Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто і чаму разьбеларушвае спадчыну Вільні. Алег Дзярновіч пра беларускіх «ліцьвіноў» і ўкраінска-літоўскі хаўрус


Гісторык-мэдыявіст і археоляг, кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч у інтэрвію Радыё Свабода расказвае пра сумесныя ўкраінска-літоўскія дасьледаваньні русінскай спадчыны Вільні, падчас якіх амаль цалкам ігнаруецца беларускі фактар і шматвяковая беларуская прысутнасьць у Вільні.

Сьцісла

  • «Русь» — больш архаічны і глыбокі тэрмін, чым «Літва». Гэтыя дзьве традыцыі для нас важныя, але ў найноўшую гісторыю мы ўступілі як беларусы
  • У 2005 годзе ў Вільні знойдзены хрысьціянскія могілкі канца ХІІІ стагодзьдзя, г. зн. старэйшыя за афіцыйную дату заснаваньня гораду Гедзімінам (1323)
  • У Кернаве, абвешчаным літоўскімі гісторыкамі першай сталіцай Літвы, пры раскопках знайшлі хрысьціянскія могілкі
  • Пры дасьледаваньні русінскай спадчыны Вільні ўкраінскія і літоўскія гісторыкі ігнаруюць беларускі фактар
  • Беларускія гісторыкі павінны больш сур’ёзна заняцца вывучэньнем гісторыі Вільні

Беларусы — маладая нацыя, але старажытны народ

— Сёньня мы пагаворым пра ваш артыкул «Каму аддаць Русь (Літоўскую)?», апублікаваны гэтым летам. Там гаворка ідзе, калі так можна сказаць, пра спробы разьбеларушваньня гісторыі і спадчыны Вільні. Кім і чаму — пра гэта пазьней. А спачатку пра спробы разьбеларушваньня нашай гісторыі ўнутры Беларусі. Як вы, як гісторык і археоляг, ставіцеся да заклікаў перайменаваць Беларусь у Літву і да іншых пастулятаў нашых «ліцьвіноў», якія Русьсю называюць выключна Ўкраіну, кажуць, што «рускі» ў Беларусі XVI ст. — гэта праваслаўны і г. д.?

— У мяне ёсьць тут уласная ўнівэрсальная формула, якой можна адказаць і на гэтае пытаньне. Я звычайна кажу, што беларусы — гэта маладая нацыя, але старажытны народ.

Канцэпт беларусаў як нацыі даволі позьні, другой паловы, нават канца ХІХ стагодзьдзя. Але беларусы маюць сваіх гістарычных культурных папярэднікаў. Гэта два сур’ёзныя вялікія гісторыка-культурныя комплексы — Літва і Русь.

Літва — гэта адна з частак нашай гісторыка-культурнай спадчыны. Гэта і тэрыторыя, і дэмаграфія, і летапісная і гістарыяграфічная традыцыя, і моўныя ўплывы. А Русь — гэта яшчэ больш архаічны і глыбокі тэрмін, які ахоплівае ня толькі славянства і славяншчыну — гэта і скандынаўская прысутнасьць, і бізантыйскае культурнае поле. Мы маем у падмурку гэтыя два закладныя камяні — Літву і Русь. І калі паспрабуем выбіць адзін зь іх, то будынак нашай культуры калі не разваліцца, то можа істотна пахіснуцца.

Гэтыя дзьве традыцыі для нас важныя, але ў найноўшую гісторыю мы ўступілі як беларусы. І таму цяпер цяжка разважаць, наколькі эфэктыўнай і карыснай была б зьмена ідэнтычнасьці. Я прапаную такі варыянт разьвязаньня праблемы, пра якую вы кажаце. Мы застаёмся беларусамі, але памятаем, што гістарычна Літва ёсьць важнаю часткаю нашай гістарычна-культурнай спадчыны.

Сэнсацыя, пра якую ў Беларусі мала хто ведае

— А цяпер да Вільні, дзьве траціны насельніцтва якой у XVI ст. складалі беларусы, якія тады называліся русінамі і жылі ў так званым Civitas Ruthenica — Рускім горадзе. Ці актуальныя яшчэ з пункту гледжаньня сучаснай навукі вынікі даваенных археалягічных дасьледаваньняў Вільні, праведзеных беларуска-польскімі археолягамі Аленай і Ўладзімерам Галубовічамі, якія паказалі славянскі характар віленскіх старажытнасьцяў?

— Я сустракаў сучасную крытыку дасьледаваньняў Галубовічаў. Ім закідалі, што яны ангажавана падыходзілі да інтэрпрэтацыі здабытага археалягічнага матэрыялу.

Але вось у 2005 годзе адбылася сапраўдная сэнсацыя. На ўскраіне гэтага Civitas Ruthenica, пра які вы казалі, сучасныя літоўскія археолягі знайшлі хрысьціянскія могілкі. І гэтыя могілкі вельмі старажытныя: другой паловы ХІІІ — першай паловы ХІV стагодзьдзя. Гэта значыць, да Крэўскай уніі, да хрышчэньня паганскай Літвы.

Пахаваньне віленкі канца ХІІІ – пачатку XIV стст. у славянскім галаўным вянцы. Фота Р. Янайціса
Пахаваньне віленкі канца ХІІІ – пачатку XIV стст. у славянскім галаўным вянцы. Фота Р. Янайціса

Ёсьць падставы меркаваць, што гэта пахаваньні людзей усходнехрысьціянскай традыцыі. Гэта азначае, што ўсходнехрысьціянскае насельніцтва ў Вільні прысутнічала ад самых пачаткаў існаваньня гэтага месца як гораду, як паселішча раньнегарадзкога тыпу.

— Удакладнім, што гаворка ідзе пра часы да Гедзіміна, да афіцыйнай даты заснаваньня Вільні?

— Так, безумоўна. Там ёсьць вельмі рэальныя археалягічныя знакі, якія дазваляюць датаваць гэтыя пахаваньні. І вось што яшчэ цікава — яны масавыя і існавалі доўгі час, бо пахаваньні там маюць некалькі пластоў — адно над другім. Гэта значыць, што могілкі выкарыстоўваліся рацыянальна — над старым пахаваньнем клалі новага нябожчыка.

Хто былі гэтыя людзі? Ці гэта былі ўсходнія славяне, русіны, ці славянізаваныя, рутэнізаваныя балты — так проста адказаць на гэтае пытаньне нельга, але, прынамсі, мы можам сьцьвярджаць, што ад самых пачаткаў Вільні там існавала усходнехрысьціянскае славянскае насельніцтва і гэта было яшчэ ў паганскія часы, да таго, як Гедзімін перанёс сваю рэзыдэнцыю ў Вільню.

Вільня ў пачатку XV ст. (паводле Р. Янайціса). А – Верхні замак на гары Гедзіміна. В – нямецкі квартал. С – квартал балцкага насельніцтва. D – Civitas Rutenica, кварталы русінаў (беларусаў). Русінскія цэрквы: 1 – Прачысьценская царква; 2 – Царква Сьвятога Мікалая; 3 – Пятніцкая царква; 4 – Царква Сьв. Ільлі; 5 – Царква Раства Хрыстова; 6 – Царква Сьв. Кацярыны; 7 – Царква Сьв. Казьмы і Дзям'яна; 8 – Царква Сьв. Пятра і Паўла; 9 – Траецкая царква; 10 – Царква Сьв. Міхаіла Арханёла; 11 – Царква Яна Багаслова; 12 – Царква Сьв. Мікалая; 13 – Пакроўская царква; 14 – Царква Ўзьнясеньня Гасподняга
Вільня ў пачатку XV ст. (паводле Р. Янайціса). А – Верхні замак на гары Гедзіміна. В – нямецкі квартал. С – квартал балцкага насельніцтва. D – Civitas Rutenica, кварталы русінаў (беларусаў). Русінскія цэрквы: 1 – Прачысьценская царква; 2 – Царква Сьвятога Мікалая; 3 – Пятніцкая царква; 4 – Царква Сьв. Ільлі; 5 – Царква Раства Хрыстова; 6 – Царква Сьв. Кацярыны; 7 – Царква Сьв. Казьмы і Дзям'яна; 8 – Царква Сьв. Пятра і Паўла; 9 – Траецкая царква; 10 – Царква Сьв. Міхаіла Арханёла; 11 – Царква Яна Багаслова; 12 – Царква Сьв. Мікалая; 13 – Пакроўская царква; 14 – Царква Ўзьнясеньня Гасподняга

Гэта таксама азначае, што Вільня была поліэтнічным (прынамсі біэтнічным) і шматканфэсійным местам ад самага пачатку свайго існаваньня. Таму можна сьцьвярджаць, што Вільня безумоўна належыць некалькім народам, яна ніколі не была гамагеннай і монаэтнічнай.

— Ці апублікаваныя вынікі гэтых дасьледаваньняў літоўскіх археолягаў?

— Яны апублікаваныя ў шэрагах артыкулаў, і ёсьць нават абароненая дысэртацыя на гэтую тэму, маю на ўвазе працу Рыціса Ёнайціса. Але апублікавана гэта ўсё ў вузкаспэцыяльных выданьнях, недаступных шырокаму чытачу.

Наогул, з публікаваньнем гэтых і падобных матэрыялаў ёсьць пэўныя праблемы ў сэнсе даступнасьці шырокаму колу чытачоў.

Сэнсацыйныя вынікі раскопак у першай сталіцы Літвы

— Як далёка ўглыб этнічнай Літвы заходзіла дыфузная зона сужыцьця славян і балтаў у X-XII ст. ст.? Я, напрыклад, чытаў, што літоўцы цяпер актыўна капаюць горад Кернаў, абвешчаны старажытнай сталіцай Літвы, і палова тамтэйшых старажытнасьцяў мае славянскі (крывіцкі) характар?

— Мой шлях па дарозе, калі можна так сказаць, балта-славянскіх кантактаў пачаўся з Крэва. Калі я пачаў капаць Крэўскае гарадзічша, то быў зьдзіўлены, што матэрыяльная культуры крэўскага гарадзічша, старажытнага Крэва, яшчэ да пабудовы замку, цалкам карэлюецца з культурай гарадоў усходняй Эўропы ці Кіеўскай Русі — каму які тэрмін падабаецца. Ужо пасьля побач з гэтым гарадзішчам Ягайла фундаваў касьцёл для хросту паганскага насельніцтва.

Ну добра, Крэва — гэта цэнтар Усходняй Літвы. Але мы можам перамясьціцца ў самае ядро, туды, куды прапанавалі вы — у Кернаў. Гэта вельмі значны, сур’ёзны асяродак, сур’ёзны цэнтар — там пяць гарадзішчаў, некалькі селішчаў і цэлыя масівы могілак. І вось сапраўды літоўскія археолягі, яшчэ ад Аляксея Лухтана (Аляксеюса Лухтанаса) былі зьдзіўленыя, калі знайшлі велізарны масіў хрысьціянскіх могілак канца ХІІІ — пачатку ХІV стагодзьдзя.

Як гэта вызначаецца? Найперш — трупапакладаньнем, а не трупаспаленьнем, якое было характэрна для балтаў-паганцаў. Гэта таксама мінімальны пахвальны інвэнтар і наяўнасьць крыжыкаў. Шмат у якіх магілах былі нацельныя крыжыкі — гэта, фактычна, адзіны інвэнтар, які там знаходзіўся.

Алег Дзярновіч на адным з гарадзішчаў Кернава. Здымак Аляксея Ластоўскага.
Алег Дзярновіч на адным з гарадзішчаў Кернава. Здымак Аляксея Ластоўскага.

Два тыдні таму я вярнуўся з Кернаўскага музэю — гэта археалягічны помнік у сьпісе сусьветнай спадчыны UNESCO. Пра яго багата публікацый, але гэта ўсё артыкулы. І па сёньня мы ня маем манаграфіі па Кернаву. І я магу здагадацца, чаму. Бо калі вы робіце манаграфію, вы павінны даць ацэнку ўсяму комплексу праблем, якія паўстаюць пасьля дасьледаваньня гэтага помніка. І відавочна, што менавіта з этна-культурнай ідэнтыфікацыяй (або інтэрпрэтацыяй) у Кернаве паўстаюць праблемы.

Я хаджу па музэі ў Кернаве і бачу тыпова балцкае пахаваньне каня, а пасьля цэлую вітрыну крыжыкаў. Пры гэтым супрацоўнікі музэю і мае знаёмыя літоўскія гісторыкі мастацтва зь віленскай Акадэміі мастацтва пераконваюць, што гэтыя крыжыкі — чыста дэкаратыўныя элемэнты. Маўляў, паганцы пабачылі гэтыя крыжы, і яны ім так спадабаліся, што сталі масавай зьявай у мясцовага паганскага балцкага насельніцтва...

Крыжыкі з пахаваньняў у Кернаве
Крыжыкі з пахаваньняў у Кернаве

Але вельмі важна, што ў Кернаве былі знойдзены і паганскія балцкія пахаваньні. У старым рэчышчы ракі, на дне ляжалі спаленыя косткі; магчыма, яны іх спальвалі на чаўнах. І гэтыя косткі аднаго часу з хрысьціянскімі пахаваньнямі. Я думаю, што гэтыя назіраньні ў Крэве, Гальшанах, Вільні, Кернаве дазваляюць зрабіць дзьве важныя высновы.

  • Па-першае, гістарычная Літва не была такім дзікунскім краем, насельнікі якога проста жылі ў лясах. Старажытная Літва ад ХІ стагодзьдзя мела калі не гарады, дык паселішчы раньнегарадзкога тыпу. Асабліва гэта заўважаецца на ўзроўні ХІІ і ХІІІ стагодзьдзяў. Гэта фіксуецца археалягічна і часткова ў нямецкіх хроніках.
  • Па-другое, насельнікамі гэтых раньніх гарадоў у значнай ступені былі або ўсходнія славяне, або хрысьціяне ўсходняга абраду. Гэта таксама археалягічны факт.

Гэтыя дзьве важныя высновы дазваляюць нам лягчэй зразумець генэзіс Вялікага Княства Літоўскага. Бо калі мае назіраньні маюць падставу, то славянскія, русінскія тэрыторыі для літоўскіх князёў не былі экзотыкай. Бо гэтыя ўладары ў сваіх цэнтрах, раньніх гарадах мелі славянскае хрысьціянскае насельніцтва.

Дарэчы, калі Міндоўг падышоў да Наваградку, ён мог быць уражаны маштабам гэтага гораду. Наваградак — гэта сапраўды фэномэн у багацьці для Ўсходняй Эўропы таго часу. Таму гэтыя назіраньні, як мне здаецца, вельмі важныя і тлумачаць, чаму даволі лёгка і хутка адбывалася кансалідацыя гэтай тэрыторыі ў рамках Вялікага Княства Літоўскага.

— Давайце яшчэ раз удакладнім для чытачоў — крыжыкі ў Кернаве менавіта ўсходнехрысьціянскія?

— Так, хутчэй гэта тое, што пазьней назавецца праваслаўем. У той час гэтага тэрміну не было, у сучасным значэньні ён зьявіцца ў XVI-XVIII стагодзьдзях. Але гэтыя крыжыкі сьведчыць менавіта пра прысутнасьць усходнеславянскіх жыхароў, бо, напрыклад, матэрыялы польскія ўжо адрозьніваюцца. Тут даволі лёгка правесьці мяжу паміж полацкімі і мазавецкімі археалягічнымі матэрыяламі — і па кераміцы, і па раманскіх упрыгажэньнях.

У Кернаве мы маем, безумоўна, бізантыйскую традыцыю, якая ў тых дэкаратыўных крыжыках прабіваецца. Таму мы лічым, што тыя артэфакты належалі ўсходнеславянскаму насельніцтву, хрысьціянскаму паводле ўсходняга абраду.

Кернаў
Кернаў

Як літоўцы і ўкраінцы вывучаюць беларускую спадчыну Вільні

— А цяпер пра ваш артыкул «Каму аддаць Русь (Літоўскую)?» Там, сярод іншага, гаворка вядзецца пра тое, што нашы суседзі ўкраінцы таксама ня супраць забраць сабе «рускую» спадчыну Вільні. Цяпер выйшла манаграфія, прысьвечаная базыльянскаму комплексу з царквой Сьвятой Тройцы, дзе да вайны была беларуская гімназія і Віленскі беларускі музэй Івана Луцкевіча. І літоўцы схільныя прызнаць гэты комплекс помнікам украінскай гісторыі Вільні. Наколькі гэтая недарэчнасьць сур’ёзная?

— У мяне цяпер на працоўным стале ляжыць ужо другое выданьне такога сур’ёзнага фаліянту, які называецца «На перехресті культур: Монастир і храм Пресвятої Трійці у Вільнюсі / Kultūrų kryžkelė: Vilniaus Švč. Trejybės šventovė ir vienuolynas». Літаральна нядаўна выйшла першае літоўска-ўкраінскае выданьне, і вось у кастрычніку 2019 году ў Вільні адбылася прэзэнтацыя другога.

Вокладка кнігі «На перехресті культур: Монастир і храм Пресвятої Трійці у Вільнюсі / Kultūrų kryžkelė: Vilniaus Švč. Trejybės šventovė ir vienuolynas»
Вокладка кнігі «На перехресті культур: Монастир і храм Пресвятої Трійці у Вільнюсі / Kultūrų kryžkelė: Vilniaus Švč. Trejybės šventovė ir vienuolynas»

Так атрымалася, што я трапіў на прэзэнтацыю гэтай кнігі ва ўкраінскай амбасадзе ў Вільні. Украінцы запрасілі мяне туды, ужо ведаючы пра згаданы вамі артыкул «Каму аддаць Русь (Літоўскую)?»

Гэта рэальна складаная праблема. У свой час беларуская гістарыяграфія (давайце прызнаем!) ігнаравала ўкраінскі чыньнік. Пры тым, што ў XIII, XIV і XV стагодзьдзях Валынь была багатым і цывілізаваным краем. Даволі шмат пісараў з Валыні служыла ў вялікакняскай канцылярыі. Яшчэ нарвэскі лінгвіст Хрысьціян Станг у 20-я гады ХХ стагодзьдя пісаў пра валынска-палескі ўплыў на канцылярскую мову ВКЛ раньняга пэрыяду. Але, як ён пісаў далей, за часы вялікага князя Казімера (1440-1492) у мове канцылярыі ВКЛ запанаваў беларуска-полацкі ўплыў.

Так што ўкраінскі чыньнік у гісторыі, гісторыі культуры, гісторыі царквы, у дэмаграфічнай гісторыі ВКЛ, безумоўна, прысутнічаў. І факт, што беларусы мала пра гэта пісалі.

Але вось гэтыя ініцыятывы, пра якія кажаце вы, ужо знаходзяцца на іншым полюсе. У сур’ёзных навуковых кніжках пішацца, што гэта ня ўсё ўкраінскае, але беларускі чыньнік ужо проста ігнаруецца. Пра беларусаў калі там і прыгадваюць, то вельмі фармальна. А так ідзе расповед пра русінскую прысутнасьць у Вільні.

Гэты кірунак дасьледаваньняў, дарэчы — даволі рэзкі крок для літоўскай гістарыяграфіі. Бо ініцыятар гэтага праекту прафэсар Бумблаўскас расказвае, што калі заходзіць у аўдыторыю ў Віленскім унівэрсытэце і пачынае расказваць студэнтам пра Civitas Ruthenica, пра тое, што ня толькі літоўцы жылі ў старажытнай Вільні і што там былі цэлыя кварталы русінскага насельніцтва, то для літоўскіх студэнтаў гэта амаль шок.

Гэта адкрыцьцё і для ўкраінскіх гісторыкаў з Галіччыны.

Таму ні мэтадалягічна, ні эмацыянальна ня можа выклікаць згоды сытуацыя, калі да такіх дыскусій, такога наратыву і да такіх дасьледаваньняў нават фармальна не запрашаюць беларусаў. Калі праект рэалізуецца як літоўска-ўкраінскі, то для вонкавага чытача, які ня вельмі абазнаны ў праблеме, складаецца ўражаньне, што можна ўсю русінскую спадчыну Вільні позьняга Сярэднявечча і раньняга Новага часу аддаць украінцам.

— Украінцаў зразумець можна. А чым кіруюцца літоўцы — няўжо спробай узьвесьці чарговы мур супраць беларускай прысутнасьці ў Вільні? У сваім артыкуле вы нават выкарыстоўваеце тэрмін «анігіляцыя» — поўнае зьнішчэньне бязь сьледу.

— Мне цяжка казаць наконт прычынаў. Так ці іначай адказ будзе няпоўны. Калі вы маеце справу з канкрэтным дасьледчыкам у канкрэтных тэмах, найчасьцей у вас не ўзьнікае супярэчнасьцяў па тых пытаньнях, пра якія мы гаворым. Бо літоўскім дасьледчыкам патрэбныя менскія архівы, беларускім гісторыкам патрэбныя віленскія архівы. Таму мы езьдзім, абмяркоўваем, на прыватным узроўні супрацоўнічаем.

Але ёсьць нейкае агульнае ўтварэньне, якое большае за суму канкрэтных гісторыкаў — гэта нацыянальная гістарыяграфія. І вось у літоўскай гістарыяграфіі выпрацоўваецца пэўны стэрэатып, які ўключае ў сучаснае разуменьні літоўскасьці і літоўцаў практычна ўсю спадчыну Вялікага Княства Літоўскага, за выняткам русінаў.

І што зь імі рабіць, з гэтымі русінамі? Некаторыя пабойваюцца, што беларускія гісторыкі на падставе таго, што будуць паглыблена займацца Вільняй, могуць сфармуляваць культурныя прэтэнзіі. Безумоўна, я кажу не пра тэрытарыяльныя прэтэнзіі, пра гэта гаворка не вядзецца. Як вядома, Беларусь — гэта адна зь нямногіх краінаў Усходняй Эўропы, якая жорстка трымаецца хэльсынскіх прынцыпаў нязьменнасьці межаў.

Прэзэнтацыя выданьня «На перехресті культур: Монастир і храм Пресвятої Трійці у Вільнюсі / Kultūrų kryžkelė: Vilniaus Švč. Trejybės šventovė ir vienuolynas» у Палацы ўладароў у Вільні 20 верасьня 2018 г. Выступаюць кіраўнікі праекту – прафэсар Альфрэдас Бумблаўўскас (Віленскі ўнівэрсытэт) і прарэктар Украніскага Каталіцкага ўнівэрсытэту Ігар Скачаляс
Прэзэнтацыя выданьня «На перехресті культур: Монастир і храм Пресвятої Трійці у Вільнюсі / Kultūrų kryžkelė: Vilniaus Švč. Trejybės šventovė ir vienuolynas» у Палацы ўладароў у Вільні 20 верасьня 2018 г. Выступаюць кіраўнікі праекту – прафэсар Альфрэдас Бумблаўўскас (Віленскі ўнівэрсытэт) і прарэктар Украніскага Каталіцкага ўнівэрсытэту Ігар Скачаляс

Цяпер мы перажываем пэрыяд вельмі актыўнага літоўска-ўкраінскага палітычнага супрацоўніцтва. Літва, чым можа, дапамагае Ўкраіне. Гэта такое куратарства з боку Эўразьвязу, лабіяваньне інтарэсаў Украіны. І вось на фоне гэтага ўзьнікаюць такія кніжныя праекты, пра якія мы гаворым — на дасьледаваньне і наступнае выданьне знаходзяцца грошы.

Вядома, сур’ёзныя дасьледчыкі з абодвух бакоў разумеюць, што безь беларусаў у дасьледаваньнях русінскай або віленскай спадчыны не абысьціся.

Дарэчы прарэктар Украінскага каталіцкага ўнівэрсытэту ў Львове, кіраўнік згаданага праекту з украінскага боку Ігар Скачаляс, калі прачытаў мой артыкул, напісаў мне, што ў гэтым выданьні гаворка не вядзецца пра ўкраінцаў і беларусаў, але пра функцыянаваньне русінскай супольнасьці Вільні на прыкладзе Траецкага манастыра, які пасьля стаў вельмі сур’ёзным базыльянскім асяродкам. Маўляў, мы апісваем функцыянаваньне гэтага асяродка ўсходнехрысьціянскай традыцыі ў Вільні, маючы на ўвазе Вільню як фокус гэтай традыцыі ў ВКЛ. Але зноў жа паўтаруся, што гэта робіцца пры мінімальным уліку беларускага фактару.

Які адказ можа даць Беларусь

— Што рабіць? Як можна процістаяць нявыгаднаму для беларусаў літоўска-ўкраінскаму партнэрству і як захаваць гістарычную праўду пра Вільню і яе беларускую спадчыну? Відавочна, што беларуская гістарычная навука сёньня аслабленая, мякка кажучы, ня самай беларусацэнтрычнай пазыцыяй уладаў, а ў беларускім грамадзтве, калі меркаваць па камэнтарах у інтэрнэце да публікацый гісторыкаў, шмат у каго галава забітая «ліцьвінскімі» мітамі. Нашы «ліцьвіны» аб’ектыўна таксама дапамагаюць разьбеларушваць спадчыну Вільні.

— Важная выснова, якая маецца ў вашым пытаньні, таксама можа абудзіць дыскусію. Бо сучасная беларуская гістарыяграфія, я магу сказаць пра гэта кампэтэнтна, беларусацэнтрычная. Магчыма нават, што сучаснай беларускай гістарыяграфіі трэба пашыраць свой кругагляд, трэба больш сьмела выходзіць на вывучэньне і асэнсаваньне больш глябальных праблем.

Што трэба рабіць беларускім гісторыкам у гэтай сытуацыі? Займацца Вільняй, дасьледаваць, вывучаць. Абсалютна няплённа ісьці на канфлікты. Вільня — гэта ўнікальнае месца, унікальны горад многіх культур і некалькіх канфэсій. Ігнараваць гэтага не выпадае. Я нават думаю, што той, хто паспрабуе ігнараваць або выключыць нейкі чыньнік, урэшце інтэлектуальна прайграе. Так што нам трэба займацца вывучэньнем Вільні.

Рабіць гэта ня так складана, бо шмат якія нашы сюжэты і так завязваюцца на віленскую гісторыю і віленскую традыцыю. А выпрацоўваючы сваю візію Вільні, мы павінны прапаноўваць супрацоўніцтва і ісьці на супрацоўніцтва зь іншымі гістарыяграфіямі. Гэты варыянт паводзін вельмі рэалістычны і пры належным выкананьні будзе вельмі эфэктыўны.

— З вашых адказаў вынікае, што ў Беларусі востра стаіць праблема публікацыі вынікаў апошніх археалягічных дасьледаваньняў літоўцаў.

— Я рыхтую такую публікацыю. Дарэчы, нядаўна я выступіў на Кангрэсе гісторыкаў у Інстытуце гісторыі з гэтай сваёй канцэпцыяй і новымі назіраньнямі пасьля падарожжа ў Вільню і Кернаў. Папярэднія водгукі калег пазытыўныя, вялікай крытыкі я не сустрэў. Так што гэтыя назіраньні і высновы могуць мець далейшую трансьляцыю.

Я рыхтую публікацыю, зьбіраю апошнюю літаратуру па раскопках раньняй Вільні. Больш за тое, я вяду перамовы зь беларускімі калегамі з мэтай утварэньня нефармальнай гісторыка-культурнай ініцыятывы пад назвай «Віленскае таварыства». Мы хочам займацца Вільняй прафэсійна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG