Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падземная сьцяна ХІІ стагодзьдзя ў Горадні магла б перавярнуць уяўленьне пра горад, але яе закопваюць


Сьцяну, як мяркуецца, ХІІ стагодзьдзя, знойдзеную археолягамі каля Новага замка ў Горадні, кансэрвуюць — засыпаюць пяском. Раскрываць яе таямніцу пакінуць на будучыню. Свабода разьбіралася, чаму важна адкапаць сьцяну наноў.

Наткнуліся падчас пракладкі цеплатрасы

Мур з плінфы і колатага каменю знайшлі археолягі з Нацыянальнай акадэміі навук два тыдні таму. Яны назіраюць за пракладкай цеплатрасы да Старога замка.

Вачам спэцыялістаў адкрыўся фрагмэнт вугла сьцяны: адзін бок большы за два мэтры, другі — каля аднаго мэтра даўжынёй.

Падрабязна дасьледаваць пакуль ня будуць

Цяпер знаходку кансэрвуюць: накрылі чорным спанбондам і засыпаюць пяском.

Фрагмэнт сьцяны закрылі спанбондам
Фрагмэнт сьцяны закрылі спанбондам

Як расказаў Свабодзе навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Іван Сьпірын, так сьцяна захаваецца і яе проста будзе знайсьці пры наступных раскопках.

Археолягі мяркуюць, што муроўку варта вывучаць, але цяпер на гэта няма фінансаваньня. Ёсьць спадзеў, што дасьледаваньне правядуць падчас асобнай экспэдыцыі, магчыма праз год.

Мур засыплюць пяском, каб не руйнаваўся
Мур засыплюць пяском, каб не руйнаваўся

Царква, умацаваньне гары ці нешта неверагоднае?

Дык што гэта за мур? Першапачатковая вэрсія — Уваскрасенская царква.

Гісторык і археоляг Алесь Краўцэвіч дапускае такі варыянт, але з малой імавернасьцю.

«Сьцяна храма была б у тры разы таўсьцейшая. Я раней знаходзіў развал Уваскрасенскай царквы ў іншым куце замка, бліжэй да драматычнага тэатра. Там былі тоўстыя блёкі», — кажа Свабодзе Краўцэвіч.

На знаходку наткнуліся ў самым канцы траншэі
На знаходку наткнуліся ў самым канцы траншэі

Больш праўдападобная вэрсія, паводле Краўцэвіча, — сьцяна мусіла ўмацаваць схіл Замкавай гары. Знойдзеная плінфа, хутчэй за ўсё, выкарыстаная ўпершыню. Яе, відаць, назапасілі для будаўніцтва праваслаўных цэркваў. Але чамусьці будаўніцтва спынілі: архітэктара забралі ў Кіеў або не хапіла грошай.

Да таго ж камяні ў сьцяне не да канца апрацаваныя: колатыя, але не адшліфаваныя да люстраной паверхні, тлумачыць гісторык.

Трэцяя вэрсія — падмурак драўлянай пабудовы.

Але ўсё гэта толькі дапушчэньні, падкрэсьлівае адмысловец.

«Гэта ня ўпісваецца ў нашыя веды!»

Гісторык Андрэй Чарнякевіч мяркуе, што сэнсацыя ў тым, што аб’ект ня ўпісваецца ў папярэднія веды, а яго вывучэньне зьменіць уяўленьне пра горад.

Новы замак у Горадні
Новы замак у Горадні

«Калі гэта магла быць толькі Ўваскрасенская царква, то не было б так цікава. Калі тут комплекс мураваных аб’ектаў, гэта пераварочвае нашае ўяўленьне пра Горадню», — кажа гісторык.

Падобны фрагмэнт сьцяны з цэглы знайшлі каля дзесяці гадоў таму падчас перакладваньня камунікацый на ўчастку паміж замкамі. Гісторыкі зьвярталі ўвагу археолягаў на знаходку, але яе не зафіксавалі.

Што дало б дасьледаваньне?

Гэтая сьцяна можа даць адказ, адкуль у Горадні быў архітэктурны ўздым, адкуль браліся грошы, якую палітычную ролю адыгрываў горад. Раскопкі — магчымасьць кампэнсаваць недахоп пісьмовых крыніц, якія па гэтым часе фактычна адсутнічаюць, разважае Андрэй Чарнякевіч.

Таямнічая знаходка магла б шмат расказаць
Таямнічая знаходка магла б шмат расказаць

У 1930-я гады адкрыцьцё Ніжняй царквы зрабіла сэнсацыю, пасьля якой Горадню пачалі называць наднёманскай Трояй або Вавелем.

«Горадня зь места зь цьмянай гісторыяй з часоў ВКЛ ператварылася ў цэнтар старажытнай хрысьціянскай цывілізацыі. Магчыма, сьцяна на Новым замку дазволіла б назваць Горадню ўсходнеэўрапейскімі Атэнамі», — кажа гісторык.

Цэркваў таго пэрыяду ў Беларусі знайшлі каля 20

Такія сьцены можна сустрэць у Беларусі вельмі рэдка. Дзейных цэркваў таго пэрыяду ў Беларусі тры: у Полацку і Горадні. Археолягі знайшлі каля 20 цэркваў ХІІ стагодзьдзя: у Полацку, Тураве, Наваградку, Ваўкавыску, Горадні, Менску, Смаленску. Амаль усе на паверхні зямлі не ацалелі.

У ХІІ стагодзьдзі існаваў шэраг школ мураванай архітэктуры: Кіеўская, Чарнігаўская, Уладзіміра-Суздальская, Галіцка-Валынская, Наўгародзкая, Полацкая, Смаленская і Горадзенская. Унікальнасьць апошняй у тым, што яна мае толькі 6-7 помнікаў.

«Адкрыцьцё зробленае з парушэньнем нормаў аховы»

Алесь Краўцэвіч адзначыў, што на тэрыторыі замкаў у Горадні ніякіх будаўнічых работ, тым больш з выкарыстаньнем тэхнікі, ня можа весьціся, пакуль не папрацуюць археолягі.

«Адкрыцьцё зробленае з парушэньнем нормаў аховы. Сьцяну адкрылі экскаватарам. Гэта варварскі падыход», — упэўнены Краўцэвіч.

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч накіраваў зварот у пракуратуру з просьбай правесьці праверку выкананьня земляных работ на тэрыторыі замка.

Раскопвалі экскаватарам

Іван Сьпірын адказаў, што праверку на аб’екце яшчэ чакаюць. Адзначыў, што ў іх «усё ў парадку».

Археоляг патлумачыў, што выкарыстоўваць тэхніку нельга толькі на культурным слоі або археалягічным аб’екце. Тут, кажа, не археалягічныя, а суправаджальныя работы. Зьверху пласт раней ужо капалі. Глыбіня трасы — два мэтры, а таўшчыня культурнага пласту каля 20-40 сантымэтраў.

«Такія рэчы мы капаем экскаватарам. Мы вымушаныя так рабіць», — тлумачыць Іван Сьпірын.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG