Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нованароджаныя дзеці неграмадзянаў Латвіі будуць аўтаматычна атрымліваць грамадзянства


Дзяржаўны сьцяг Латвіі

Адпаведны закон сёньня падпісаў прэзыдэнт Латвіі Эгіл Левітс. Яго ўнёс у Сойм былы кіраўнік латвійскай дзяржавы Райманд Вэёніс, паведамляе leta.lv.

Дзеці, якія народзяцца ў сем’ях «неграмадзянаў» Латвіі пасьля 1 студзеня 2020 году, будуць аўтаматычна атрымліваць статус грамадзянаў Латвіі, калi толькі бацькi дзiцяцi не захочуць для яго грамадзянства іншай дзяржавы або калі дзіця ня будзе грамадзянінам іншай дзяржавы.

Раней дзеці «неграмадзянаў» пасьля нараджэньня атрымлівалі таксама статус неграмадзянаў і мусілі пазьней праходзіць працэдуру атрыманьня грамадзянства.

Чакаецца, што лібэралізацыя заканадаўства аб грамадзянстве закране толькі невялікую колькасьць людзей. Паводле зьвестак латвійскага ўпраўленьня па справах грамадзянства і міграцыі ў 2016 годзе як неграмадзяне былі зарэгістраваныя 47 дзяцей, у 2017 годзе — 51 дзіцё, у 2018 годзе — 33 дзіцяці.

Экс-прэзыдэнт уносіў гэты законапраект на разгляд яшчэ пры ранейшым скліканьні парлямэнту, але ініцыятыва была адхіленая.

Што за «неграмадзяне»

Гэта былыя грамадзяне СССР, якія пасьля распаду Саюзу не набылі ні грамадзянства Латвіі (яго аўтаматычна давалі толькі грамадзянам даваеннай Латвіі і іхным нашчадкам), ні іншага грамадзянства, але засталіся жыць у Латвіі.

Ім даюць адмысловыя пашпарты, даюць права жыць у краіне і маюць бараніць за мяжой (у Эўразьвяз могуць езьдзіць бязь візы, але з абмежаваньнямі), ды яны не галасуюць на выбарах, ня могуць служыць на дзяржаўнай службе і ў сілавых структурах. Агулам налічваецца каля 80 адрозьненьняў у правах.

Уласна «неградмадзянаў» у Латвіі на сярэдзіну 2019 году налічвалася больш як 220 тысячаў (пры агульным насельніцтве ў 2 млн чалавек).

Зь іх больш як 30 тысячаў — этнічныя беларусы, але асноўная маса (звыш 65%) — этнічныя расейцы. Больш як 40% «неграмадзянаў» старэйшыя за 60 гадоў, тры чвэрці старэйшыя за 40 гадоў.

Колькасьць «неграмадзянаў» пастаянна зьніжаецца, у 2000-х ішло актыўнае наданьне ім грамадзянства праз працэдуру «натуралізацыі». Працэдура захавалася і цяпер, але «натуралізуюцца» толькі пару тысячаў чалавек на год. Для натуралізацыі трэба здаць экзамэны па латыскай мове, гісторыі, Канстытуцыі і гімне.

За наяўнасьць статусу неграмадзянаў Латвію неаднаразова на міжнародным узроўні крытыкавала Расея, вінаваціла ўлады краіны ў дыскрымінацыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG