўныя электронныя лісты пасьля гэтага часу

У офісах зьявіліся пакоі, дзе людзі могуць падрамаць, мэдытаваць або проста расслабіцца. Зьявіліся прасторныя холы, дзе супрацоўнікі кантактуюць з калегамі і перакусваюць. Прычым здаровыя прадукты для гэтых перакусаў прадстаўляе кампанія.

Мэнэджэры заклікаюць да больш доўгіх працоўных перапынкаў на працягу дня. Заахвочваецца таксама абед па-за сьценамі кампаніі. Людзям дазваляюць некалькі дзён у тыдзень працаваць дома, калі гэта магчыма.

Працоўны час ў гэтых кампаніях заканчваецца ў 18.00 і кіраўніцтва не чакае ад супрацоўнікаў, што яны будуць адказваць на працоўныя электронныя лісты пасьля гэтага часу.​

Да гэтых зьменаў у названых кампаніях мае дачыненьне як адзін з аўтараў новай канцэпцыі і аўтар артыкулу ў The New York Times Тоні Шварц. Паводле яго, энэргія, якую супрацоўнікі прыносяць на свае працоўныя месцы, значна больш важная з гледжаньня кошту іх працы, чым колькасьць гадзін, якія яны працуюць.

Паводле Шварца, кіруючы энэргіяй больш ўмела, можна зрабіць больш за меншы час і пры гэтым больш надзейна і стабільна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG