Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні знайшлі пячатку — як мяркуецца, Уладзіміра Манамаха. Што гэта значыць?


Археолягі знайшлі ў горадзенскім Новым Замку сьвінцовую пячатку, якая, верагодна, належала вялікаму кіеўскаму князю Ўладзіміру Манамаху. Калі ўласьніка знаходкі пацьвердзяць спэцыялісты, можна будзе скончыць дыскусію, якім годам датаваць заснаваньне Горадні.

Як расказаў менскі археоляг Іван Сьпірын, пячатку знайшлі 28 кастрычніка. Зьлева ад Новага замку паміж архівам і былымі стайнямі праводзяць каналізацыю. У асноўным там перакладзены культурны слой — зямля, якую аднекуль прывезьлі. Але пячатку знайшлі ў некранутым культурным слоі, то бок у той зямлі, якая была там адпачатку.

Новы замак у Горадні
Новы замак у Горадні

На думку Сьпірына, знаходка пацьвярджае сувязь Горадні з Кіеўскім княствам. Князь Уладзімір мог пісаць сюды лісты са сваёй пячаткай.

Пячатку можна аднесьці да першых гадоў існаваньня Горадні. Такія сьвінцовыя пячаткі заціскаліся на матузках, прымацаваных да дакумэнтаў, напрыклад, лістоў, паведамляецца на сайце Горадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю.

На адным баку пячаткі — выява Васілія Кесарыйскага, нябеснага апекуна Манамаха, які таксама меў хроснае імя Васілій. А з другога боку — надпіс на старажытнарускай мове з просьбай аб Божай дапамозе.

Такія пячаткі адносяцца да позьняга пэрыяду ўлады Ўладзіміра Манамаха, пасьля 1113 году. Зь ёй будуць працаваць спэцыялісты, але ўжо можна меркаваць, што яна належыць князю Ўладзіміру Манамаху, бацьку горадзенскай князёўны Агаф’і.

Калі заснавалі Горадню і пра што сьведчыць пячатка

Доўгі час навукоўцы спрачаліся пра дату заснаваньня Горадні. Упершыню горад згадваецца ў летапісах у 1127 годзе. Там гаворыцца пра паход старажытнарускіх князёў на Полацак і ўзгадваецца, што на крывічоў ішоў Усеваладка Давыдавіч з «Городна». У 1116 годзе гэты князь згадваецца ўпершыню. Тады Ўладзімір Манамах аддаў за яго сваю дачку Агаф’ю.

Адны гісторыкі меркавалі, што «Городен» — гэта сучасная Горадня, іншыя — што гэта іншае паселішча.

Андрэй Чарнякевіч
Андрэй Чарнякевіч

«Назвы „Гародня“, „Городен“ вельмі распаўсюджаныя, бо зьвязаныя з умацаваным дзядзінцам або крэпасьцю. Такіх Гародняў, Гарадзень, Гарадзельскаў было вельмі шмат ад Чарнігава да Ноўгарада. У канцы XIX стагодзьдзя гісторыкі былі перакананыя, што зьвестка ў летапісах нашай Горадні ня тычыцца, бо яна занадта далёка ад цывілізацыі, вакол язычнікі-яцьвягі», — кажа гісторык Андрэй Чарнякевіч.

Аднак пасьля знаходак Юзафа Ядкоўскага на горадзенскім Старым замку ў 1930-х гадах гэтыя сумневы адпалі.

«Бо знаходкі на Старым замку былі настолькі неверагодныя і багатыя, што гэта пераканала: у Горадні ў Сярэднявеччы існавала разьвітая культура, яна была ў эпіцэнтры палітычнага жыцьця», — кажа Андрэй Чарнякевіч.

На ягоную думку, пячатка стала канкрэтным матэрыяльным пацьверджаньнем старадаўняга паходжаньня Горадні.

«Гэтая пячатка вельмі канкрэтна зьвязвае эпізод, упісаны ў летапіс, з Горадняй над Нёманам. Гэта магла быць пячатка ад нейкага дакумэнта, якім кіеўскі князь заклікаў горадзенскіх васалаў узяць удзел у паходзе супраць Полацкага княства. Гэта фантазія, але чаму не?», — мяркуе гісторык.

На думку Чарнякевіча, чарговая цікавая знаходка на Новым замку мае стаць нагодай, каб перагледзець ролю і значэньне Новага замка для гораду. Цяпер там не вядзецца маштабных археалягічных дасьледаваньняў. Усе апошнія знаходкі рабіліся, калі перакладалі камунікацыі. Прыкладам, летась каля Новага замка знайшлі падмуркі царквы меркавана XII стагодзьдзя, але зноў іх засыпалі, бо тады не было як іх дасьледаваць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG